Масквічка Ніна Дзябольская ўражана сугучнасцю беларускай паэзіі з французскай
Сёлетні месяц студзень быў сцюдзёным для маскоўскага Дамадзедава, а ў Мінску я ў чарговы раз адчуў цеплыню, ветласць і прыязнасць ад новай сустрэчы з вернай сяброўкай нашай літаратуры Нінай Дзябольскай. Яна зноў наведала Беларусь, каб закончыць падрыхтоўку да выдання незвычайнай анталогіі: там сабраны сотні вершаў нашых паэтаў розных пакаленняў у яе перакладах на французскую мову. А зацікаўленасць яе беларускім паэтычным словам пачалася гадоў дваццаць таму. І падсвечваецца любоў да Беларусі вельмі цікавым фактам. Узгадайце сябра Максіма Багдановіча — Дзіадора Дзябольскага. А вось што піша Ніна Сяргееўна: “...Мой дзядзька Дзіадор Дзябольскі — сябар Максіма па Яраслаўлі — вёў і вядзе мяне па жыцці, прывёў у музей М. Багдановіча і да перакладаў... Пад час працы адкрываю для сябе новы, дзівосна цэласны свет духоўна блізкіх мне людзей... А галоўнае, мяне проста ўражвае сугучнасць беларускай паэзіі з французскай”.
I вось вынік натхнёнай дзеі Ніны Дзябольскай: на французскую мову перакладзена некалькі дзясяткаў вершаў Максіма Багдановіча (у падзяку класіку за пераклады французскіх паэтаў), а таксама паэтычныя творы Р. Барадуліна, Н. Мацяш, В. Коўтун, А. Разанава, В. Жуковіча — усяго больш як дваццаці паэтаў з Беларусі. Сваю захопленасць перакладчыца тлумачыць так: “Беларуская мова, па маіх адчуваннях, у чымсьці больш тонкая і выяўленчая, чым руская, і валодае нейкім асаблівым шармам, што дадае большай даступнасці для паэтычнага перакладу”.
Ніна Сяргееўна ўдзячна за дапамогу ў вытлумачэнні паэтычных вобразаў масквічу і нашаму земляку Івану Цярэнцьевічу Бурсаву, вядомаму паэту і слыннаму перакладчыку. Сама ж яна нарадзілася ў Маскве ў чэрвені 37-га, закончыла Інстытут замежных моваў, атрымала і мастацкую адукацыю. Працавала выкладчыкам, перакладчыкам. Піша вершы на рускай і французскай мовах.
Каб аддзячыць Ніне Сяргееўне за яе рэпрэзентацыю Беларусі ў свеце, я ўзяўся перакладаць яе вершы на мову Багдановіча. Прапаную адзін з твораў са спадзевам, што сябры Дзябольскай з часам выдадуць яе кнігу вершаў і ў Мінску.
У Полацку
I кветкі тут, нібы ў Расіі,
Такія ж вокны, гамана.
У скверах бюсты папрасілі
Сказаць, дзе мудрасць, дзе мана.
Крок нетаропкі, з ласкай слова,
3 пяшчотнай думнасцю пагляд...
...А з мрояў сябрука былога
Ляцяць іскрынкі ў даўні сад.
Сяргей Панізьнік
Неабходнае пасляслоўе.
Бываюць жа супадзенні: пакуль рыхтаваўся да друку артыкул пра Ніну Дзябольскую, прынесены Сяргеем Панізьнікам, на рэдакцыйны стол лёг вершаваны зборнік самога паэта “На ўсе вякі…” і кампактны дыск “Арэлі: Сяргей Панізьнік у вершах і песнях”. У дыск, падрыхтаваны студыяй “P.L.A.N.”, між іншымі, увайшоў гімн “Дом дружбы” (музыка Эдуарда Зарыцкага, выкананне Якава Навуменкі) і “Вясельны марш для маладых” (выконвае капэла з вёскі Лінава Мёрскага раёна). Зборнік вершаў — рэдкі выпадак! — трохмоўны. У першых чатырох раздзелах (“На трэцяй планеце ад сонца”, “Млечны шлях”, “Пры свячэнні”, “Золкая зёлка”) творы змешчаны ў арыгінальным, беларускім гучанні. Далей ідуць англамоўныя пераклады амерыканца Дагмага Т. Уолката і мінчанкі Алены Таболіч. А ў заключнай частцы мы сустракаемся з масквічкай Нінай Дзябольскай, якая пераклала на французскую мову вершы самога Сяргея Панізьніка.
У тэматыцы зборніка знайшлі шырокае адлюстраванне плённыя кантакты з літаратарамі і літаратурамі іншых краін. “Сяргей Панізьнік, — піша ў прадмове да кнігі паэт і крытык Міхась Скобла, — аднолькава жаданы госць у Празе, Рызе, Вільні, Львове… Пералік замежных сталіц і гарадоў можна было працягваць: беларускі паэт нястомна ўмацоўвае культурныя повязі з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Рэдкі выпадак — ён адначасова з’яўляецца старшынёй Таварыства Беларусь — Латвія і намеснікам старшыні Таварыства Беларусь — Чэхія”.
Адам Мальдзіс
“Дзівосна цэласны свет духоўна блізкіх мне людзей...”
Масквічка Ніна Дзябольская ўражана сугучнасцю беларускай паэзіі з французскайСёлетні месяц студзень быў сцюдзёным для маскоўскага Дамадзедава, а ў Мінску я ў чарговы раз адчуў цеплыню, ветласць і прыязнасць ад новай сустрэчы з вернай сяброўкай нашай літаратуры Нінай Дзябольскай. Яна зноў наведала Беларусь, каб закончыць падрыхтоўку да выдання незвычайнай анталогіі: там сабраны сотні вершаў нашых паэтаў розных пакаленняў у яе перакладах на французскую мову. А зацікаўленасць яе беларускім паэтычным словам пачалася гадоў дваццаць таму. І падсвечваецца любоў да Беларусі вельмі цікавым фактам. Узгадайце сябра Максіма Багдановіча — Дзіадора Дзябольскага. А вось што піша Ніна Сяргееўна: “...Мой дзядзька Дзіадор Дзябольскі — сябар Максіма па Яраслаўлі — вёў і вядзе мяне па жыцці, прывёў у музей М. Багдановіча і да перакладаў... Пад час працы адкрываю для сябе новы, дзівосна цэласны свет духоўна блізкіх мне людзей... А галоўнае, мяне проста ўражвае сугучнасць беларускай паэзіі з французскай”.