Путь к трудовому Олимпу директора ОАО «Нарочанские зори» Вилейского района Геннадия Кучко

Дырэктар ААТ «Нарачанскія зоры» Вілейскага раёна Генадзь Кучко: «Зямля павінна працаваць на прыбытак. Інакш не можа быць»

Вілейскі аграгарадок Нарач больш нагадвае курортны пасёлак. Меднастволыя сосны падступаюць да дыхтоўных катэджаў. Дагледжаныя газоны і кветнікі ўпрыгожваюць сядзібы і вуліцы. Звілістай стужкай апаясвае паселішча рэчка Нарачанка, што нясе крынічныя воды да імклівай Віліі. На дзясяткі кіламетраў у розныя бакі ад цэнтральнай сядзібы раскінуліся палі і сенажаці ААТ «Нарачанскія зоры». Амаль 35 гадоў кіруе калектывам выпускнік агранамічнага факультэта Гродзенскага сельгасінстытута Генадзь КУЧКО. Закончыў аграрый і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце.

Па асноўных эканамічных паказчыках гаспадарка вядучая не толькі ў Вілейскім раёне, але і ў рэспубліцы. Ураджайнасць збожжа стабільна трымаецца на паўсотні цэнтнераў з гектара. Па 40 цэнтнераў насення дае кожны гектар азімага рапсу. Добра родзяць і іншыя культуры. На палях сельгаспрадпрыемства часта ладзяцца раённыя семінары. Тры гады таму аграгарадок Нарач прымаў удзельнікаў і гасцей раённага свята-кірмаша «Дажынкі».

За гады дырэктарства Генадзя Мечыслававіча значнае развіццё атрымала жывёлагадоўля. Паступленні ў казну гаспадаркі за рэалізацыю малака і ялавічыны перавысілі 75 працэнтаў. Летась ад кожнай каровы атрымана па 8800 кілаграмаў малака. Амаль усё яно рэалізуецца класам экстра. Плануецца развіваць малочную галіну.

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Генадзь Мечыслававіч узнагароджаны ордэнам Пашаны і медалём «За працоўныя заслугі», Падзякай Прэзідэнта, ганаровымі граматамі і дыпломамі ВДНГ, Савета Міністраў, Мінсельгасхарчу, Мінскага аблвыканкама. Яму таксама прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь», а таксама «Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна». Двойчы прызнаваўся ў раёне «Чалавекам года». Неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў.


Пасля далучэння зямель суседніх гаспадарак сельгаспрадпрыемства па тэры­торыі стала буйнейшым на Вілейшчыне. Перыметр межаў перавышае 75 кіламетраў.

— За дзень наматваю на легкавіку па дзве з паловай сотні кіламетраў, — усміхаецца Генадзь Кучко. — Пасля далучэння частак зямель райаграсэрвісу і сельгаспрадпрыемства «Дружба» стала на нашай тэрыторыі 45 населеных пунктаў. Асабліва шмат даводзіцца калясіць у перыяд масавых сельгаскампаній. Дзякуючы магутнай сучаснай тэхніцы спраўляемся выконваць палявыя работы ў вызначаны тэрмін. Кіруюць энерганасычанымі трактарамі вопытныя механізатары.

Няма праблем з кадрамі і ў жывёлагадоўлі. Усіх, хто папаўняе калектыў, забяспечваем жыллём. Дзве-тры кватэры пастаянна трымаюцца ў рэзерве. Сярэднямесячны заробак па гаспадарцы перавышае дзве тысячы рублёў. Кожны працаўнік мае пастаянныя выхадныя. Праз год адзначым круглую дату паселішча — 50-годдзе ўтварэння. Адным з першых у раёне наш пасёлак атрымаў статус аграгарадка. На тэрыторыі няма ні адзінага нежылога дома. Дзейнічаюць паліклініка, сярэдняя і музычная школы, дзіцячы садок, Дом культуры, магазіны, праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Усё гэта і трымае людзей.

— А які арыенцір у вытворчай дзейнасці гаспадаркі?

— На далейшае развіццё малочнай галіны. З пяці тысяч галоў буйной рагатай жывёлы трэцяя частка — каровы. Рэнтабельнасць вытворчасці малака дасягнула амаль 60 працэнтаў. Пасля зніжэння закупачнай цаны на прадукт гэты паказчык на трэць упаў. Прыбытковая і вытворчасць ялавічыны. Ад рэалізацыі прадукцыі палёў і ферм летась атрымалі звыш 2 мільёнаў рублёў прыбытку, што значна больш, чым у мінулым годзе.

Дэталёва аналізуем гаспадарчую дзейнасць, выяўляем невыкарыстаныя рэзервы і максімальна задзейнічаем іх. Некаторыя маладыя кіраўнікі імкнуцца любой цаной павялічыць аб'ёмы выпуску прадукцыі. Гэта прамы шлях да страт. У нас такое не праходзіць. Да дробязей усё падлічваем, а потым вырашаем, у якім напрамку рухацца далей. За дзесяцігоддзі ў нас склаўся моцны касцяк прафесіяналаў. Кожны з галоўных спецыялістаў аргументавана выказвае свае прапановы па далейшым развіцці. З галоўным эканамістам падлічваем магчымыя вынікі варыянтаў і спыняемся на найбольш плённых. Зямля павінна працаваць на прыбытак. Інакш не можа быць. З сямі тысяч гектараў сельгасугоддзяў большая палова ворыва. У тым, што раслінаводства эфектыўна развіваецца, немалая заслуга галоўнага агранома Віктара Драчылоўскага. Неаднаразова на рэспубліканскіх і абласных фестывалях-кірмашах «Дажынкі» ён і нашы перадавыя хлебаробы адзначаліся дыпломамі пераможцаў спаборніцтва. Віктар Уладзіміравіч заўжды мае асабісты погляд, умее адстаяць сваю пазіцыю. Прафесійнай настойлі­васці яго можна толькі пазай­здросціць. Не адступіцца ад сваіх патрабаванняў, пакуль не закупім усё неабходнае для запраўкі палёў і догляду пасеваў. На працягу апошніх гадоў мы ў раённых лідарах па ўраджайнасці сельгаскультур. Заслуга ў гэтым і беларускіх вучоных-селекцыянераў, з якімі падтрымліваем моцную сувязь. На нашых палях высокі ўраджай насення даюць сарты рапсу, выведзеныя доктарам сельскагаспадарчых навук Ядзвігай Пілюк. Дарэчы, вучоная — аднакурсніца нашага галоўнага агранома. Эканамічна выгадна вырошчваць рапс беларускай селекцыі: кошт насення меншы, чым імпартнага. Вынік сябе апраўдвае. Як і выгадна выкарыстоўваць нашы прэпараты па барацьбе з пустазеллем і шкоднікамі раслін.

— Па адукацыі вы вучоны аграном. А дзе вывучалі эканамічныя дысцыпліны, бухгалтарскі ўлік?

— Азы гэтых важных дысцыплін вывучаў у сельгасінстытуце. А больш глыбока з практычнай эканомікай і бухгалтарскім улікам знаёміўся ў паўсядзённай дзейнасці. Трымаюся закона беражліва адносіцца да фінансаў. На рабочым стале пастаянна ляжыць выпіска з банкаўскага рахунку гаспадаркі аб наяўнасці грашовых сродкаў. Менш чым два мільёны рублёў для свабоднага выкарыстання ў нас не бывае. Плануем за банкаўскі крэдыт і часткова ўласныя сродкі пабудаваць каля вёскі Рускае Сяло малочнатаварны комплекс на 800 галоў. Наша гаспадарка ўключана ў абласную дзяржаўную праграму па развіцці жывёлагадоўлі. Па папярэдніх падліках затраты на новабудоўлю павінны акупіцца за сем гадоў.

— Вы прайшлі вялікую школу кіравання. На практыцы засвойвалі псіхалогію адносін з людзьмі. Гэта важна ў працы кіраўніка?

— Практычны вопыт — каштоўны капітал у любой справе, асабліва ў кіраванні людзьмі. У нашым калектыве звыш 250 працаўнікоў, і ў кожнага чалавека свой характар. За дзесяцігоддзі дырэктарства не толькі супрацоўнікаў, а іх сям'і вывучыў. З павагай адношуся да кожнага тутэйшага. Адчуваю, што ў адказе за лёсы падначаленых і іх сем'і.

Кіраўніку сельгаспрадпрыемства неабавязкова ўнікаць у тэхналагічныя тонкасці. Гэта справа спецыялістаў. Але асновы эканомікі, бухгалтарскага ўліку, уменне ладзіць з людзьмі — абавязковыя ўмовы дзейнасці для кожнага, хто бярэцца кіраваць калектывам. Нялішне ведаць і псіхалогію. Праз гады дырэктарства стаў інтуітыўна адчуваць, дзе ў адносінах да падначаленых можна паднаціснуць ці крыху адпусціць. Не шкадую слоў падзякі хлебаробам. Тых, хто дапускае нязначныя парушэнні, строга паўшчуваю, а матэрыяльна не заўжды караю. Гэта ж адбіваецца ў першую чаргу на фінансавым стане сям'і. Мо чалавек меў нейкія задумы, няхай лепей яны здзейсняцца. Кіраўніку трэба душой адчуваць гармонію адносін.

— Такое пачуццё прыйшло з гадамі?

— Канешне, на ўсё патрэбен час. У маладосці ўсе максімалісты, з гарачымі галовамі. З узростам прыходзіць пачуццё паважлівасці ў адносінах да людзей, па-іншаму глядзіш на жыццёвыя сітуацыі. Нечаканасцю для мяне была прапанова ўзначаліць Маладзечанскі райвыканкам. Паўтара года кожную раніцу ездзіў з аграгарадка на працу. Раён адзін з найбольш трывалых у сталічнай вобласці. Клопатаў хапала. Позна вяртаўся дамоў. Унутраны голас настойліва патрабаваў вярнуцца ў гаспадарку. Так і зрабіў, а з цягам часу пераканаўся, што не памыліўся.
З галоўнымі спецыялістамі прынялі рашэнне развіваць малочную жывёлагадоўлю. Раслінаводства само па сабе прыбытку не дасць. У нас гэта галіна дзейнасці як падсобная для перапрацоўкі і забеспячэння арганікай палёў. Сельская гаспадарка — гіганцкі цэх пад адкрытым небам. Тут усё ўзаемазвязана. Важна падтрымліваць вытворчы баланс. Нашы поспехі не засталіся незаўважанымі. Многія працаўнікі гаспадаркі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.
— Ордэн Пашаны і медаль «За працоўныя заслугі», знак «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» упрыгожваюць ваш парадны касцюм. Кожная такая ўзнагарода, пэўна, прыдае настрою для новых працоўных здзяйсненняў?

— Безумоўна, настройвае на новыя вытворчыя дасягненні. Прыемна было кожную з гэтых дзяржаўных узнагарод атрымліваць з рук Прэзідэнта. Гэта не толькі высокая ацэнка маёй працы, а ўсяго калектыву «Нарачанскіх зор». Дома віншавалі жонка Ларыса Уладзіміраўна, дзеці, унукі. У кожным маім поспеху падмурак, закладзены бацькам Мечыславам Вікенцьевічам і маці Таццянай Пятроўнай. З дзяцінства яны прывучалі мяне да працы. Бацькі рана не стала. Усе сямейныя клопаты леглі на плечы аўдавелай маці. Многае ў маёй працы дырэктара залежыць і ад настрою, што пануе ў сям'і. Жонка Ларыса Уладзіміраўна па адукацыі педагог. У аграгарадку яе ведае кожны. Многія гады загадвала дзіцячым садком, была дырэктарам сярэдняй школы ў Нарачы. Пазнаёміліся мы ў маладыя гады, калі працаваў брыгадзірам, а яна са старшакласнікамі Мацькаўскай сярэдняй школы дапамагала калгасу ўбіраць бульбу. Паўгода сустракаліся, а потым згулялі вяселле. Выхавалі дваіх дзяцей. Сын Аляксей працуе інжынерам. Дачка Вольга — маёр міліцыі ў Мала­дзечне. Унук Уладзіслаў сёлета стаў студэнтам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Сем'і дзяцей частыя госці ў нашым утульным доме.

— За дзесяцігоддзі дырэктарства ў ААТ «Нарачанскія зоры» былі і складаныя перыяды. Якія найбольш запомніліся?

— Канец мінулага стагоддзя, калі давялося перажыць надзвычай цяжкі год. З-за прыродных катаклізмаў не назапасілі неабходнай колькасці фуражу для грамадскага статка. Нарыхтоўвалі галінкавы корм. Кармілі жывёлу саломай. Нават па падворках збіралі яе для грамадскага статка. Зімоўка была вельмі напружанай. Але вытрымалі. У сельскай гаспадарцы кожны год нечым адметны. І сёлетні не выключэнне. Шмат шкоды прынеслі замаразкі ў канцы мая. Ад начнога зніжэння тэмпературы да мінус 7 градусаў за ноч на тарфяніках вымерзлі травы. Хваляваліся, што не будзе чым запаўняць сянажныя траншэі. Травы ледзьве адышлі, як узялася засуха. Пасля летніх дажджоў ажылі сенажаці. Два паўнацэнныя ўкосы сеяных траў сабралі. Чакаем, пакуль зноў адрастуць. У нас створаны страхавы фонд фуражу на два гады.

На нашай хлебнай ніве не так моцна адбіліся кліматычныя катаклізмы. Збожжавыя ў асноўным размешчаны на мінеральных глебах. Пільна трымаліся тэхналогіі вырошчвання, і гэта выручыла. Валавы намалот зерня атрымаўся крыху меншы за мінулагодні. Але ў нас назапашаны пераходны страхавы фонд чатыры тысячы тон збажыны.
  Усё больш складана падымацца да новых прыступкаў працоўнага алімпу. Спадзяюся, што сёлета перасягнем дзевяцітысячны рубеж па надоях малака ад кожнай каровы. Адпаведна і заробкі людзей у калектыве будуць расці. З прыбытку гаспадаркі будзем выдзяляць сродкі на далейшае добраўпарадкаванне населеных пунктаў і вытворчай зоны. Новыя трактары, аўтамабілі, агрэгаты папоўняць тэхнічны арсенал.
— Што для вас значыць аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Мір і спакой патрэбны ўсім, як і стварэнне. Без гэтага немагчыма развіццё чалавецтва. Разам лягчэй трымацца. Душа баліць за падзеі ў нашых паўднёвых суседзяў. Напружана на мяжы з Польшай, Літвой і Латвіяй. Зараз як ніколі ў грамадстве запатрабаваны мір і стварэнне. Кожны на сваім працоўным месцы павінен імкнуцца рабіць усё, каб мацаваць эканоміку краіны. Незалежнасць у першую чаргу вымяраецца ўзроўнем эканамічнага развіцця. Нас імкнуцца задавіць санкцыямі, але заходнееўрапейскім палітыкам гэта не ўдасца. За апошнія два гады актыўна наладжана імпартазамяшчэнне. Знаходзім новыя рынкі збыту сельгаспрадукцыі. Тое, што нам ставяць перапоны, адкрывае другое дыханне, і пачынаем больш старанна працаваць. Няхай лепей еўрапейскія палітыкі навядуць у сябе парадак. Неймавернае адбываецца ў Еўропе: страйкі ў Польшчы, Францыі, лясныя пажары на поўдні кантынента. У свеце складаюцца новыя ўзаемаадносіны. У такі час важна актывізавацца на стварэнне. Пачынаем больш адчуваць значнасць мірнага жыцця, каб маладое пакаленне і надалей стваральнай працай мацавала краіну.

— Вашы пажаданні моладзі, хто абраў аграрную прафесію.

— Глыбока вывучаць тэорыю, больш рашуча выпрабоўваць сябе ў час вытворчай практыкі. На жаль, не ўсе выпускнікі сярэдніх і вышэйшых аграрных навучальных устаноў валодаюць практычнымі навыкамі. Падтрымліваю ідэю Прэзідэнта больш масава рыхтаваць спецыялістаў па мэтавым накіраванні гаспадарак, раёнаў. Сёлета тром выпускнікам нашай сярэдняй школы выдалі накіраванні на вучобу ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Тым, хто абраў такі жыццёвы шлях, трэба дапамагаць замацавацца ў прафесіі. Каб не здаралася так, што некаторыя адпрацоўваюць вызначаны тэрмін і звальняюцца.

— Чым матываваць маладых да працы на зямлі?

— Добраўпарадкаваным жыллём, заробкамі і ўмовамі працы. На дзяржаўным узроўні неабходна заняцца арганізацыяй падтрымкі маладых спецыялістаў. Будаваць для іх не кватэры, а дамы, каб новая сям'я пускала карані. Важна, каб у маладога чалавека была магчымасць пасля працоўнага тыдня гарантавана мець выхадны. Гэта стварае настрой на працу. У нас у выхадныя за справамі ў гаспадарцы сочыць адказны дзяжурны з галоўных спецыялістаў.

 У савецкі перыяд, калі пачынаў працаваць брыгадзірам у калгасе, каб узняцца да чарговай прыступкі ў кар'ерным росце, патрабавалася праявіць свае арганізатарскія здольнасці. Гэта стымулявала да плённай працы.

— Модна было раўняцца на перадавікоў, з іх браць прыклад. У вас былі свае куміры?

— У тыя гады для мяне сапраўднымі кумірамі сталі перадавыя хлебаробы, пра якіх расказвалі па радыё, тэлебачанні, пісалі ў газетах і часопісах. Калі пасля заканчэння сельгастэхнікума пачынаў працаваць брыгадзірам, кумірам стаў пасляваенны старшыня вілейскага калгаса «Стайкі» Хварасцін. Аўтарытэтамі для мяне былі старшыні Кузьма Дзягілеў, Віктар Лемрык. У іх вучыўся не толькі азам кіравання, але і самым простым метадам паводзін з падначаленымі. Сёння раўняюся на лепшых прадстаўнікоў старшынёўскага корпуса краіны: Рыгора Шпакава, Мікалая Радамана, Вольгу Лук'яненка і іншых. У іх ёсць што пераняць па стварэнні ўмоў для працы і вартага жыцця вяскоўцаў. Арганізатарскія здольнасці такіх асоб, уменне працаваць з людзьмі вартыя пераймання.

— Не шкадуеце пра свой жыццёвы выбар?

— Для мяне, сялянскага сына, працаваць на зямлі — шчасце. Іншага шляху ў жыцці не ўяўляў. Гэта ж вялікі гонар займацца самай мірнай справай — працаваць на зямлі. Сучасны хлебароб — не селянін за конным плугам. Магутная тэхніка працуе на палях. Аўтаматыка замяніла ручную працу ў сучаснай жывёлагадоўлі. На нашых малочнатаварных комплексах можна хадзіць у тапачках. Усё вычышчана, выбелена. Дзесяцігоддзі спатрэбіліся, каб стварыць такія ўмовы працы. На пачатку старшынёўства даводзілася прымяняць самыя кардынальныя меры, каб дабіцца парадку на фермах. Парушальнікаў дысцыпліны звальнялі, ім на змену прыходзілі новыя, і ўсё паўтаралася. Але дабіліся дысцыпліны і парадку. Зараз кожны ў нашым калектыве трымаецца за працоўнае месца. Заробкі высокія, і ўмовы працы ідэальныя.

— Калі выдаецца вольны час, дзе любіце бавіць яго?

— Рэдка калі гэта атрымліваецца. Душа баліць за справу, і куды б ні паехаў, хочацца ведаць, як там на фермах і ў палях. У асноўным зімой на дзён дзесяць бяру адпачынак, а праходзіць некалькі дзён — і выходжу на працу.

— Няўжо не хочацца адпачыць з сям'ёй?

— Мо і хочацца, але адказнасць за калектыў прымушае так паступаць. Не заўважыў, як выраслі дзеці. Цешымся з жонкаю ўнукамі. У нас тры ўнукі і чатырохгадовая ўнучка.

У былыя гады бываў у Ізраілі. Знаёміўся з арганізацыяй працы ў кібуцах. Для сябе адзначыў, што ў нас арганізацыя працы і вытворчая база лепшыя.

— А ў Беларусі дзе хацелася б пабываць?

— Нядаўна прачытаў у «Сельскай газете» пра крынічку на мяжы трох раёнаў Мінскай вобласці. Занатаваў каардынаты і намерваюся выкраіць час і з'ездзіць да святога куточка. Часта з сям'ёй гасцюем у сваякоў, што жывуць у Жыровічах. Наведваем хрысціянскую абіцель. Падарожжы па роднай краіне наталяюць душу. Але ў большасці вандрую па палях і сенажацях гаспадаркі. Штодзённа сустракаюся з механізатарамі, жывёлаводамі, спецыялістамі. Нядаўна завітаў у кабінет настаяцель праваслаўнай царквы айцец Фёдар з просьбай дапамагчы рэканструяваць храм. Канешне, знойдзем магчымасць і дапаможам. У нашай мясцовасці вякамі побач жывуць прадстаўнікі дзвюх хрысціянскіх канфесій. Многія сем'і змешаныя, і рэлігійныя святы ў іх адзначаюцца двойчы. Падтрымліваем і каталіцкую парафію. Ад аграгарадка да касцёла, што на тэрыторыі Смаргонскага раёна, шэсць кіламетраў. Для зручнасці каталіцкіх вернікаў дапамаглі пабудаваць у Нарачы невялічкую каплічку. На святы прыязджае ксёндз правіць багаслужэнні.

Нездарма кажуць, што матэрыяльнае існуе дзеля таго, каб выжываць, а духоўнае — каб жыць. Чалавек створаны для жыцця. І вялікае шчасце несці радасць жыцця. Няма духоўнасці — не будзе і радасці. Таму мы дружна жывём і працуем. У нас шмат маладых сем'яў. Для тутэйшых аграгарадок стаў родным. Сапраўдная ўзнагарода для кіраўніка бачыць ўсё гэта і разам з землякамі радавацца жыццю.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter