Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Купалаўскім музеі адкрылася выстава “Два Яны. Сустрэча ў Мінску”, прысвечаная народным паэтам Беларусі ды Латвіі Янку Купалу і Яну Райнісу

Дыялог праз гады

На рабочым стале Янкі Купалы заўсёды знаходзіўся партрэт Яна Райніса. Што яднала паэтаў? Чым яны былі цікавыя адзін аднаму? Для культуры, літаратуры таго часу былі ўласцівыя дэмакратычная барацьба ідэй, мастацкія навацыі, у творчасці многіх пісьменнікаў панаваў дух нацыянальнага адраджэння. Ян Райніс, займаючы высокія дзяржаўныя пасады ў Латвіі, вядомы быў і сваёй вялікай прыхільнасцю да беларускай мовы, як дэпутат Сейму Латвіі адстойваў правы беларускага насельніцтва, падтрымліваў беларускія школы і гімназіі.

Адкрыццё выставы ў Купалаўскім музеі

У знак вялікай удзячнасці латышскаму паэту за ягоны гуманізм Янка Купала запрасіў Яна Райніса прыняць удзел у міжнародным навуковым форуме — Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая праходзіла ў Мінску ў лістападзе 1926 года. Да таго ж у 1924-м Райніс садзейнічаў пастаноўцы камедыі “Паўлінка” ў Нацыянальным тэатры Латвіі. Разам з Райнісам Мінск наведалі дацэнт Латвійскага ўніверсітэта Эрнэстс Блесэ, дырэктар Беларускай гімназіі ў Люцыне Уладзімір Пігулеўскі, рэдактар газеты “Голас Беларуса” Кастусь Езавітаў. Сведкай тагачаснай знакавай сустрэчы апынуўся Вацлаў Ластоўскі, які ў сваіх успамінах згадвае прыезд Яна Райніса на мінскі вакзал, размяшчэнне госця ў гатэлі  “Эўропа”. 

Загадчыца аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Купалаўскага музея Марыя Барткова звяртае ўвагу: Ян Райніс любіў фатаграфавацца. Падчас прыезду ў Мінск ён пабываў у атэлье мастацкай фатаграфіі “Трудколлектив” на вуліцы Савецкай, 73. Здымак невядомага аўтара рыжскаму музею паэта падарыў паэт і перакладчык Язэп Пушча. Беларускія музейшчыкі мяркуюць, што, магчыма, і ў Мінску ў кагосьці захоўваецца падобны здымак. Экспанаты, што дэманструюцца на мінскай выставе, безумоўна, належалі кожнаму з паэтаў асабіста. І ў той жа час яны ствараюць карціну іх даўняй сустрэчы ў так званым “доме пад таполяй”. Вядома, што Ян Райніс падчас канфэрэнцыі гасцяваў у Купалавым доме. Здаецца, паэты ўсяго на хвіліну пакінулі пакой. Вось і стол — серваваны: нібыта за ім пілі яны гарбату ці каву.

Прыцягваюць увагу й асабістыя рэчы паэтаў: халаты, кардыган, шаўковы шалік, капялюш. Між іншым, пра купальны касцюм Яна Райніса кажуць: цяпер такі фасон — адзін з самых брэндавых у Латвіі. Пацверджанне сяброўства паэтаў: кніга Янкі Купалы “Безназоўнае”, уласнай рукой падпісаная паважанаму госцю. Звяртае ўвагу і карціна мастака Мікалая Гусева, напісаная ў 1959 годзе па просьбе “Купаліхі”, Уладзіславы Францаўны Луцэвіч: Райніс і Купала ў доме беларускага Песняра.

Чаму Ян Райніс так хіліўся да Беларусі? Даследчыкі ведаюць: маці паэта Дарта Пліекшанэ, з роду Грыкоўскіх, мела беларускія родавыя карані. Пахавана ў Віцебску. Навізна выставы ў тым, што яна ў новым святле прадстаўляе Постасці класікаў літаратур, дапамагае глыбей адчуць дух той эпохі. Падкрэслівае важнасць сяброўства: паміж паэтамі ў прыватнасці ды між народамі ўвогуле. Стасункі паміж Янкам Купалам і Янам Райнісам служаць і прыкладам для паглыблення добрасуседскіх стасункаў.

Ян Райніс з беларускімі пісьменнікамі. 1926 г.

Вось такі ўнікальны падарунак зроблены супра­цоў­нікамі Дзяржаўнага літара­турнага музея Янкі Купалы ды іх калегамі з Латвіі вялікаму колу аматараў беларускай культуры й літаратуры. Шырокі розгалас пра мінскую выставу “Два Яны” яшчэ наперадзе, а рыжскім гледачом экспазіцыя ўжо ацэнена высока. Дырэктар Асацыяцыі мемарыяльных музеяў Латвіі Рыта Мэйнэртэ распавяла пра тое, што першая выстава праекта — “Два Яны. Сустрэча ў Рызе, якая не адбылася” — ладзілася ў верасні ў рыжскім Музеі Райніса і Аспазіі. У Мінск, зразумела, прывезена толькі частка экспанатаў з той багатай калекцыі. Калі адкрывалася выстава, то Амбасадар Латвіі ў Беларусі Мартыньш Вірсіс падкрэсліў важнасць рэалізацыі такога праекту ў Беларусі менавіта напярэдадні святкавання 100-годдзя неза­лежнасці Латвіі: юбілей будзе адзначацца 18 лістапада 2018 года. На думку дыпламата, Купалу і Райніса паядноўвае іх ідэалізм, вера ў гуманізм. Гэта якраз тое, што паспрыяла самавызначэнню народа і ўсталяванню незалежнасці краіны. Першая намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах звярнула ўвагу, што на прыкладзе жыцця, творчасці Янкі Купалы і Яна Райніса мы яшчэ раз пераконваемся ў вялікай сіле дыпламатыі слова, і лепш разумеем адказныя ролі тых выбітных асоб, якія здольны “з цэлым народам гутарку весці”. “Літаратурная спадчына, грамадская дзейнасць знакамітых творцаў вучыць новыя пака­ленні тым чалавечым і жыццёвым каштоўнасцям, без якіх збяднее нават самае цывілізаванае грамадства”, — падкрэсліла Алена Стэльмах.

Марыя Ліпень

Голас Радзімы № 44 (3548), чацвер, 23 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter