Пасля атрымання атэстата сталасці ў Судкоўскай сярэдняй школе па мэтавым накіраванні паступіў на агранамічнае аддзяленне Палескага дзяржагракаледжа імя У. Ф. Міцкевіча. Калі адвучыўся там, узначаліў агранамічную службу ў хойніцкім СВК «Стралічава».
Вышэйшую агранамічную адукацыю атрымаў завочна ў Белдзяржсельгасакадэміі. Займеў сям’ю. Маладому спецыялісту паступіла прапанова кіраваць агранамічнай службай у жлобінскім філіяле сельгасвытворчага ўпраўлення «Антонаўка-Агра» РВУП «Гомельаблгаз». У той год у засекі засыпалі рэкордныя 4500 тон збожжа пры ўраджайнасці 45 цэнтнераў з гектара. На абласных «Дажынках», што праходзілі ў Жыткавічах, за высокія вытворчыя паказчыкі Ігара Кліменку прызналі лепшым сярод аграномаў Гомельшчыны, а летась ён узначаліў вытворчы калектыў філіяла.
…Ігар пры сустрэчы расказаў, як калісьці з дзедам Іванам нарыхтоўвалі дровы ў лесе. На падворку калоў іх, вясною апрацоўваў агарод. Гэтыя ўспаміны як зарніцы на небасхіле: то нешта высвеціць на імгненне, то зацягнецца цемрай. Дзяцінства выпала на першыя гады змагання з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Узгадаў, як тройчы прымала яго на аздараўленне італьянская сям’я. Запомнілася экскурсія па Рыме, наведванне Ватыкана, сустрэча з Папам Рымскім Паўлам.
Чарнобыльская бяда параскідала людзей па свеце. Многія перасяленцы з хойніцкіх вёсак атабарыліся на Жлобіншчыне.
Ігар Кліменка з сынамі Ільёю, Іванам і Мацвейкам.
— Палова нашага калектыву — мае землякі, — канстатуе Ігар Кліменка. — Атрымалі ад дзяржавы жыллё ў вёсках Антонаўка, Цупер і Малыя Казловічы, працуюць жывёлаводамі, механізатарамі. Гаспадарка паспяхова развіваецца, пашыраецца. Да канца года плошча сельгасугоддзяў перавысіць 5 тысяч гектараў.
— Складана было ўваходзіць у роль дырэктара?
— Мяне ў калектыве ведалі: тры гады адпрацаваў тут галоўным аграномам. Як стаў кіраўніком, кардынальна нічога не мяняў, трымаюся распрацаванага курсу развіцця гаспадаркі. Важна не толькі кіраваць вытворчым працэсам, але і ўмець выслухаць і зразумець падначаленых. Калі ўсё добра ў сям’і, то і ў працы будзе поспех.
— Ці склаўся за год дырэктарства ўласны стыль кіравання?
— Прызвычаіўся планаваць працоўны дзень: у шэсць гадзін наведваю жывёлагадоўчыя фермы, потым мехдвор. На ранішняй нарадзе размяркоўваем па відах работ тэхніку. Інжынернай службай пяты год кіруе трыццацігадовы Дзмітрый Семчанка. Толькі год галоўным аграномам Аляксандр Бельчанка. Дапамагаю яму, бывае, што і замяняю. Імкнуся прыцягваць да работы галоўных спецыялістаў.
— На вашым працоўным стале ў кабінеце кінуўся ў вочы шырокафарматны манітор. Дапамагае ў працы?
— Не ўяўляю, як можна без камп’ютара абыходзіцца. Праз манітор ёсць магчымасць назіраць за работай машынна-трактарнага парка. На кожным трактары і аўтамашыне ўсталяваны ЧПС, што спрыяе эфектыўнай рабоце тэхнікі. У камп’ютарнай базе на працягу месяца захоўваецца інфармацыя. Плануем усталяваць і відэакамеры на ўсіх вытворчых аб’ектах. Тым не менш ад мноства папер не пазбавіліся.
— Без камп’ютара зараз кіраўніку ніяк.
— Інакш і быць не можа. Але не лішне відавочна бачыць, як ідуць справы на палях і фермах. Камп’ютар не заменіць стасункі з людзьмі: пагутарыць, пацікавіцца іх клопатамі, калі неабходна, падбадзёрыць добрым словам. Галоўнае — ва ўсім бачыць чалавека і дапамагаць яму. На вёсцы ў будні і ў святы ўсе разам.
— Адчуваеце, што заваявалі аўтарытэт у падначаленых?
— Людзі параўноўваюць мяне з папярэднім дырэктарам. Ён старэйшы, строгі быў, а ў мяне больш мяккі характар. Тым не менш патрабую дысцыпліну, бо адной дабрынёю аўтарытэт не заваюеш. Усяго павінна быць у меру.
— Як завяршаеце сельскагаспадарчы год?
— Атрымалі па 45 цэнтнераў зерня на круг. Найлепш урадзіла азімая пшаніца, пасевы яе займалі пятую частку ў севазвароце зерневых. Тысячу гектараў хлебнай нівы ўбралі пяць экіпажаў. Камбайнеры працавалі без памочнікаў і атрымалі грашовую надбаўку па 50 працэнтаў. Тры камбайны дапамагалі рагачоўскім хлебаробам.
Звыш тысячы тон зерня намалацілі браты Мікалай і Іван Грытчанкі. Механізатарамі працуюць і іх браты Аляксандр і Міхаіл. Яны пераехалі з Хойніцкага раёна.
Дзякуючы старанню калектыву грамадскі статак забяспечаны ўласным фуражом. На кожную з 3200 галоў буйной рагатай жывёлы назапасілі па 29 цэнтнераў кармавых адзінак. Сутачны надой ад кожнай з 714 кароў перавышае 22 кілаграмы, летась пераадолелі сямітысячны рубеж. Сёлета па папярэдніх падліках выйдзем на 7800 кілаграмаў малака ад каровы.
— Сувязь з вучонымі падтрымліваеце?
— Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне «Белпалiвагаз», якому падпарадкоўваемся, пастаянна арганізуе навуковыя семінары, запрашае вучоных. Шмат карыснай інфармацыі атрымліваюць галоўныя спецыялісты ў прадстаўнікоў фірм, што пастаўляюць прэпараты для прымянення ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Кантактуем з беларускімі вучонымі-раслінаводамі, на доследных дзялянках высяваем гібрыды і назіраем за іх развіццём. Прымаем рашэнне, на якія сарты ставіць стаўку.
— Па адукацыі вы аграном, а як кіраўнік, адказваеце за вытворчую дзейнасць. Сучасныя тэхналогіі развіваюцца. Ці паспяваеце ўсё засвойваць?
— За першы год кіраўніцтва ўдалося спасцігнуць толькі самую дробязь. Выкройваю час і самастойна вывучаю двухтомнае выданне «Тэхнічнае кіраўніцтва вытворчасці малака», шмат карыснага чэрпаю з кнігі «Навуковыя асновы тэхналогіі вырошчвання азімых збожжавых, рапсу і кукурузы», чытаю таксама перыядычныя выданні. Атрыманая інфармацыя дапаўняе асабісты практычны вопыт.
— Чым зараз найбольш заклапочаны?
— Будаўніцтвам малочна-таварнага комплексу на 720 кароў у вёсцы Цупер. Узводзіцца ён будзе за сродкі РВУП «Гомельаблгаз» і на крэдыт Банка рэканструкцыі і развіцця. За ўласныя грошы заклалі падмуркі шасці зернябункераў па 600 тон кожны на цэнтральнай сядзібе. Узводзім адкормачную пляцоўку ў Малых Казловічах на 500 галоў маладняку, плануем пабудаваць камбікормавы завод і ўсталяваць лінію па перапрацоўцы насення рапсу. Будзем развіваць і сацыяльную сферу: новыя катэджы ўпрыгожаць вёску Антонаўка.
— Калі на душы цяжка, з кім дзеліцеся?
— Дамоў вытворчыя клопаты імкнуся не несці. З сям’ёю я адводжу душу. Вяртаюся ўвечары стомлены, а мяне чакаюць жонка і трое сыноў. З розным настроем прыходжу. На працы не заўсёды атрымліваецца так, як плануеш, але пры жаданні ўсе праблемы паспяхова вырашаюцца.
— Калі б вам давялося складаць пра сябе красворд, якія б словы там пра сябе запісалі?
— Добры і справядлівы. Незайздросны. Люблю сваю сям’ю. Як выдаецца вольны час, выязджаем у лес, да Дняпра (рачная плынь у нашых мясцінах шырокая, магутная).
Больш аб’ектыўна пра мяне могуць сказаць аднавяскоўцы. Калі трэба, падтрымаю чалавека, дапамагу. Даверлівы. Ёсць механізатары, якія ўбачаць, што зямля да іх неахайна апрацавана, і катэгарычна адмаўляюцца на такім полі сеяць. Удзячны ім за прынцыповасць. Выязджаем і прымаем меры.
— Як захоўваеце ў сабе годнасць?
— Імкнуся ў любой сітуацыі заставацца прыстойным. Як казаў адзін мудры старшыня, да падначаленых варта ставіцца па-чалавечы, тады і яны адгукнуцца. Жыццё мяне шліфавала. Шмат карыснага ўзяў ад дзеда Івана Мікалаевіча, яго імем і першынца назваў. Сыны — наша з жонкай бясцэннае багацце. Хлопчыкаў цікавіць тэхніка, асабліва меншага Мацвейку. Калі яны гасцююць у бабулі, ад суму не знаходжу сабе месца. Дружна разам апрацоўваем 30 сотак прысядзібнага ўчастка. Летась пасадзіў «малінаўкі». З дзяцінства памятаю пах гэтых летніх яблыкаў. У нашым маладым садзе растуць чарэшні, грушы, слівы, ягаднікі. Цёшча прывезла і пасадзіла грэцкі арэх.
— Што ахоплівае вас, калі назіраеце за сцішанымі палямі і сенажацямі?
— Восень заўжды надае суму. Едзеш па рачной пойме і бачыш, як журавы збіраюцца да адлёту. Але душу грэе, што вясною яны вернуцца на дняпроўскія прасторы. Ганаруся, што вырас на Гомельшчыне. Дзецям працягваць нашу справу на гэтай цудоўнай зямлі.