Дыягназ: улётнае сэлфі

Заўважалі, пэўна, такое, калі прыемная і карысная, у прынцыпе, справа раптам робіцца пачварнай і жудаснай? Сэлфі, напрыклад
Заўважалі, пэўна, такое, калі прыемная і карысная, у прынцыпе, справа раптам робіцца пачварнай і жудаснай? Сэлфі, напрыклад. Зараз з`явіўся нават тэрмін «сэлфізм», што і не дзіўна. Імкненне спыніць кожнае імгненне свайго жыцця і абавязкова прадэманстраваць выяву сябе любімага гасцям у сетцы сёння накшталт пандэміі. Мабільныя тэлефоны даўно ўжо перасталі быць проста сродкам сувязі. Ці не галоўнае іх прызначэнне рабіць фотаздымкі?


І індустрыя падштурхоўвае спажыўцоў далей. Дзяўчаткам, напрыклад, прапануюць туфлі, у насах якіх можна замацаваць гаджат і сфатаграфавацца ў цікавым ракурсе. Спецыяльныя палкі і іншая амуніцыя. А нядаўна адна вядомая кампанія запатэнтавала тэхналогію, якая адсочвае становішча рук аўтара і выкарыстоўвае атрыманую інфармацыю для стварэння фотаздымкаў. Але калі камера на прыстасаваннях — гэта ўсё ж заўтрашні дзень, то мабільнік у якасці фотаапарата – наша сёння. Медыйныя персоны накшталт Валачковай, школьнікі і студэнты, дзеці і дзядулі з бабулямі — усе ведаюць сакрэты стварэння сэлфі. Прычым моладзь дзеля прыкольнай фоткі гатова пайсці на многае. І здымкі ў стылі «ню» ўжо лічацца дробяззю.

Вось нядаўні выпадак. У Маскве разбілася дзяўчына, зваліўшыся з моста насупраць міжнароднага комплексу «Масква-Сіці». Інцыдэнт адбыўся ў выхадны дзень апоўначы. Дзяўчына рабіла сэлфі разам з сябрамі, не ўтрымалася і ўпала з моста на набярэжную. Ад атрыманых траўм яна памерла на месцы. Вось такое «ўлётнае» сэлфі атрымалася... 

Яшчэ расійскія факты: адзін хлопец пакончыў з сабой па прычыне таго, што не змог атрымаць жаданага ракурсу, другі дафатаграфаваўся да параноі. У Англіі маланка забіла маладога чалавека, трапіўшы у шост для сэлфі. А нядаўна я сама стала сведкай экстрэмальных паводзін адной сэлфісткі. Супрацоўнікі Мінскага заапарка літаральна адарвалі яе ад клеткі з драпежнікам, дзяўчына прасоўвала туды руку з мабільнікам — хацела парадаваць сябе арыгінальным здымкам.

Сёння сэлфісты больш непакояцца пра кампазіцыю, незвычайны антураж і ў пагоні за жаданым кадрам і сотнямі лайкаў робяць здымкі ў экстрэмальных умовах. Фота з драпежнымі жывёламі, з поліэтыленавым пакетам на галаве, у палаючым плашчы ці на фоне машын, што імчаць з шалёнай хуткасцю, набіраюць у інтэрнеце велізарную папулярнасць. Галоўнае — арыгінальнасць.

Сітуацыя, словам, складваецца няпростая. І ў той жа Расіі праваахоўнікі распрацавалі і размясцілі ў інтэрнэце правілы бяспечнага сэлфі. Але актывісты лічаць, што гэтага недастаткова, і прапануюць адвесці час для абмеркавання тэмы на школьных уроках.

І яшчэ адзін момант. Калі я часам гляджу матэрыялы гэтых фотасесій, то разумею, што аўтары прыкольных здымкаў хочуць паказаць, што яны крутыя, што ў іх усё выдатна. Толькі ці так гэта на самай справе? Чалавек, у якога ўсё ў парадку, не будзе са скуры лезці, каб некаму даказаць гэта.

Вера ПАКРОЎСКАЯ, Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter