Сяргей Пачко за пяць гадоў дырэктарства вывеў драгічынскае ААТ «Аляксеевічы-Агра» ў перадавыя не толькі ў раёне, але і ў Брэсцкай вобласці

Дырэктар драгічынскага ААТ «Аляксеевічы-Агра» Сяргей Пачко: «Кіраваць людзьмі – як вершы ці музыку складаць!..»

ПА выніках вытворчай дзейнасці драгічынскае ААТ «Аляксеевічы-Агра» ўпэўнена замацавалася ў рэйтынгу лепшых гаспадарак Брэстчыны. Пяць гадоў кіруе калектывам выпускнік экфака Белдзяржсельгасакадэміі Сяргей ПАЧКО. Узначальвае ён і раённы аграпрамысловы саюз, абраны дэпутатам мясцовых Саветаў.

Летась з кожнага з 4000 гектараў збожжавых хлебаробы гаспадаркі намалацілі на круг па 39 цэнтнераў зерня. Ураджайнасць насення азімага рапсу на 400-гектарным полі перавысіла 30 цэнтнераў. Летась на абласных «Дажынках» у кобрынскім Дзівіне сельгаспрадпрыемства прадстаўлялі прызёры спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў — камбайнеры Іван Каштальян і Андрэй Шыла.

Плённым выдаўся мінулы год і для жывёлаводаў. Ад кожнай з 2115 дойных кароў атрымана звыш 6600 кілаграмаў малака, што на паўтоны больш мінулагодняга надою. Каля 40 тон малака сорта экстра штодзённа рэалізуецца на ААТ «Савушкін прадукт».

Створана гаспадарка на базе некалькіх суседніх калектываў. Плошча сельгасугоддзяў — звыш 8000 гектараў, з якіх 5300 — ворыва, сярод 16 гаспадарак раёна ўступае толькі СВК «Асавецкі». Значныя масівы, адваяваныя меліяратарамі паўстагоддзя таму ў векавых балот і перададзеныя хлебаробам, давялося па-новаму акультурваць.

З першых дзён дырэктарства Сяргей Пачко асаблівую ўвагу звярнуў на дзейнасць малочна-таварных ферм. Пераважна ад рэалізацыі малака поўніцца казна. Загадзя з галоўнымі спецыялістамі перагледзелі севазварот. Выявілі і задзейнічалі ўнутраныя рэсурсы для пашырэння пасяўных плошчаў, каб поўнасцю забяспечыць грамадскі статак уласнымі кармамі. Летась на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапашана па 38 цэнтнераў кармавых адзінак. З 60 тысяч тон закладзенага ў траншэі сенажу і сіласу палову нарыхтаваў на камбайне «Ягуар» механізатар Аляксандр Дудзіч. Сярод корманарыхтоўчых звенняў раёна ён заняў другое месца. Трактарыстам на энерганасычаным «Джон Дзіры» плённа працуе яго брат Міхаіл. Ад гаспадаркі маладыя сем’і Дудзічаў, як і іншыя працаўнікі, атрымалі жыллё.

Пра ўсё гэта і яшчэ шмат пра што цікава распавёў дырэктар ААТ «Аляксеевічы-Агра» Сяргей Пачко.


— За пяць гадоў кіравання сельгаспрадпрыемствам вывучыў асаблівасці кожнага з 268 працуючых, чацвёртая частка з іх — механізатары. У нас два мехдвары: у Аляксеевічах і Вульцы Сіманавіцкай. На энерганасычанай тэхніцы ў сезон задзейнічаны па два трактарысты. Пастаянна абнаўляем тэхнічны арсенал. Набылі два МТЗ-3522, тры МТЗ-3022, адзін «Джон Дзір». Плануем набыць па лізінгу паўтара дзясяткі машын і агрэгатаў. Мехдвары заасфальтаваныя. Тэхніка захоўваецца пад павецямі. Па культуры вытворчасці на мехдварах мы ў раённых прызёрах. Абсталёўваем рамонтныя майстэрні, каб зручна было працаваць у любы час года.

У гаспадарцы склаўся трывалы касцяк галоўных спецыялістаў, механізатараў, жывёлаводаў. Сярэдні ўзрост працуючых 48 гадоў. За мінулы год сярэднямесячны заробак перавысіў 1100 рублёў. А ў механізатараў ён у два-тры разы больш. Аператары машыннага даення штомесяц атрымліваюць звыш 1500 рублёў. На працягу гэтага перыяду яны заняты на вытворчасці 20 дзён. Высокія заробкі і ў галоўных спецыялістаў. Імкнёмся працаўнікоў стымуляваць рублём.

Калектыў пастаянна папаўняецца моладдзю. Выпускнікоў школ накіроўваем на вучобу ў аграрныя навучальныя ўстановы. Ад гаспадаркі ў Пінскім дзяржагратэхкаледжы вучыцца Андрэй Місіевіч. Бацька яго трактарыст, а маці памочнік загадчыка жывёлагадоўчай фермы. Пасля заканчэння Белдзяржагратэхуніверсітэта вярнуліся спецыялістамі Яўген Вакульчык і Аляксандр Крук. 

Гаспадарка ўключалася ў абласную праграму па будаўніцтве жывёлагадоўчага комплексу, які ўзводзіцца ў вёсцы Аляксеевічы. Для гэтай мэты дзяржава выдзеліла значныя сродкі. Але асноўныя затраты на будаўнічы аб’ект панесла гаспадарка. На новым комплексе зараз утрымліваецца 765 галоў буйной рагатай жывёлы, а ў планах давесці запаўняльнасць да тысячы галоў. За свае сродкі штогадова будуем па некалькі сянажных траншэй, узвялі воданапорную вежу, рэканструявалі шэсць жывёлагадоўчых памяш-канняў з кармавымі сталамі, вадапаеннем, мікракліматам. 

— Час дыктуе свае ўмовы гаспадарання. Зараз на першы план выйшлі чыста эканамічныя паказчыкі, а не славуты вал вытворчасці. Якія яны ў вас?

— Галоўным стала, якой цаной даецца прадукцыя. Больш патрабавальны да тэмпаў і своечасовасці выканання сельскагаспадарчых работ, ад якіх залежаць канчатковыя вынікі. Па эканамічных паказчыках у раёне ўступаем толькі СВК «Асавецкі». На мінулую пяцігодку мелі заданне павялічыць валавую вытворчасць прадукцыі на 26 працэнтаў, выйшла больш як у два разы. Дзякуючы фінансавым паступленням за рэалізаваную прадукцыю разлічыліся па пазыках і працуем са свабодным банкаўскім рахункам. Планамерна нарошчваем вытворчасць і атрымліваем прыбытак. У любой справе важна, каб мэта апраўдвала сродкі. За гады дырэктарства прыйшоў да высновы: калі пашкадуеш грошай на якасную тэхніку, больш патраціш сродкаў і часу на рамонт танных машын і агрэгатаў. Кіраўнік павінен прымаць аптымальныя рашэнні.

— Як і ўкараняць новыя тэхналогіі, формы арганізацыі працы...

— Перад тым як нешта пераняць і прымяніць у гаспадарчай дзейнасці, дэталёва вывучаем і аналізуем сітуацыю, разглядаем варыянты, да дробязей падлічваем магчымы эканамічны эфект. Імкнёмся дабівацца росту вытворчасці прадукцыі пры нязменных затратах. Цікавімся перадавым вопытам лепшых калектываў. Даводзілася бываць у агракамбінаце «Сноў», бялыніцкай «Радзіме», прысталічным «Гастэлаўскім» і ў іншых перадавых сельгаспрадпрыемствах. Запомніліся словы сноўскага кіраўніка Мікалая Радамана: «Для паспяховай дзейнасці калектыву неабходна людзям ствараць спрыяльныя ўмовы жыцця і працы». Стараемся гэтага прытрымлівацца. Маладым сем’ям прапануем выбраць зямельны ўчастак і праект новага дома.

— Эканоміка гаспадаркі мацуецца, а ці мяняецца стыль кіравання?

— Пастаянна ўсё мяняецца. Зараз у нас асноўны ўпор на павелічэнне вытворчасці малака і ялавічыны. На фермах смела ўкараняем новыя тэхналогіі. Прымяняем навуковыя метады гаспадарання. Перазалужваем нізкапрадукцыйныя землі, мяняем структуру севазваротаў. 

— Звычайна кіраўнік прымае канчатковыя рашэнні і адказвае за іх. І ў вас так?

— За гады майго кіраўніцтва стала нормай: кожны спецыяліст абгрунтоўвае прапановы і абараняе іх. Калі яго довады пераконваюць усіх, то і рашэнне прымаецца адпаведнае. Нашы землі больш спрыяльныя пад вырошчванне збожжавых культур, асабліва пшаніцы, ячменю. Пад збожжавыя сёлета адведзена амаль 2000 гектараў. Спецыялізуемся на азімым рапсе. Па аб’ёмах вытворчасці яго насення лідзіруем у раёне. Вырошчваем кукурузу на насенне — справа выгадная. У перспектыве будзем удасканальваць тэхналогію вытворчасці.

— Якім павінен быць сучасны кіраўнік гаспадаркі?

— Абавязкова кампетэнтным у даручанай справе, адукаваным, працавітым. Да таго ж ён павінен разбірацца ў людзях. Яго місія не толькі арганізоўваць працу, але і ведаць асновы сучаснай тэхналогіі. Без дакладных ведаў сёння кіраваць вытворчасцю немагчыма. Імкнуся ўнікаць у азы тэхналогіі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Наш грамадскі статак круглы год знаходзіцца ў памяшканнях. Дзеля падтрымкі высокай прадукцыйнасці неабходна адпаведная кармавая база. Разам са спецыялістамі распрацоўваем севазварот, каб мець запас фуражу. На адным полі на працягу года атрымліваем па некалькі ўраджаяў кармавых культур. Восенню высяваем азімыя на зялёны корм. У канцы вясны, пасля скошвання іх, сеем кукурузу на зялёную масу. Убіраем яе і гэты масіў засяваем паўкоснымі культурамі. Так мы выйшлі на стварэнне паўтарагадовага запасу кармоў.

— Вы чалавек гарачы. Спалучаецца гэта з пасадай кіраўніка?

— Гарачлівасць не замінае паспяхова кіраваць. Галоўнае — не быць раўнадушным. Бывае, не стрымліваюся і павышаю голас, але хутка адыходжу. Людзей трэба сэрцам адчуваць і разумець. На кожным вытворчым участку імкнёмся працаўнікоў заахвочваць за старанне. На Дошку гонару гаспадаркі занесены дзевяць перадавікоў. Кожны з іх штомесячна на працягу года атрымлівае да заробку дадаткова па пяць базавых велічынь. Так стымулюем працавітых. На раённай Дошцы гонару партрэт загадчыцы малочна-таварнай фермы Валянціны Крэйдзіч. Яна таксама штомесяц атрымлівае такую даплату. Пра працоўныя здабыткі нашых перадавікоў прыемна чытаць у перыядычных выданнях. Дзякуй і «Сельской газете» за ўвагу да людзей працы.

— Сяргей Мікалаевіч, ці кожны можа быць кіраўніком?

— Гэта як вершы ці музыку складаць — не ўсім даравана. Кіраваць людзьмі — справа няпростая і адказная. За дробязі нікога не караю. Усяляк бывае ў жыцці. Памятаю запаветныя словы маці: заўжды заставацца чалавекам. У наш калектыў вярнуліся тыя, хто па розных прычынах некалі перайшоў у суседнія сельгаспрадпрыемствы. Залічылі ім агульны стаж працы ў сельскай гаспадарцы. Людзі атрымалі надбаўкі да агульнага заробку.

З галоўнымі спецыялістамі абмяркоўваем фінансавае становішча, прымаем рашэнні, як больш эфектыўна выкарыстаць сродкі. Важна не толькі ўмець зарабляць грошы, але і разумна іх укладаць у справу. Нашы эканамісты на аснове плануемых фінансавых паступленняў ужо зараз, на пачатку года, разлічваюць, як лепей іх ужыць з карысцю.

— Ваш самы шчаслівы дзень у жыцці?

— Калі нарадзіўся наш першы ўнучак. Гэта радасная падзея амаль супала з юбілеем «Сельской газеты». Назвалі хлопчыка Мацвейкам. Зазірнуў у інтэрнэт, каб узнаць, што імя значыць. Мацвей — адзін з дванаццаці апосталаў, дараваных Богам. Любімаму выданню 100 гадоў, і ўнуку зычу такі доўгі век. А ўсім чытачам жадаю, каб жылі заможна, шчасліва і радасна. Няхай у нашых сэрцах пануе радасць!

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter