Дыплом Оксфарда можна атрымаць і ў Беларусі

Па 30 верасня ў нашай краіне будзе праходзіць набор студэнтаў на адукацыйную праграму МДА (магістр дзелавога адміністравання) «Міжнародны менеджар» на рускай мове, якую распачынае ў нашай краіне Magna Carta College (Оксфард, Вялікабрытанія)

Бізнес-школы МДА дзейнічаюць па ўсім свеце, адзначыў заснавальнік і дэкан Magna Carta College Дэвід Фолкнер, але магчымасць атрымаць англійскі дыплом, не выязджаючы за мяжу, прытым на роднай мове, пакуль ёсць толькі ў Беларусі. Навучэнцамі брытанскага каледжа могуць стаць не толькі людзі, якія ўжо маюць вышэйшую адукацыю і пэўны вопыт работы, але і студэнты ВНУ, якія скончылі два курсы. Прычым набываць адукацыю ў Magna Carta College можна паралельна з вучобай у іншых вышэйшых навучальных установах.

Падтрымалі праграму МДА пакуль толькі тры беларускія ВНУ —Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі інстытут правазнаўства. Яны ўжо гатовы прыняць жадаючых.

Атрымаць у Беларусі класічную брытанскую адукацыю змогуць не толькі айчынныя студэнты, але і грамадзяне краін СНД.

Брытанскі каледж рыхтуе бакалаўраў, магістраў і дактароў па такіх дысцыплінах, як міжнародны бізнес, маркетынг, фінансы, інфармацыйныя тэхналогіі і інш. Каб быць залічаным у Magna Carta College, кожны з абітурыентаў павінен даслаць асабістае рэзюмэ, напісаць два сачыненні і прайсці субяседаванне.

Тэрмін навучання можа працягвацца мінімум ад аднаго года пры наведванні заняткаў пяць-дзесяць гадзін у тыдзень. Па заканчэнні выпускнікам выдадуць дыпломы дзяржаўнага ўзору Вялікабрытаніі. Такі дакумент паспрыяе атрыманню прэстыжнай і высокааплатнай працы як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Па словах выканаўчага дырэктара Magna Carta College Вадзіма Цітова, для студэнтаў, якіх залічаць у ліпені—жніўні і жніўні—верасні, будуць дзейнічаць спецыяльныя цэны: на 35 і 20 працэнтаў ніжэй за базавую, якая складае 17 тысяч фунтаў стэрлінгаў у год. Акрамя гэтага, можна ўзяць ільготны крэдыт на вучобу. Пры тым выдаецца ён на 5 гадоў з адсрочкай выплаты на 1 год па асноўнаму абавязку. Гэта азначае, што некторыя выпускнікі ўжо праз год будуць мець оксфардскі дыплом і са сваёй зарплаты выплачваць крэдыт.

Адукацыйная праграма МДА на рускай мове па напаўненні нічым не адрозніваецца ад той, якая існуе ў Вялікабрытаніі на англійскай. Курс складаецца як з дыстанцыйных заняткаў па Інтэрнэце, так і з вочных лекцый, якія будуць чытаць у Беларусі прафесары каледжа, вядомыя ва ўсім свеце. Удзельнікі праграмы атрымаюць доступ і да курса на англійскай мове — для ўдасканалення асабістых ведаў.

Дэвід Фолкнер выказаў упэўненасць у тым, што навучальная праграма МДА на рускай мове дапаможа ў падрыхтоўцы беларускіх спецыялістаў па еўрапейскіх і лепшых сусветных стандартах.

Аляксандра КВІТКЕВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter