Дзіва пад мікраскопам

Майстар Уладзімір Аніскін даўно пераплюнуў легендарнага Ляўшу

Майстар Уладзімір Аніскін даўно пераплюнуў легендарнага Ляўшу

Выстава мікрамініяцюр «Дзіва пад мікраскопам» адкрыецца 29 лістапада ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Дом-музей I з’езда РСДРП». Экспазіцыю склалі працы вядомага расійскага майстра Уладзіміра Аніскіна.

Ён нарадзіўся ў Новасібірску. Скончыў тэхнічны ўніверсітэт. Кандыдат фізіка-матэматычных навук. Мікрамініяцюрай займаецца з 1998 года ў вольны ад працы час. І, можна смела сказаць, даўно пераплюнуў легендарнага Ляўшу. Дарэчы, адной з першых прац Уладзіміра Аніскіна стаў тэкст на зрэзе рысавага зярнятка, дзе ён размясціў у 22 радкі 2027 літар — фрагмент са знакамітага аповеда Мікалая Ляскова «Сказ о тульском Левше и о стальной блохе».

Сучасны майстар аказаўся здольным не толькі набіць цвічкамі на блышыныя лапкі падкоўкі, што ў шэсць мільёнаў разоў драбней за падковы каня, але і правесці праз вушка іголкі цэлы караван вярблюдаў, вышыня якіх 100 мкм (0,1 мм).

Як усё гэта робіцца? Уручную. Пад бінакулярным мікраскопам з лінейным павелічэннем да 100 разоў. Плюс два самаробных станочкі: такарны і заточны, кожны змяшчаецца на далоні. Інструмент майстар прыдумвае і вырабляе сам. Трымае яго ў час працы пальцамі. Адзінае, што перашкаджае працэсу, прызнаецца Уладзімір Аніскін, — біццё сэрца, таму асабліва тонкую працу даводзіцца рабіць паміж яго ўдарамі.

На адзін твор ідзе ад аднаго тыдня да паўгода. Па словах майстра, самыя «простыя» (у тым сэнсе, што на іх выраб спатрэбілася няшмат часу) — надпіс на воласе і шахматныя фігуркі на макавым зярнятку. Даўжэй за ўсё рабіў шахматны столік — паўгода, бо атрымалася толькі з трэцяга разу: два столікі былі паламаныя. Надпіс на рысавым зярнятку заняў тры месяцы працы, тыя самыя вярблюды — два, гэтак жа як і вярблюды, змешчаныя ў конскі волас. Але, удакладняе Уладзімір Аніскін, гэта час толькі вырабу твора, без уліку часу адпрацоўкі тэхналогіі і вырабу інструмента, што займае некалькі гадоў. Так, напрыклад, шэсць гадоў спатрэбілася, каб змясціць пяшчотную ружу, сабраную з часцінак пылу, унутр воласа, адпаліраванага звонку і ўнутры да празрыстасці шкла.

Памер большасці прадстаўленых на выставе філігранных твораў — менш міліметра. Наведвальнікі разглядаюць іх толькі ў мікраскоп.

Выстава мікрамініяцюр «Дзіва пад мікраскопам» праводзіцца музеем сумесна з Міжнароднай гільдыяй майстроў (г. Санкт-Пецярбург).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter