Дзівосы ізумруднага горада

Мсціслаў — гэта нашы Іерусалім, Галівуд і Крым Тутэйшымі мясцінамі захапляўся сам Уладзімір Караткевіч. Мсціслаў ён называў ізумрудным горадам — пісьменніка ўразіла мноства зеляніны, у якой патанае мястэчка ўлетку. У маі краявід глядзіцца бэзавым, а ўзвышшы старажытнага паселішча нагадваюць крымскія пагоркі — са званіцамі храмаў, падобнымі да вежаў замкаў, з пакручастымі серпанцінамі, якія на самай справе не турысцкія сцежкі, а звычайныя вуліцы. Звычайныя?! Здаецца, тут можна ўжо сёння адкрываць філіялы Галівуда і “Масфільма”: няма лепшай пляцоўкі для здымак кіно пра мінулыя стагоддзі. Як, бадай, не знойдзецца на многія кіламетры адсюль свяцейшай мясціны, чым размешчаны за дзесяць хвілін язды ад райцэнтра Пустынкаўскі манастыр.

Аазіс у Пустынках


Кажуць, звон з Пустынак, што збіраў вернікаў на малітву, некалі даносіўся да Мсціслава і суседняга, цяпер расійскага райцэнтра Манастыршчына. У гэтым краі “гарады” манахаў у даўнія часы не былі дзівам. Мабыць, калі б не змаганне з рэлігіяй, тут ужо даўно быў бы міжнародны цэнтр паломніцтва, мясцовы Іерусалім.
Але Пустынкі пачалі адраджацца позна, толькі ў 2003 годзе. Да таго часу тут была сапраўды пустыня — ніводнай жывой душы. Руіны храмаў зарасталі бур’яном, і толькі няўрымслівыя краязнаўцы ўпотай вадзілі сюды экскурсіі. На руіны — з рызыкай для жыцця.
Да сённяшняга дня чакаюць рэстаўрацыі сцены дзвюх цэркваў, замест купалоў і крыжоў увянчаныя маладымі дрэўцамі: помнікі архітэктуры і дамы Божыя знаходзяцца ў катастрафічным стане. У мінулым стагоддзі, пасля таго як манахаў выгналі з іх манастыра і храмаў, тут нейкі час праводзілі свае рэпетыцыі вайскоўцы: інсцэніравалі ў старажытных будынках пажары, выбухі. А над святой крыніцай адзін мясцовы начальнік, сведчаць мсціслаўцы, зрабіў лазню і вадзіў на “курорт” каханак, пакуль “цэнтр распусты” не знішчыла жонка чыноўніка: даведаўшыся пра мужавы здрады, яна падпаліла купальню. Так быў пастаўлены крыж на д’ябальскіх скоках...
Святое месца не павінна быць пустым. Але чаму тады Пустынкі? Паводле легенды, тут і праўда была глуш, пустынь. Менавіта сюды ў далёкім XIV стагоддзі святары параілі прыйсці аслепламу мсціслаўскаму валадару Сямёну Лугвену, сыну вялікага князя літоўскага Альгерда. Прамыўшы вочы гаючай вадой з крыніцы, князь зноў убачыў свет ва ўсёй красе. Вернікі палічылі гэта за цуд Божы — і заснавалі тут манастыр.
У наш час навукоўцы высветлілі, што ў пустынкаўскай вадзе ўтрымліваецца серабро, якое мае антыбактэрыяльнае ўздзеянне на арганізм чалавека. Так цуд атрымаў навуковае пацвярджэнне.
Але некаторыя з дзівосных здарэнняў у манастыры дагэтуль не маюць рацыянальнага тлумачэння. Леанід, “рабочы на послуху”, як ён прадставіўся, прыехаў сюды з Горак і ўжо пяць год працуе на аднаўленні манастыра. Акурат у тым доме, які рабочы цяпер рэстаўруе, у 2003 годзе заначавалі першыя манахі пасля таго, як прыйшлі ў Пустынкі праз дзесяцігоддзі занядбання святыні. Дом стаяў без даху, але, набраўшы сена, якое замяніла пасцель, госці спакойна правялі ноч. А ўранку ў пакоі, дзе спыніліся паслушнікі, на сцяне праявілася аблічча Хрыста. Лік Ісуса з кожным днём станавіўся ўсё больш выразным...
— У 2004 годзе, калі мы пачалі рамантаваць будынак, я паклаў на печ сушыцца дошкі і забыў іх зняць,— згадвае Леанід. — Калі вярнуўся, з памяшкання валіў дым, а сцены ўчарнелі. І толькі лік Хрыста застаўся некрануты гарам.
Цяпер цудатворны вобраз знаходзіцца пад шклом. Падымаюцца з руін сцены манастыра, — справа рук людзей. Вежа-званіца тутэйшага Іерусаліма відаць здалёк: белая, увянчаная васьміканцовым крыжам, яна — як маяк для падарожнікаў.

“Арыштаваныя” анёлы


Як заходнебеларускія Слонім з Жыровічамі славяцца не толькі праваслаўнымі храмамі, але і касцёламі, так і Мсціслаў з Пустынкамі могуць стаць цэнтрам хрысціянскага экуменізму — але ўжо для усходу краіны.
Мсціслаўскі касцёл Успення Найсвяцейшай Панны Марыі пабудавалі ў XVIII стагоддзі каля Замкавай гары айцы кармеліты — члены каталіцкага манаскага ордэна. Пра гэта сведчыць надпіс на фасадзе, захаваны да нашых дзён. На жаль, унутры храм выглядае намнога горш, чым звонку.
Валянціна Цімашкова, старшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-археалагічнага музея, кажа, што з 30-х гадоў ХХ стагоддзя ў касцёле захоўвалі гародніну, салілі агуркі. Барочнае аздабленне інтэр’ера было значна пашкоджана.
— Усё, што ўдалося ўратаваць, — фігура Хрыста, — Валянціна Рыгораўна паказвае скульптуру работы ананімнага разьбяра, якая цяпер адзін з найбольш цікавых экспанатаў мсціслаўскай кунсткамеры. — Драўлянага Ісуса бязбожнікі скінулі з алтара ў падзамкавы роў. Неабыякавыя жыхары прынеслі скульптуру ў музей. Так шэдэўр народнага мастацтва захаваўся да нашых дзён.
На жаль, рэстаўрацыя касцёла, пачатая ў канцы ХХ стагоддзя, так і не скончылася — пакуль работы “замарожаны”. Айцец Роберт Маціеўскі, настаяцель храма, адчыніў яго па просьбе “Народнай газеты”, хаця ўжо многа год сюды ніхто не заходзіць: і цёмна, і небяспечна. На падлозе ляжаць “забытыя” рэстаўратарамі інструменты. Ацалелыя фігуры анёлаў з-за рыштаванняў, як з-за кратаў, сумнымі вачамі пазіраюць, як мёртвая цішыня забівае ўсё жывое ў адным з самых старажытных цэнтраў духоўнасці Мсціслава...
Айцец Роберт мае невялікую парафію: прыхаджан у касцёле ўсяго два дзесяткі чалавек. Моляцца ў колішняй закрыстыі, дзе раней ксяндзы трымалі начынне і пераапраналіся.


“Эсэмэска” на бяросце


Яшчэ больш незайздросны лёс касцёла Святога Міхала-арханёла, адну з адноўленых веж якога відаць з боку кармеліцкага храма. Другая вежа так і не была адбудавана. А ўваход у святыню закладзены сілікатнымі блокамі. На гэты “пейзаж” паглядае Пётр Мсціславец — першая ў гора-дзе скульптура паплечніка рускага першадрукара Івана Фёдарава ўсталявана прама перад фасадам езуіцкага касцёла. Насупраць пустуе яшчэ адзін старажытны будынак — былога павятовага вучылішча.
Што думаюць пра гэта мясцовыя ўлады? Старшыня Мсціслаўскага раённага выканаўчага камітэта Васіль Віцюноў мяркуе, што ў рэгіёне многа культурных багаццяў, але іх уласнікі яшчэ не навучыліся належным чынам прэзентаваць спадчыну.
— Можа, людзі пачуваюцца няўпэўнена, баяцца выказаць свае прапановы? — разважае Васіль Уладзіміравіч. — Я думаю, трэба смялей ставіць праблемы, шукаць крыніцы здабывання сродкаў на развіццё турызму, рабіць усе магчымыя спробы папулярызацыі нашага раёна ў краіне і за мяжой.
Між тым у раённым музеі цяжка знайсці незанятага экскурсавода. Адразу некалькі груп турыстаў слухаюць расказы пра тое, якія дарагія аздобы заказвалі мсціслаўчанкі ў сярэднявеччы аж з арабскіх краін, якія запіскі пасылалі ў тую эпоху людзі адно аднаму на бяросце (адна з такіх “тэлеграм”, рэдкіх увогуле знаходак, выяўлена ў час раскопак на замку).
Гонар музея — шлемы рускага і нямецкага воінаў XV—XVI стагоддзяў, такіх няма больш нідзе ў рэспубліцы. За рарытэты калекцыянеры гатовы заплаціць дзесяткі тысяч долараў!


З “Лондана” ў “Парыж” за пяць хвілін


На ціхіх вулках Мсціслава, амаль цалкам забудаваных дарэвалюцыйнымі будынкамі, апрача касцёлаў узвышаюцца некалькі цэркваў, чые вежы “абганяе” ў імкненні ўвысь яшчэ адна архітэктурная дамінанта — пажарная каланча з чырвонай і чорнай (!) цэглы. Лёгка ўявіць, як некалі тут адкрыецца кавярня ў стылі рэтра: з каскамі пажарных у інтэр’еры і гастранамічным агеньчыкам у меню, напрыклад, толькі тут можна будзе пакаштаваць самыя гарачыя, самыя вострыя стравы.
Цалкам верагодна, што і насельніцтва Мсціслава ў параўнанні з колькасцю турыстаў стане зусім непрыкметным. Людзей і так мала: можна падумаць, яны тут з’яўляюцца, як акцёры кіно — на рэпетыцыі перад галоўнымі здымкамі карціны. Вось выйшла жанчына з цырульні “Парыж” — у даўнейшыя часы ў будынку размяшчаўся аднайменны гатэль. З новай прычоскай яна пакрочыла да ярка-чырвонага цаглянага будынка — былой гасцініцы “Лондан”. Гэты маршрут тут нікога не здзіўляе. А для падарожніка гучыць як неперакладальная гульня слоў мясцовых тубыльцаў, пакуль тыя не патлумачаць што да чаго.
Яркія ўражанні ад аўтэнтычнай старасвеччыны прыемна асэнсоўваць, спусціўшыся па адной з серпацінавых вулак да Кагальнай крыніцы. Тут, ля падножжа Замкавай гары, калісьці браў ваду ўвесь горад. Вакол горада, дарэчы, б’е з-пад зямлі не адзін “фантан” з гаючай вадой. Прыедзьце ды пакаштуйце! Магчыма, і вам, як некалі князю Сямёну Лугвену, пашанцуе на цуд.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter