Дыялог краiн памежжа

У Гродне абмеркавалi пытанні жыцця Беларусi, Польшчы i Расii

У Гродне абмеркавалi пытанні культуры, адукацыі і эканомікі Беларусi, Польшчы i Расii

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Шлях да ўзаемнасці» ўжо ў васямнаццаты раз распачала сваю працу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Па словах яе шматлікіх удзельнікаў — выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, дыпламатаў, святароў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў мясцовай улады, з кожным годам аўтарытэт мерапрыемства ўсё больш узрастае, пашыраецца тэматычная разнастайнасць, вызначаюцца новыя эфектыўныя шляхі рашэння пэўных праблем ва ўзаемаадносінах паміж славянскім светам, выпрацоўваюцца перспектыўныя планы ўзаемадзеяння.

У тым, што аўтарытэтнае мерапрыемства жыве і развіваецца ўжо амаль два дзясяткі гадоў, безумоўна, вялікая заслуга арганізатараў. Гэта Гродненскі аблвыканкам, апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, грамадскае аб’яднанне «Саюз палякаў на Беларусі», Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, ГрДУ імя Янкі Купалы, кафедра беларускай філалогіі ўніверсітэта ў Беластоку.

Больш насычанай становіцца праграма канферэнцыі, расце зацікаўленасць да яе не толькі прафесійных даследчыкаў, але і шырокіх колаў грамадскасці. Пра гэта пераканаўча сведчыць той факт, што сёлета да традыцыйнага канструктыўнага дыялогу Беларусі і Польшчы далучыліся расіяне: секцыя «Славянскае адзінства» ўпершыню распачала сваю працу ў межах канферэнцыі. Варта адзначыць, што ўвогуле ўзяць удзел у ёй вырашылі больш за 30 замежных даследчыкаў.

— Гэта канферэнцыя чарговы раз даказвае, што межаў паміж народамі няма, — падзяліўся меркаваннем намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук. — Сюды запрошаны вядомыя навукоўцы з Польшчы, Беларусі, Расіі. Упэўнены, што адбудзецца цікавы абмен думкамі, пашырыцца таксама супрацоўніцтва ў навуковай, культурнай, эканамічнай і іншых сферах. Разам мы здольныя вырашыць любыя праблемныя пытанні.

Выдатным узорам супрацоўніцтва паміж беларускімі і польскімі даследчыкамі, якое спрыяе лепшаму пазнанню гісторыі і культуры суседніх народаў, дыялогу культур памежжа, узаемнаму ўзбагачэнню, гарманічнаму суіснаванню краін, назваў навуковы форум генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня.

Ян Сычэўскі, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, бачыць галоўнае прызначэнне канферэнцыі ў развянчанні адмоўных стэрэатыпаў, што тычацца ўзаемаадносін польскага і беларускага народаў. Яна павінна спрыяць развіццю навуковай думкі і ўсталяванню добрасуседскіх адносін паміж краінамі.

Уладзімір Барсукоў, прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы звярнуў увагу прысутных на тое, што асаблівая ментальнасць, сфармаваныя стагоддзямі традыцыі, шматвекавая гісторыя адносін з бліжэйшымі суседзямі з’яўляюцца тым рэсурсам, які можна выкарыстоўваць для развіцця асобнай краіны. А сустрэчу вучоных у рамках XVIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Дарога да ўзаемнасці» трэба разглядаць як важны рэсурс для развіцця міждзяржаўных адносін. Бо ў аснове працы ўдзельнікаў канферэнцыі — разважанні пра магчымасці супрацоўніцтва ў самых розных сферах жыцця, а ў выніку — пра патэнцыял славянскай інтэграцыі ў геапалітычнай прасторы Усходняй Еўропы.

Трынаццаць тамоў матэрыялаў канферэнцыі, у якіх сабраны лепшыя артыкулы пра перспектывы развіцця, мінулае і сучаснае, традыцыі, звычаі і мову славянскіх краін-суседак, міжнацыянальную спадчыну, ужо пабачылі свет. Трэба думаць, што чарговы пазнавальны выпуск не прымусіць сябе чакаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter