У поэта Аркадия Кулешова были итальянские корни и не было диплома

Дыплом паэта — вершы

Вельмi сiмвалiчна, што дзень адкрыцця XХVI Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выставы-кiрмашу супадае са 105-годдзем выдатнага беларускага паэта Аркадзя Куляшова. З гэтай нагоды давайце ўспомнiм незвычайныя факты з яго бiяграфii.



Першую кнiжку напiсаў у 15 гадоў

Куляшоў — сапраўдны вун­дэркiнд. Паспрыяла i тое, што рос у сям’i настаўнiкаў, у творчай атмасферы. Калi Аркадзю было дванаццаць, Клiмавiцкая раённая газета «Наш працаўнiк» надрукавала яго верш «Ты мой брат». А свой першы зборнiк «Росквiт зямлi» паэт трымаў у руках у 16 гадоў. Фактычна напiсаны ён у пятнаццаць i раней. Рэдактарам зборнiка стаў Мiхась Чарот. Ён старанна адрэдагаваў вершы на свой густ, многае адкiнуў. Так што Куляшоў на наступнай сваёй кнiзе, выяўляючы крыўду на былога рэдактара, зрабiў пазнаку: «Першая кнiга паэзii». Маўляў, тая, папярэдняя, не лiчыцца.



Меў iтальянскiя каранi

Прадзед Куляшова па бацькавай лiнii, Фелiкс Мiльта, быў сынам арганiста-iтальянца, якога пан Галынскi прывёз з Польшчы ва ўнiяцкую царкву вёскi Стараселле, што на Магiлёўшчыне. Валянцiна Аркадзьеўна Куляшова прызнавалася: «Цяпер разумею, што гэта iтальянства выяўлялася ў бацькавай улюблiвасцi i тэмпераменце».

Маці паэта Кацярына Ратабыльская і бацька Аляксандр Куляшоў.

Не меў дыплома

У Мiнск Аркадзь Куляшоў патрапiў са сваiмi старэйшымi сябрамi па Мсцiслаўскiм педтэхнiкуме Змiтраком Астапенкам i Юлiем Таўбiным, якiя паступiлi вучыцца ў педiнстытут. Куляшоў iрвануў да iх якраз перад сваiмi дзяржаўнымi iспытамi — шаснаццацiгадовага аўтара паэтычнага зборнiка запрасiлi працягнуць вучобу на лiтаратурным факультэце педiнстытута. Але скончыў Куляшоў там толькi адзiн курс. Надта ж зацягнула лiтаратурная праца. Адсутнасць дыплома не перашкодзiла ўзначальваць рэдакцыi. Але ўсё жыццё паэт займаўся самаадукацыяй.
На ХХVI Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выстаўцы-кiрмашы вы можаце знайцi i кнiгi Аркадзя Куляшова, i кнiгi пра яго. Напрыклад, цiкавыя ўспамiны Валянцiны Куляшовай пра бацьку  «Аркадзь Куляшоў. Лясному рэху праўду раскажу...» з серыi «Жыццё знакамiтых людзей Беларусi» выдавецтва «Мастацкая лiтаратура».

Будучая жонка лiнула кiпнем

Куляшоў i ягоны сябар, пiсьменнiк Платон Галавач, былi жанатыя на родных сёстрах, Нiне i Аксане Вечар. Куляшоў i пазнаёмiўся з будучай жонкай, калi прыйшоў у госцi да Платона. Сёстры-случчанкi Вечар былi незвычайнай прыгажосцi. Шаснаццацiгадовы Аркадзь закахаўся ў швагерку Галавача Аксану, сваю равеснiцу. Пачаў заляцацца... Ну як умеў. Аднойчы пачаў свае чапляннi, калi каханая разлiвала за сталом гарбату. Дзяўчына ў адказ лiнула на нахабнiка кiпнем з чайнiка. Той ускочыў:

— Вар’ятка!

Пачуццям гэта не перашкодзiла. I Аркадзь урэшце заваяваў прыхiльнасць абраннiцы.

Спяваў дуэтам з Петрусём Броўкам

У доме, дзе вырас Куляшоў, заўсёды гучалi песнi — бацька ў свой час быў удзельнiкам народнай оперы ў Маскве, меўся нават грамафон — падарунак мясцовага пана Галынскага. I першыя свае вершы Аркадзь напiсаў у перайманне песень папулярнай тады спявачкi Вяльцавай. Дачка Куляшова Валянцiна ўспамiнае, што бацька ўвесь час спяваў ёй песнi — беларускiя, рускiя, украiнскiя. А калi ў доме збiралiся сябры, спявалi разам: «У Броўкi таксама быў добры голас, больш высокi, чым у бацькi, i ў iх атрымлiваўся цудоўны дуэт».

Аркадзь Куляшоў, Якуб Колас i Пятрусь Броўка ў Каралiшчавiчах, 1947 г.

Паляваў за зборнiкамi Гумiлёва i Ахматавай

Ян Скрыган згадвае ў сваiх успамiнах Астапенку, Таўбiна i Куляшова: «Мсцiслаўцы вы­лучалiся нечым вельмi сваiм: зямляцкаю згуртаванасцю i асаблiваю, патаемнаю сталасцю верша. I не дзiва, бо ўжо тады яны шукалi сабе настаўнiкаў. Неймаверна цяжка, цераз невядомых перакупшчыкаў яны плацiлi па дзвесце рублёў за кнiжачку «Жемчуга» Мiкалая Гумiлёва, «Четки» цi «Белая стая» Анны Ахматавай».

У Дзень Перамогi страляў у паветра

Пакаленне пiсьменнi­каў-­фран­­тавiкоў было дружным. Валянцiна Куляшова ўспамiнае, што Дзень Перамогi бацька святкаваў са сваймi суседзямi — Броўкам, Ахрэмчыкам, Платонавым. Выходзiлi ў двор i стралялi ў паветра. Зброя мелася — яны ж былi ваенныя. У Куляшова — пiсталет ТТ.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter