Предприятие «Глубокская ПМК мелиоводхоз» планирует перевыполнить план по культуртехническим работам

Дзе былі кусты, пасеялі рапс...

У глыбоцкіх меліяратараў — шэраг праектаў, ёсць новы кіраўнік, ім бы яшчэ тэхнікі дабавіць на аб'екты

Адно з лепшых на Віцебшчыне прадпрыемстваў — ДП «Глыбоцкая ПМК Меліяводгас». У нялёгкія гады перабудовы, калі не ставала фінансавання не толькі на новыя аб'екты, але і на рэканструкцыю старых, у шэрагу раёнаў меліяратыўныя арганізацыі разваліліся. У Глыбоцкім, дзякуючы ў першую чаргу дырэктару Эдуарду Танканогу, яго энергіі, прадпрымальнасці, ПМК у складаных умовах здолела захаваць калектыў, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу арганізацыі, вярнуць да жыцця не толькі тысячы гектараў старых аб'ектаў, але і пабудаваць сотні новых. І нездарма дырэктар ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

У канцы мінулага года Эдуард Танканог, аддаўшы роднай арганізацыі ПМК 17 год, пайшоў на заслужаны адпачынак. Эстафету пераняў малады Аляксандр Палідавец, які пасля Глыбоцкага прафесійнага ліцэя закончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, працаваў вадзіцелем у ПМК на КАМАЗе, потым дыспетчарам, начальнікам транспартнага цэху. Тут працуе і яго бацька Расціслаў.

І хоць дырэктарскі стаж яшчэ невялікі, але, як адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч, з прызначэннем дырэктарам Аляксандра не памыліліся. Маўляў, гэта адзін з лепшых кіраўнікоў раёна: і па арганізацыі вытворчасці, і па актыўнасці ў грамадскім жыцці. За гэта гавораць і справы. Да канца года яшчэ два з паловай месяцы, а ўжо здадзены новы аб'ект у 110 гектараў у СУП «Мярэцкія» — месцы, дзе ўзводзіцца сучасны малочна-таварны комплекс.

Брыгада меліяратараў ДП «Глыбоцкая ПМК Меліяводгас»: Уладзімір Міхалевіч, Павел Саланінка, Аляксандр Міхалевіч, Андрэй Мацулевіч.
 
Акрамя таго, што ўбралі кусты, яшчэ праклалі 34 кіламетры дрэнажу, каб тэхніцы прайсці па забалочаных мясцінах. На гатовым полі ўдзячныя хлебаробы гаспадаркі пасеялі азімы рапс.

Дарэчы, па ўсяму раёну правялі планавыя культуртэхнічныя работы на 590 гектарах: з уборкай кустоў, прамыўкай дрэнажу, падчысткай каналаў. У тым ліку ў СУП «Канстанцінаў Двор» — 164 гектары, СУП «За Радзіму» — 275, СУП «Сельцы» — 151.

Больш таго, справіліся не толькі ў сябе, але ўзялі яшчэ дадатковае звышпланавае заданне на тэрыторыі суседняга Пастаўскага раёна. У КСУП «Дунілавічы-Агра» да канца лістапада гэтага года будзе здадзены аб'ект з правядзеннем культуртэхнічных работ на плошчы 230 гек­тараў, дзе ўкладзена 24 кіламетра дрэнажу, будуць яшчэ два трубапровады.

Да таго ж абкасілі 1086 гектараў каналаў у сваім раёне і 385 — у Пастаўскім. Для гэтага задзейнічалі восем трактароў з касілкамі, а там, куды не даязжала тэхніка, — уручную.

Аляксандр Палідавец добрым словам успамінае свайго папярэдніка, які здолеў стварыць з'яднаны калектыў аднадумцаў.

Аляксандр Палідавец.   
 
Удзячны дырэктару Глыбоцкага прафесійнага каледжа Васілю Любоза, які стварыў ў навучальнай ўстанове спецыяльную групу для навучання прафесіі экскаватаршчыка і машыніста-бульдазерыста. Пераважна сюды ідуць тыя, хто ўжо мае «коркі» трактарыста.

Працуецца няблага. І поспехі ёсць. І планы перавыконваюцца. Аднак Аляксандр Палідавец зазначае, што можна было б зрабіць яшчэ больш, калі б не змаганне на аб'ектах з кустамі, карчамі, закінутымі сядзібамі, старымі садамі на хутарах.

— Не ўяўляеце, колькі сіл і часу даводзіцца траціць на гэта! А маглі б займацца замест гэтага каналамі, дрэнажнымі работамі.

— А хіба самі гаспадаркі не могуць падмагнуць — узяць на сябе хаця б частку гэтых кустоў?

— Кустоў — не, а ўзараць поле — так, дапамагаюць. Тыя ж упамянутыя «Канстанцінаў Двор», «Мярэцкія», «За Радзіму» абворваюць на нашых аб'ектах падрыхтаваныя землі, бо ў нас няма такіх плугоў. Заключаем з імі на гэту работу дамовы.

 Узгадваю яму, што ёсць у вобласці гаспадаркі, у якіх створаны невялікія міні-атрады па навядзенню парадку на зямлі. Напрыклад, вядомая Віцебская бройлерная птушкафабрыка акультурвае землі ў Віцебскім раёне, пашырае контурнасць палёў. Гэта ў першую чаргу для таго, каб больш эфектыўна выкарыстоўвалася вы­сока­энергетычная тэхніка, а не круцілася без асаблівай аддачы, палячы гаручае на пятачках па 5—10 гектараў.

Ну вядома, у прадпрыемства, якое мае свой перапрацоўчы цэх, камбікормавы завод, кафэ, ёсць сродкі і на меліяратыўнае звяно.

Ёсць і іншыя прыклады. У суседнім Докшыцкім раёне год так пятнаццаць назад на той час дырэктар Докшыцкага райаграсэрвісу Мікалай Шульгат стварыў такі ж невялікі меліяратыўны атрад. Закупіў для яго на Коханаўскім заводзе экскаватар. Атрад разбіраў закінутыя сялянскія хутарскія сядзібы, карчаваў старыя сады. А на адным з тых месцаў нават пасадзіў малады сад у 4,5 гектара. За год атрад выдаваў да 100 гектараў акультураных зямель!

Мікалай Шульгат каля пасаджанага ім маладога сада на акультуранай меліяратыўным атрадам райаграсэрвіса зямлі.
 
Захацелася даведацца, а што ж з гэтым атрадам здарылася далей? Патэлефанаваў ў райаграсэрвіс. Трубку падняў намеснік дырэктара, вядомы чалавек ў раёне і вобласці Анатоль Бальшуноў:

— Жыве атрад! — задаволена паведаміў ён. — І экскаватар той жа ў рабоце, хоць яму ўжо за паўтара дзясятка год. Упраўляецца з ім цяпер Пётр Жаваранак: і перабярэ, і падварыць, дзе патрэбна. Апошняе, што зрабілі: старую ферму ў вёсцы Струкі знеслі, фундамент закапалі. Гектараў дваццаць зямлі акультурылі толькі там...

Пры гэтай інфармацыі і ў дырэктара ДП «Глыбоцкая ПМК Меліяводгас» вочы загарэліся. Відаць, прыкідваў, хто з кіраў­нікоў сельгаспрадпрыемстваў згодзіц­ца на такую «авантуру».

Пасля паўзы загаварыў:

— Меліяратыўныя атрады ў сельгаспа­дарках — добрая ідэя. У нас да таго ж шмат старой тэхнікі. Дрэнажнаму многакаўшоваму экскаватару ЭТЦ-202 па ўкладцы дрэнажу звыш 30 год. Ужо і запчасткі для яго цяжка знайсці. Падладжваем як можам. Сёлета атрымалі новы экскаватар ЭО-3223, бульдозер «Шантуй», цягач МАЗ для перавозкі магутнай тэхнікі, трактар МТЗ-82, прычэп ПЛ-9 з маніпулятарам для перавозкі дроў. Але гэтага недастаткова. Нам бы яшчэ хаця б тры экскаватары і пару аўтобусаў для дастаўкі людзей на аб'екты... Абмяркоўваем праекты ўжо на наступны год па рабоце на зямлі: у сельгаспрадпрыемствах «Яблынька», «Канстанцінаў Двор» і іншых. Будзем працаваць і радаваць хлебаробаў!

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter