Дыпламатыя пашырае стасункі

Пасольства Венгрыі ў Беларусі паспрыяе ўзаемадзеянню дзвюх краін
Як лічыць Часовы Павераны ў справах Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ласла Дароці, сам факт адкрыцця ў Мінску ўжо ў красавіку 2008 года дыпламатычнага прадстаўніцтва сведчыць аб гатоўнасці венгерскага кіраўніцтва развіваць двухбаковае супрацоўніцтва. “Венгрыя разглядае Беларусь як перспектыўнага і выгаднага партнёра, у першую чаргу ў гандлёва-эканамічнай сферы”, — падкрэсліў Ласла Дароці.

Ён высока ацаніў патэнцыял узаемадзеяння дзвюх краін у эканамічнай і гандлёвай, інвестыцыйнай сферах, у галіне культуры, навукі, адукацыі і турызму і выказаў упэўненасць у тым, што адкрыццё пасольства надасць значны імпульс развіццю гэтых кірункаў.

Сярод перспектыўных сфер для венгерскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі дыпламат назваў медыцыну і фармацэўтыку, будаўніцтва і аграпрамысловы комплекс.

Паводле турыстычных кантактаў, Ласла Дароці паведаміў, што ў 2006 годзе ў Венгрыі пабывалі каля васьмі тысяч беларускіх грамадзян. Пры гэтым ён не выключыў, што будучае пасольства ў Мінску зможа ў індывідуальным парадку разглядаць магчымасць паніжэння кошту шэнгенскіх віз для асобных катэгорый грамадзян Беларусі.

Між іншым, дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Венгрыяй былі ўстаноўлены ў 1992 годзе. У студзені 2000 года ў Будапешце пачало работу беларускае пасольства. Сёння аснову экспарту ў Венгрыю складаюць нафтапрадукты, трактары, драўніна і вырабы з яе, чорныя металы, хімічныя ніткі і валакно. У Беларусь з гэтай краіны прывозяць у асноўным фармацэўтычную прадукцыю, тэлеапаратуру, палімерныя матэрыялы.

Віктар Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter