Дзе кормяць, там і дояць

Жывёлаводам Віцебшчыны сёлета грэх скардзіцца на корманарыхтоўшчыкаў
Жывёлаводам Віцебшчыны сёлета грэх скардзіцца на корманарыхтоўшчыкаў: у сярэднім па рэгіёну назапашана 28,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. І якасць іх не параўнаць з мінулагодняй. 

У Аршанскім раёне, напрыклад, сілас і сянаж бяруць толькі з тых траншэй, якія закладваліся не менш чым месяц назад. Да таго ж, перш чым трапіць у кармушку, корм правяраецца ў Віцебскай ветакадэміі, а пасля першапачатковага скармлівання ў жывёлы абавязкова бярэцца аналіз крыві на біяхімію. І толькі пасля гэтых працэдур заатэхнік складае збалансаваны рацыён з сенажу, сіласу і канцэнтратаў.

Таму і пераход на зімова-стойлавы перыяд прайшоў у раёне без асаблівых перападаў. Больш таго, зараз пайшла добрая прыбаўка. У лідарах ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”, дзе сёння дояць ад каровы 17,5 кілаграма малака, а з пачатку года атрымалі больш чым па 5,5 тоны, прыплюсаваўшы да мінулагодняга яшчэ амаль 180 кілаграмаў. І па-ранейшаму няма роўных СВК “Ларынаўка”, дзе  з пачатку года прадуктыўнасць дойнага статку вырасла да 8265 кілаграмаў — на паўтоны больш леташняга.

Па 14,7 кілаграма дояць у гэтыя дні на малочна-таварным комплексе філіяла “Галубічы” ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат”. Уся прадукцыя прадаецца сортам “экстра”. На другім комплексе гаспадаркі, дзе вырошчваюцца быкі, сярэднесутачныя прывагі дасягнулі  840 грамаў. І тут справе дапамагае прадуманае кармленне. Па-першае, сянаж і сілас захоўваюцца ў добрых траншэях. Па-другое, загружае іх спецыяльны адкусвальнік, навешаны на трактар, што да мінімуму зводзіць страты.

Але так працуюць не ўсюды. Намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Аскерку занепакоіў той факт, што некаторыя гаспадаркі на пачатку стойлавага перыяду пачалі недабіраць малака. І на мінулым тыдні на базе Глыбоцкага раёна праведзены абласны семінар-вучоба і калегія Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама па пытаннях зімоўкі жывёлы, дзе дэтальна аналізаваліся першыя вынікі стойлавага ўтрымання статку. Трэба чакаць, што патрэбныя вывады будуць зроблены хутка.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter