Жыццёвыя ўніверсітэты маладога дырэктара ААТ «Агранёманскі» Дзяніса Захарчука

Дырэктар стаўбцоўскага ААТ «Агранёманскі» Дзяніс ЗАХАРЧУК: «...Стань побач і пакажы, як можаш ты»

Самае буйное ў Стаўбцоўскім раёне ААТ «Агранёманскі» паспяхова развіваецца па ўсіх накірунках. Гісторыя сельгаспрадпрыемства даўняя, багатая і насычаная падзеямі. Два гады таму калектыў узначаліў выпускнік Беларускага дзяржагратэхнічнага ўніверсітэта Дзяніс ЗАХАРЧУК. У земляробстве і жывёлагадоўлі актыўна прымяняюцца сучасныя тэхналогіі. Высокая працоўная дысцыпліна. Усюды адмысловы парадак. Машынна-трактарны парк папаўняецца сучаснай тэхнікай. Не стаяць на месцы, а шукаць новыя перспектыўныя шляхі развіцця — прынцып дзейнасці маладога кіраўніка. Перспектыву гаспадаркі ён бачыць у далейшым развіцці жывёлагадоўлі. 

Жнівом і нарыхтоўкай кармоў жывуць у гэтыя летнія дні працаўнікі ААТ «Агранёманскі». Як толькі сонечныя промні пачынаюць чапляцца за зубчатую сцяну бору, Дзяніс Захарчук адпраўляецца ў вячэрнюю вандроўку па гаспадарцы. Традыцыю ён пераняў ад старэйшых калег.


— Пасля такога аб’езду нарад лягчэй праводзіць, — перакананы Дзяніс Сяргеевіч. — Пакуль вяртаюся ў дыспетчарскую, дзе кожную раніцу збіраюцца спецыялісты, распрацоўваецца план работы на наступны дзень. Раніцай звычайна снедаю і маўчу, а жонка падтруньвае: «Ты што, у думках планёрку праводзіш?» Летні дзень быццам і доўгі, а пралятае імгненна. Час няспынна бярэ сваё. Не заўважыў, як дачушкі Хрысціна і Арына падраслі. 

— Дзяніс Сяргеевіч, вам толькі за трыццаць. З чаго пачаўся ваш шлях кіраўніка?

— З мянушкі, што атрымаў у клецкай вёсцы Гусакі, дзе бавіў час кожнае лета ў дзядулі і бабулі. Там мяне ўсе звалі дырэктарам. Калгасны конюх дзядуля Іван давяраў чысціць стайню. Памятаю, як за гэта атрымаў сваю першую палучку, тры рублі. У дзесяць гадоў ужо стаяў з мужыкамі ў пакосе. Бацька касу зладзіў пад мой рост. Калі неабходна было, падмяняў бабулю: даіў карову. Сялянская праца мне з маленства ў радасць. Аддаючы маці грошы, заробленыя ў калгасе на акучванні бульбы, адчуваў сябе шчаслівым. Душа трымцела ад гордасці, калі студэнтам на жніве зарабіў збожжа і яго выгружалі на нашым падворку. Зараз, калі бачу, як падлеткі днямі бадзяюцца па вёсцы ці гораду без справы, балюча за іх. Праца заўжды чалавеку на карысць. Кожныя школьныя канікулы ў мяне былі заняты справамі. А як настаў час вызначыцца з прафесіяй, ваганняў не было. Здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам Беларускага дзяржагратэхнічнага ўніверсітэта. 

— А дзе вытворчую практыку праходзілі?

— Вучыўся паспяхова, і мяне ўключылі ў групу па абмену з шатландскімі студэнтамі. Тры летнія месяцы правёў у Шатландыі. Краіна і яе традыцыі вельмі ўразілі: у суботу і нядзелю магазіны зачынены. Людзі адпачываюць. У фермера, дзе я практыкаваўся, уся сям’я працуе на гаспадарцы. Няма мітусні. Усе працуюць спакойна і вынікова. Практыка ў Шатландыі падштурхнула дадаткова атрымаць вышэйшую эканамічную адукацыю. Паралельна атрымаў адукацыю эканаміста. Займаўся і на курсах падрыхтоўкі кіруючых кадраў. А пераддыпломную практыку праходзіў у шчэпіцкай гаспадарцы Клецкага раёна. Там працаваў намеснікам начальніка мехдвара, а ў жніво — памочнікам камбайнера. Старшыня браў мяне з сабою на жывёлагадоўчую ферму. У яго вучыўся, як адносіцца да людзей, умець выслухаць чалавека. Так сталася, што ў 22 гады сам стаў старшынёю гаспадаркі ў Бярэзінскім раёне.

— Не цяжкай выдалася шапка манамаха?

— Адразу ўсё пайшло як належыць. Адчуў, што з працай спраўлюся. Ведаў хапала, а жыццё падказвала, як паступаць у той ці іншай сітуацыі. У гаспадарцы была слабая кармавая база. Заняліся фуражом, і пачалі расці надоі. Пайшлі грошы за малако. Узяліся за палі. Насыцілі іх арганікай і тукамі, выраўнялі плошчы. Сталі набываць новую высокаэфектыўную тэхніку. За два гады кіраўніцтва эканоміка гаспадаркі ўзмацнілася. Потым узначальваў стаўбцоўскую гаспадарку «Каганец» і завочна вучыўся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце...

— Кіраўніку патрэбна ведаць асновы псіхалогіі. Пэўна, нялішне ў аграрных навучальных установах вывучаць асновы гэтай важнай навукі.

— На курсах перападрыхтоўкі кіруючых кадраў нам чытаў лекцыі па псіхалогіі высокаадукаваны спецыяліст. У працы з людзьмі вельмі дарэчы прыйшліся гэтыя веды. Кіраўніку важна ра­зу­м­на выстраіць адносіны з падначаленымі. Людзям трэба падарыць мару, ідэю, пераканаць іх у правільнасці выбранага шляху, каб паверылі ў свае здольнасці.

— Ідэя патрабуе аргументаў.

— Безумоўна. Уявіце, што калі працаўнік атрымліваў адзін заробак, а праз месяц яму заплацілі больш. Вось і ўся матывацыя да працы. Усяго другі год кірую «Агранёманскім». Час невялікі. Але зроблена нямала. Здалі ў эксплуатацыю малочна-таварны комплекс у вёсцы Залужжа. За заробленыя сродкі абнавілі машынна-трактарны парк. Многія вытворчыя памяшканні адрамантавалі.

— Праблема прыгарадных гаспадарак — недахоп кадраў. Ад цэнтральнай сядзібы — аграгарадка Новы Свержань да Стоўбцаў пяць кіламетраў. Побач чыгунка. Гарадскія сацыяльна-бытавыя ўмовы ды і заробкі спакушаюць вяскоўцаў. Чым утрымліваеце іх?

— Сакрэт просты: не спасылаемся на цяжкасці, а клапоцімся пра ўмовы працы і жыцця людзей. Заклалі падмурак васьмікватэрнага жылога дома. Наша гаспадарка самая буйная ў раёне. Ад аднаго канца да другога — чвэрць сотні кіламетраў. На шасці малочна-таварных фермах — 6 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і яшчэ тысяча кормнікаў. Плануем у перспектыве сканцэнтраваць увесь статак на чатырох буйных фермах. У мяне выпрацавалася правіла: калі бярэшся за справу, важна разумець: дзеля чаго? 

З мэтай забяспечанасці кадрамі жывёлаводаў і механізатараў за сродкі гаспадаркі на базе Старасвержаньскай сярэдняй школы аднавілі работу вучэбна-вытворчага камбіната. Для практычных заняткаў адрамантавалі вучэбны трактар. Спадзяёмся, што навучэнцы будуць папаўняць атрад механізатараў. Выпускнікоў сярэдняй школы па дагаварах абучаем у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Яны праходзяць у нас вытворчую практыку і вяртаюцца дамоў спецыялістамі.

— Калі вы адчулі той самы момант ісціны: што вы ўжо адбыліся як кіраўнік?

— Калі з’явіўся першы значны вынік у гаспадарцы, якую мне даручылі ўзначаліць. Кажуць, што кожны чалавек нясе неба над сабою. Гэта так. Якое яно, залежыць толькі ад нас саміх. Чалавечае жыццё як лічбавая матрыца. Пры нараджэнні вызначана, чым яму зай­мацца. Неаднойчы пераконваўся, што сітуацыя ствараецца так, што як бы ні хацеў, а трапіш у тую кропку, куды табе запраграміравана. Узгадваецца класічны фільм «Масква слязам не верыць»: не важна, якога ты ўзросту, павінен прайсці свой цыкл, каб зразумець сістэму і ўлавіць галоўнае звяно. Ты павінен так навучыцца кіраваць вытворчым працэсам, каб ланцуг замкнуўся і ў выніку загарэлася святло. На ўсё жыццё ў мяне адклалася: хочаш, каб людзі працавалі самааддана — стань побач і пакажы, як ты можаш. 

Кіраўнік у першую чаргу павінен заслужыць давер у людзей не механічным шляхам, а ў сэрцы мець нешта. Матэрыяльнае для кожнага патрэбна, каб выжываць, а духоўнае — каб жыць. 

— На дзвярах вашага кабінета не ўбачыў таблічкі з указаннем часу прыёму наведвальнікаў. Чаму яе няма?

— Бо дзверы ў кабінет не ведаюць замкоў. Да кожнага наведвальніка адношуся з павагай. Ці то да мяне звяртаецца пенсіянерка, каб выпісаць зерня курам, ці хто па іншых пытаннях. Да кожнага максімальная ўвага. Імкнуся выслухаць чалавека. Раз ён прыйшоў, значыць, верыць мне. Гляджу на сялянскія парэпаныя рукі, што буракі на полі ўбіралі, ці на фермах жывёлу даглядалі, ці займаліся іншай вясковай працай, а яна нялёгкая, і пранікаюся павагай. Трэба разумець і адчуваць сэрцам людзей. 

Раней колькі старання трэба было прыкласці, каб зарабіць працадзень. Бабуля мне расказвала, як у пасляваенныя гады яна з жанчынамі на калгасным полі капалі бульбу. А дома чакалі галодныя дзеці. Кошык бульбы ўпотайкі закапала і ноччу прыйшла шукаць схованку. Такія цяжкія часы давялося перажыць нашым продкам. Гляджу на сённяшніх дзетак і цешуся, што ў іх шчаслівае дзяцінства. 

— Дзяніс Сяргеевіч, а з вашага дзяцінства што больш помніцца?

— Залітая сонцам вёска, пах яблыкаў у бабуліным садзе. А яшчэ — чытанне кніг. Мая першая самая памятная — «Дзяніскіны расказы». Мару напісаць сваю кнігу пад такой назвай. У нашым аграгарадку ўтульна дарослым і дзеткам. Ёсць дзіцячы садзік — сярэдняя школа. У шыкоўным Палацы культуры дзейнічаюць розныя гурткі і спартыўныя секцыі, музычная школа. Прыемна адзначыць, што колькасць дзетак на тэрыторыі гаспадаркі павялічваецца. Жыццё становіцца больш цікавым і змястоўным. Радуе сэрца, што сярэдні заробак працаўнікоў амаль тысяча рублёў. Хапае спецыялістаў, жывёлаводаў, механізатараў. 

— Якой вам бачыцца перспектыва гаспадаркі?

— Вёска пачынаецца з людзей. Каб яны мелі добрую працу і адпаведныя заробкі. Калі ёсць на разліковым рахунку гаспадаркі сродкі, тады і планы можна будаваць, марыць пра перспектыву. Наша асноўнае багацце — шчаслівыя сем’і. 

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter