Дыякан Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: Прыйдзі, Дух Святы!

У мінулую нядзелю Каталіцкі Касцёл адзначаў урачыстасць Спаслання Духа Святога, а па вуліцах Мінска прайшла эўхарыстычная працэсія — засяродзім увагу на гэтых падзеях.

У мінулую нядзелю Каталіцкі Касцёл адзначаў урачыстасць Спаслання Духа Святога, а па вуліцах Мінска прайшла эўхарыстычная працэсія — засяродзім увагу на гэтых падзеях.

Найперш у старажытным хрыс-ціянстве ўзнікла адзначэнне Вялікадня, а ўжо потым з’явіўся перыяд падрыхтоўкі да гэтай урачыстасці — Вялікі пост, а таксама час перажывання велікоднай радасці — Велікодны перыяд. Ён стаў доўжыцца пяцьдзесят дзён і ўспрымаўся ў той час як адналітае працяглае адзначэнне ўрачыстасці Пасхі. З IV стагоддзя пачынае пашырацца імкненне дакладнай перыядызацыі падзей у літургічным календары. У выніку гэтага на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня пачалі адзначаць свята Спаслання Духа Святога або Пяцідзясятніцу. Біблія падае наступнае апісанне гэтага дня: “Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам на адным месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць” (Дзеі апосталаў 2,1—4).

Гэтай урачыстасцю заканчваецца Пасхальны перыяд. Нагадаем, што кожны католік абавязаны не менш за адзін раз на год прымаць святую Камунію ў гэты перыяд, калі гэтае прадпісанне па справядлівай прычыне не будзе выканана ў іншы час на працягу года. У дзень Пяцідзясятніцы ў Беларусі вернікі ўпрыгожваюць храмы, дамы і панадворкі бярозкамі і іншай зелянінай, падкрэсліваючы такім чынам сваю веру ў тое, што Божы Дух дае жыццё.

Усходняя хрысціянская традыцыя называе ўрачыстасць Пяцідзясятніцы святам Тройцы, а на наступны панядзелак адзначае асобны “Духаў дзень”. Свята Тройцы ў заходняй хрысціянскай традыцыі адзначаецца ў наступную нядзелю пасля Пяцідзясятніцы. У Беларусі назіраецца блытаніна сярод вер-нікаў у вызначэнні і правільным разуменні святаў, якая выклікана блізкім суіснаваннем хрысціянскіх традыцый.

Верыць у Духа Святога азначае вызнаваць, што Святы Дух з’яўляецца адной з асоб Святой Тройцы, адзінасутнай Богу Айцу і Хрысту. Дух Святы з’яўляецца першым дарам для вернікаў. Дзякуючы яму мы можам верыць. Найбольш папулярнымі сімваламі Духа Святога з’яўляюцца голуб, вада і агонь. Дух Святы дазваляе прыносіць вернікам духоўныя плады: любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, спагадлівасць, міласэрнасць, веру, пакору, устрыманасць (Пар. Пасланне да Галатаў 5, 22—23). Дары ж Духа Святога наступныя: мудрасць, розум, парада, мужнасць, умеласць, пабожнасць, боязь Божая (Пар. Кніга прарока Ісаі 11, 2—3). Жыццё ў Духу Святым мы атрымліваем падчас хросту, а асаблівую моц Духа — падчас прыняцця канфірмацыі (бежмавання, мірапамазання).

У мінулую нядзелю па вуліцах Мінска прайшла працэсія з удзелам прыблізна дзесяці тысяч вернікаў. Гэта была так званая эўхарыстычная працэсія, якая ўласціва заходняй хрысціянскай традыцыі. Падчас такой працэсіі святар урачыста нясе Эўхарыстыю (Найсвяцейшы Сакрамэнт, Камунію, Божае Цела, Прычасце) у суправаджэнні спеваў. Такім чынам хрысціянскі народ публічна выражае сваю веру і эўхарыстычную пабожнасць. Такія працэсіі могуць адбывацца ў розныя перыяды года, але сярод іх асаблівае месца займае працэсія, якая адбываецца ва ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста або ў іншы дзень, блізкі да гэтай даты. Для таго каб больш вернікаў магло ўдзельнічаць у гэтай маніфестацыі веры, была выбрана сталая дата эўхарыстычнай працэсіі па вуліцах Мінска — апошняя нядзеля мая, што паступова становіцца мясцовай традыцыяй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter