Дзіця ў вадзе — быць гору і бядзе

На Піншчыне 10-гадовая дзяўчынка патанула, ратуючы сяброўку
Трагедыя адбылася, калі дзеці разам з бабуляй і дзядулем загінуўшай адпачывалі ля адтоку Піны. Дзяўчаты гулялі ў вадзе, і раптам адна з іх пачала тануць. Сяброўка кінулася ёй на дапамогу, адштурхнула таварышку на мелкаводдзе, але сама выбрацца не змагла. Чаму дзецям не дапамаглі дарослыя, невядома. Як і тое, навошта яны вырашылі купацца на адным з самых глыбокіх і небяспечных участкаў вадаёма.

У Брэсцкім абласным савеце таварыства выратаванняў на водах паведамілі, што з нядзелі ў рэгіёне патанулі трое дзяцей. «Ва ўсіх выпадках вінаваты дарослыя, — не хавае абурэння Анатоль Сцяпанаў, вядучы спецыяліст Брэсцкай абласной арганізацыі АСВОД. — Напрыклад, у нядзелю на Гарыні хлопчыкі шасці і чатырнаццаці гадоў адпачывалі з бацькамі. Дзеці былі без нагляду, і праз некаторы час меншы з іх паведаміў: брацік патануў».

Яшчэ адзін хлопчык, якому было 12 гадоў, захлынуўся ў кар’еры ля вёскі Мельнікі Маларыцкага раёна, куды таксама прыехаў з бацькамі ў панядзелак.

Усяго ж за мінулыя выхадныя ў краіне вада забрала жыцці 24 чалавек.

У сувязі са спёкай, якую сіноптыкі абяцаюць у бліжэйшыя дні, выратавальнікі просяць бацькоў быць асабліва ўважлівымі. «Калі дзіця ў вадзе, яно ўжо патэнцыяльна ў бядзе», — папярэджвае Анатоль Сцяпанаў.

Дарэчы, днямі супрацоўнікі МНС на сваім сайце прадставілі даволі жорсткі сацыяльны ролік на тэму купання ў нецвярозым стане. Згодна з сюжэтам, як толькі нецвярозы мужчына спрабуе зайсці ў ваду, на пляжы пачынае гучаць пахавальны марш, з’яўляецца вадалаз з вянком, а выратавальнікі падымаюць расцяжку «Вечная памяць нецвярозым купальшчыкам!».

За тры дні сюжэт паглядзелі больш за 266 тысяч чалавек. Вось толькі ці зробяць людзі правільныя вывады?
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter