Дзіўная крапіва

Па свайму «характару» яна, як вядома, надта злосная і пякучая

Па свайму «характару» яна, вядома ўсім, надта злосная і пякучая

У тых людзей, чыё дзяцінства прайшло ў вёсцы, пра гэтую расліну ўспаміны даволі непрыемныя. Што тут гаварыць, пякучка крапіва самая злосная сярод іншага пустазелля. Як жа даставалася ад яе нам, басаногім хлапчукам у нялёгкія пасляваенныя гады. Яна так густа шчацінілася каля плоту, што не ступіш кроку — апячэ ногі. Разрасталася па ўсяму агароду, хоць ты крыкам крычы ад такога нашэсця. Нахабна займала самыя ўтульныя і прыгожыя куточкі ў садзе, і не так проста з-за яе было дабрацца да яблынь, ігруш, сліў. Ну а тую самую маліну дык проста глушыла. Ды што ў садзе? Нават у лесе пакуль нарвеш тае ж маліны, твае ногі і рукі будуць усе ў балючых валдырах.

За нашай вёскай, недалёка ад царквы, жыў бацюшка. Ён меў вялізны сад, куды мы, вясковыя пастухі, часта «ўкрадаліся», калі паслі статак. Спрытна лазілі праз плот, і ў бацюшкі не было з намі ніякай рады. У нас жа да саду быў зусім не пусты інтарэс: з яблыкамі, што тут рвалі, куды смачней елі сухі хлеб. Але ж вось праблема: уздоўж усяго плоту густа расла крапіва, праз якую нам цяжка было прабрацца. Бацюшка не знішчаў яе, і, думаецца, наўмысна — пякучка бараніла яго сад ад нашых набегаў.

Яшчэ і такі мой успамін пра гэтую расліну. Летам кожны дзень, калі я ў самую спякоту прыганяў кароў з поля на даенне, меў нялёгкую работу. Трэба было ісці на агарод, дзе мы садзілі бульбу, і рваць там крапіву… для нашага парсюка. Я добра ведаў гэты свой абавязак, бо маці не мела часу, яна была на калгасных палетках, зарабляла марныя працадні ў выглядзе «палачак» у сваёй працоўнай кніжцы, на якія восенню плацілі нейкія капейкі.

Дык вось, кожны дзень голымі рукамі рваў я гэтую надзіва ўрадлівую крапіву разам з лебядой, малачаем па два-тры кашы, прыносіў у хлеў. Высыпаў зеляніну парсюку, той рохкаў ад задавальнення, апетытна чмокаў і еў, колькі яму хацелася.

Што ж датычыць маіх рук, дык за лета яны так грубелі, так прывыкалі да крапівы, што я ўжо і не адчуваў болю. Дзіўная прывычка, яна захавалася і цяпер. Калі прыязджаю на нашу дачу ў вёску, дык рву маладую крапіву, як і ў дзяцінстве, голымі рукамі. Вось тут прадбачу пытанне некаторых чытачоў. «А што? — мабыць здзівяцца яны. — Няўжо аўтар трымае на сваёй дачы парсюка і адкормлівае яго, як калісьці ў вёсцы, гэтай самай крапівой?»

Ніякага парсюка ў нас няма. А крапіва ідзе нам… да стравы. Мая жонка робіць з яе такую смачную, пажыўную салату, кажу так без ніякага перабольшвання. Мы ўжо даўно на дачы прывыклі, што першыя свежыя вітаміны вясною — гэта крапіва. Яна надзвычай рана вытыркаецца з голай зямлі і расце вельмі хутка. Па замежках, у садзе, сярод маліны рассыпаны сакавітыя, такія свежыя і яркія ад ласкавага сонейка кусцікі. Я рву іх асцярожна, спачатку пячэ мае пальцы, але ж гэта літаральна нейкі момант.

І вось міска напоўнена свежай зелянінай. Жонка пачынае рыхтаваць нашу, як мы называем, фірменную салату. Дробна рэжа крапіву, кладзе яе ў невялікую глыбокую талерку, залівае кіпенем і накрывае.

Потым жонка бярэцца… за дзьмухаўцы, тыя самыя адуванчыкі, якіх у нас па замежках цэлыя разліўныя «плантацыі». Дзьмухаўцы, як і няўрымслівая крапіва, здорава пруць з зямлі ранняй вясною і растуць да восені, так што праблем з «сямейнай» салатай у нас не бывае. Маладыя, такія пяшчотныя лісцікі дзьмухаўца, якіх рву дзве тугія жмені, мыем у вадзе, і таксама дробна рэжам. Праз нейкія пяць—сем хвілін перамешваем іх з крапівой, якая ў кіпені стала мяккай і зусім не пякучай. Як правіла, мо на першы погляд, падазроную страву рыхтуем у вялікай місцы, каб паесці ўдоваль. Тут эканомія зусім не патрэбна, бо крапівы і дзьмухаўцоў на дачы, у канавах, на блізкім лузе неверагоднае мноства.

Запраўляць салату можна смятанай ці сланечнікавым маслам, як каму падабаецца. Жонка загадзя адварвае адно-два яйкі, рэжа іх на кавалачкі і кладзе зверху салаты — і прыгожа, і смачна.

«І што, усё гэта можна есці? — здзіўляюцца мае знаёмыя, калі расказваю пра такую незвычайную страву. — Пякучую крапіву, якая нават не пракіпела, дзікі дзьмухавец, ён жа горкі?» — «Можна, — адказваю. — Мы яе, колькі хочам, смакуем ужо звыш дваццаці гадоў». Ну а як з той самай горыччу ў лісцях дзьмухаўцоў? Я дзесьці чытаў, што французы, напрыклад, каб «вывесці» горыч з лісця, рэкамендуюць класці яго на паўгадзіны ў салёную ваду. Мы з жонкай абсалютна не прымаем такой парады: у смятане ці ў масле горыч змякчаецца, ад яе застаецца прыемны прыўкус, што надае страве асаблівую пікантнасць.

Вось і хачу параіць тым, хто так недаверліва ставіцца да смакавых і пажыўных якасцей крапівы: калі ў вас ёсць дача, паспрабуйце прыгатаваць салату па майму рэцэпту. Я б мог запрасіць вас і на сваю дачу, каб пачаставаць нашай фірменнай стравай. Але ж думаю: крапівы і дзьмухаўцоў хопіць на самую вялікую кампанію, толькі вось як быць з астатнім, без якога ніякае застолле летам у вёсцы не абыходзіцца. Тым больш, калі мы з жонкай выставім гасцям на стале вялізную міску гэтай, у пэўнай меры, экзатычнай ежы…

Дарэчы, аднойчы я расказаў пра салату з крапівы і дзьмухаўцоў свайму добраму знаёмаму, які жыве ў Маскве. Сам ён шчыры беларус, у савецкія часы займаў вельмі высокую і адказную дзяржаўную пасаду, так і застаўся ў расійскай сталіцы. Калі прыязджае ў Мінск, дык снедае ў добрым кафэ, дзе яму ўсе і ўсё знаёма. Неяк па старай дружбе запрасіў і мяне на абед. Якраз было лета, я і пахваліўся сваёй фірменнай стравай. «Няўжо так смачна? — пытаецца госць. — Ды пачастуйце мяне, хаця ніколі ў сваім жыцці такой салаты не спрабаваў».

Просьба высокага госця — закон для гаспадароў. Назаўтра яму падрыхтавалі гэтую самую страву, і калі мы сустрэліся зноў, з яе і пачаў ён гаворку:

— Міхаіл, дык гэта ж проста далікатэс. І смачна, і спажыўна, бо ў салаце адны вітаміны, прычым адразу з лугу. Раскажу знаёмым у Маскве — не павераць. Ну, браце, дзякуй табе, ведаеш, чым напомніць земляку, што ён з Беларусі.

Думаеце, з крапівы можа быць толькі салата? Яе маладыя сцяблінкі і лісцікі кладуць у каструлю, калі вараць капусту — і, калі ласка, адмысловае першае. Надзвычай далікатная на добры густ страва, і гэта з жорсткай пякучай крапівы.

Хочаце — дык і крапіўнае масла атрымаецца. Рэцэпт просты: лісце крапівы і цёрты хрэн прапускаюць праз мясарубку, змешваюць са слівачным маслам. Можна рыхтаваць смачныя і вельмі арыгінальныя бутэрброды, а таксама гэта прыправа да гатовых страў.

А лекавыя ўласцівасці крапівы? Гэта асобная тэма. Скажу толькі, што яна дапамагае пры многіх захворваннях. Народная медыцына на Русі выкарыстоўвала крапіву яшчэ з XVII стагоддзя. Цяпер яна даволі папулярная і ў навуковай медыцыне. У шматлікіх даведніках па збору і нарыхтоўцы лекавых траў крапіве адводзіцца дастойнае месца.

Нездарма сказана, што на зямлі амаль няма раслін, якія б не прыносілі карысць чалавеку. Крапіва ў Беларусі расце паўсюдна, як і ў Расіі, за выключэннем Крайняй Поўначы. І мае сваю адметнасць: як правіла, «селіцца» каля людзей. Там, дзе ёсць сляды чалавечай дзейнасці, абавязкова будзе і крапіва, быццам адчувае наш дух. Ці ж не дзіўна? Нічога не скажаш, мудра распарадзілася прырода — шчодра дорыць нам тое, што патрэбна ў жыцці. Так, у «характары» крапівы многа супярэчнасцей: яна і злоснае пустазелле, і добры лекар, і «пастаўшчык» на наш стол смачных страў — але ж гэта і цікава…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter