Жизненный принцип молодого руководителя Александра Семенова: чтобы хорошо жить, нужно хорошо работать

Дырэктар валожынскага КСУП «Сівіца» Аляксандр Сямёнаў: «Кіраўнік, як канатаходзец, не павінен азірацца, спыняцца...»

Вясковыя падлеткі зайздросна назіралі за ўпартым стараннем пятнаццацігадовага сябра Аляксандра на зборцы самаробнага трактара. Асабліва цяжка давалася ўстаноўка каробкі перадач. Толькі з чацвёртага разу з дапамогай бацькі Івана Іванавіча, вопытнага механізатара, сабралі важны вузел. У калгаснай майстэрні, што межавала з іх падворкам у пухавіцкай вёсцы Дрычын, заўзятаму юнаку падсаблялі рамонтнікі ў вырабе некаторых дэталяў. Першую баразну на ўласным трактары Аляксандр праклаў на бацькоўскім агародзе. Апрацоўваў суседзям прысядзібныя ўчасткі… Вось і праз гады самаробны трактар запатрабаваны на сялянскім падворку Сямёнавых. Яго стваральнік Аляксандр СЯМЁНАЎ другі год узначальвае валожынскае КСУП «Сівіца».


Сельгаспрадпрыемства пасля далучэння да яго двух суседніх калектываў па тэрыторыі стала адным з найбольш буйных у раёне. Агульная плошча сельгасугоддзяў перавышае 8700 гектараў, з якіх пераважная палова — ворыва. Асноўныя фінансавыя паступленні гаспадарцы дае рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі. Буйной рагатай жывёлы на трох малочна-таварных комплексах і некалькіх дробных фермах амаль 2800 галоў, з якіх трэцяя частка — дойны статак. За год надой ад каровы вырас больш як на паўтону. Штодзённа рэалізуецца для перапрацоўкі на Валожынскі філіял Мінскага малочнага завода 10 тон малака.  

З навядзення парадку пачаў сваю дзейнасць малады кіраўнік КСУП «Сівіца»:

— Старыя жывёлагадоўчыя фермы з лінейнымі дойкамі «Вуглы» і «Дудка» закрылі, пагалоўе расфарміравалі па сучасна абсталяваных малочна-таварных комплексах. Лепшымі сталі ўмовы працы жывёлаводаў. На працягу амаль двух месяцаў правялі татальныя кантрольныя дойкі, нізкапрадукцыйных кароў выбракавалі. Дойны статак папаўняем маладняком чорна-пярэстай пароды, падрастаюць і цяляткі, атрыманыя ад галштынскіх нецеляў. Праз два-тры гады яны складуць генетычны касцяк высокапрадукцыйных кароў. Для вядзення селекцыйнай работы плануем увесці ў штат пасаду заатэхніка-селекцыянера.

— Хто займаецца фарміраваннем дойнага статка?

— Галоўныя спецыялісты-жывёлаводы Ала Калоска і Лілія Аксёнава, а таксама іх падначаленыя. Наладзілі камп’ютарную дакументацыю. Весці селекцыйную работу ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве дапамагаюць прадстаўнікі раённых служб. Дзякуючы агульным намаганням нарошчваецца валавая вытворчасць прадукцыі, павялічваюцца заробкі кожнага з 130 працуючых у калектыве.

— Аляксандр Іванавіч, у гаспадарцы хапае працоўных рук?

— Лішніх рук на вёсцы не бывае. Ад цэнтральнай сядзібы — аграгарадка Сівіца — рукой падаць да сталіцы. З раніцы да вечара курсіруюць маршруткі. Горад вабіць людзей, таму і недахоп жывёлаводаў, механізатараў. Але ёсць касцяк заўзятых працаўнікоў, на якіх трымаецца гаспадарка. За апошні год калектыў зменшыўся: пазбавіліся ад парушальнікаў працоўнай дысцыпліны. Тэхніка яшчэ на палях і сенажацях. Вывозім арганіку, уздымаем зябліва, працягваем нарыхтоўку кармоў, абмалочваем пачаткі кукурузы. Сплюшчанае зерне закладваем у траншэі. Высокакаларыйны корм узмоцніць фуражны запас.

Сваімі сіламі закладваем падмурак новага памяшкання для ўтрымання жывёлы на ферме «Далідавічы». Раюся са спецыялістамі, як лепей весці будоўлю. Там плануем усталяваць клеткі для нованароджаных цялят. Стандартны модуль, выраблены на заводзе, каштуе 500—600 рублёў, а нам патрэбна сотня іх. Самі змайструем, каб зменшыць затраты. Вырашэнне найбольш значных спраў бяру на сябе.

— Як вызначаеце важнасць іх?

— Асноўнае само па сабе вылучаецца. Для кіраўніка галоўнае адчуваць настрой людзей. Кожны чалавек — крыніца мудрасці. Вяскоўцы да мяне звяртаюцца, а я імкнуся выслухаць іх. Калі неабходна, падтрымаю, дапамагу. Пераважная колькасць тутэйшых — каталікі. Да мяне, праваслаўнага, спачатку пільна прыглядаліся, а потым сталі давяраць.

— Калі што не атрымліваецца, з кім дзеліцеся?

— Няма такой патрэбы, бо ўсё ладна ідзе. Ад бацькоў прызвычаіўся да любой справы ставіцца адказна. Шлях да кіраўніка быў няпросты. Пасля базавай школы два гады вучыўся ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, скончыў яго і паступіў на юрыдычны факультэт Расійскага гуманітарнага ўніверсітэта. Але душа прагла іншай справы. Завочна атрымаў інжынерную адукацыю ў сталічным дзяржагратэхуніверсітэце, займеў сям’ю. Працаваў галоўным інжынерам у пухавіцкім ААТ «Зазерка», потым намеснікам дырэктара магілёўскага ААТ «Зара». На сямейнай нарадзе вырашылі, што трэба быць бліжэй да бацькоў (жывуць у пухавіцкім аграгарадку Дрычын). У Мінскім абласным камітэце па сельскай гаспадарцы назвалі некалькі сельгаспрадпрыемстваў з вакантнымі пасадамі кіраўнікоў. Выбраў валожынскае КСУП «Сівіца».

— Чым зацікавіла гаспадарка?

— Вялікімі памерамі, бо ёсць дзе прыкласці руку. Тут тры па-сучаснаму абсталяваныя малочна-таварныя комплексы, зямлі хапае для забеспячэння пагалоўя ўласнымі кармамі. З першых дзён дырэктарства адчуў падтрымку старшыні Валожынскага райвыканкама Яўгена Міхайлавіча Круковіча. Часта наведваюцца ў гаспадарку выконваючы абавязкі начальніка райсельгасхарча Андрэй Аляксандравіч Загорскі, начальнік райветстанцыі Алег Аляксандравіч Жалняровіч, галоўны заатэхнік раёна Наталля Аляксееўна Ушацкая. Цікавяцца справамі, а калі неабходна, дапамагаюць парадамі.

— Пры выбары месца працы вас не спужала, што аграгарадок Сівіца і яго наваколле пасля чарнобыльскай катастрофы закранула радыеактыўная хмара?

— Пра наступствы чарнобыльскай трагедыі ведаю з многіх крыніц. З таго часу мінула 35 гадоў, і ў Сівіцы вырасла новае пакаленне. Уся прадукцыя, што вырабляецца ў гаспадарцы, пільна правяраецца на наяўнасць радыенуклідаў. З мэтай атрымання чыстага збожжа, тэхнічных і кармавых культур штогод з дзяржаўнага фонду бязвыплатна выдзяляюцца мінеральныя ўдабрэнні. За перыяд дырэктарства ні разу не было, каб малако, ялавічына, збожжавыя ці іншая прадукцыя гаспадаркі не адпавядалі ўсталяваным нормам.

— Не шкадуеце, што патрацілі гады на атрыманне вышэйшай юрыдычнай адукацыі?

— Як у народзе кажуць: за плячыма веды не насіць. Юрыдычная адукацыя не лішняя для кіраўніка. Канешне, у юнацтве захапіла рамантычная прафесія юрыста, але ўнутранае пачуццё вярнула да працы на зямлі. Гэта ад дзядулі Сяргея Апанасавіча Ламакі, які нават на заслужаным адпачынку не раставаўся з трактарам. Многае і ад бацькі-механізатара. Ён парадаваўся майму рашэнню стаць інжынерам па сельгасмашынах. У няпоўныя дваццаць сем гадоў стаў дырэктарам. У раёне не адзін я ў такім узросце кірую гаспадаркай.

— Вашы пажаданні тым, хто толькі прыступае да кіраўніцтва?

— У кожнага свой жыццёвы шлях. Час навучыць, як паступаць у самых розных сітуацыях. Важна не быць самаўлюбёным, высакамерным. Кіраўнік, як канатахо­дзец, не павінен азірацца, спыняцца. Трэба ўпэўнена крок за крокам ісці наперад.

— У працы вы педантычны?

— Адназначна адказаць складана. Падначаленыя ведаюць: калі здараецца нейкая недарэчнасць, абавязкова дакапаюся да ісціны, таму яны імкнуцца не даводзіць да такога. І калі неабходна прыняць рашэнне, карпатліва вывучаю абставіны, раюся з кампетэнтнымі людзьмі. У любой справе важны вынік, але не заўсёды так атрымліваецца, як хочацца.

— Любіце бавіць час на людзей?

— Што ні чалавек — індывід, у кожнага ёсць што пераняць. На сустрэчах з жывёлаводамі ці механізатарамі гутарым пра жыццёвыя справы. Яны даверліва расказваюць пра сябе, мы разам у будні і выхадныя. У дзень прафесійнага свята збяромся за накрытымі сталамі ў сталоўцы, падвядзём вынікі сельскагаспадарчага года, павіншуем лепшых працаўнікоў.

Па натуральнай урадлівасці нашы землі не перавышаюць 22 балы, таму трэба асабліва старацца, каб атрымаць добры вынік. Механізатары пастараліся ў жніво: шэсць экіпажаў камбайнераў хутка ўбралі збожжавыя, прыбраны і цукровыя буракі. У раслінаводстве стаўка была на кармавыя культуры для забеспячэння жывёлы ўласным фуражом. Кожны з амаль тысячы гектараў кукурузы заправілі мінеральнымі і арганічнымі ўдабрэннямі, атрымалі па 300 цэнтнераў зялёнай масы. На ўмоўную галаву жывёлы плануем назапасіць звыш 30 цэнтнераў кармавых адзінак, а на будучы год павялічым пасяўную плошчу кукурузы.

— Ці задаволены сабою як кіраўніком?

— Радасць ахоплівае, калі ўсё ідзе, як запланавана. Пасля працоўнага дня звычайна знаходжу час, каб прааналізаваць зробленае, абдумаць справы. Імкнуся не згубіць інтуіцыю, жаданне тварыць. Са старажытных часоў людзі знаходзяць натхненне ў прыгажосці, і трэба толькі ўмець яе адчуваць. Мяне зачароўваюць векавыя мураваныя касцёлы старажытнага Івянца (другі год там жыву з сям’ёю ў доме, атрыманым ад гаспадаркі). Да ваколіц мястэчка падыходзяць нашы сельгасугоддзі.

Не абдзелены шчасцем: у мяне цудоўная жонка, пад­растаюць дзве дачушкі. Старэйшай Настассі — пяты год, маленькай Дар’і — пяты месяц. За сям’ю, як за стрыжань, моцна трымаюся. Мару збудаваць уласны дом, каб пусціць тут карані.

— У чым бачыце сэнс жыцця?

— Каб выхаваць дзяцей і пасля сябе пакінуць добры след. У дзяцінстве мне шмат дазвалялася. Так, у 11 гадоў атрымаў ад бацькі матацыкл, які гадамі стаяў няспраўны. Два гады карпеў, але адрамантаваў яго. Ездзіў па вёсцы, а потым засвоіў кіраванне трактарам. Навучыўся пчалярству. У нашай сям’і не было слова «не хачу».

— Пра што марыцца ў 28 гадоў?

— Мары, як аблокі, клічуць увысь. У мяне няма асабістай машыны, але пакуль нават не мару пра яе. У наш надзвычай складаны час, калі свет агарнула пандэмія, радуюся кожнаму новаму дню. Адчуваю сябе шчаслівым, бо знайшоў свой шлях у жыцці.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter