Амаль палову лекавых рэчываў, якія выкарыстоўваюцца сучаснай медыцынай, даюць расліны

Дыхайце глыбей

Фота Максіма ВЕЧАРА

Чалавек — дзіця прыроды, і як бы ён ні адгароджваўся ад яе “плотам” цывілізацыі, яго ўсё роўна час ад часу цягне ў лес, да возера, ракі, мора, у горы. Многія гараджане маюць дачы, і не толькі дзеля таго, каб нешта там вырасціць, але і каб проста адпачыць удалечыні ад шуму, падыхаць чыстым паветрам. Жыццё ў гармоніі з прыродай умацоўвае здароўе, і гэта бясспрэчны факт

Больш за трэць тэрыторыі нашай краіны займаюць лясныя масівы, у беларусаў ёсць магчымасць часцей бываць у іх. Нават кароткачасовае знаходжанне ў лесе станоўча адбіваецца на важных жыццёвых функцыях чалавека. Японскія навукоўцы высветлілі, што прагулкі па лесе зніжаюць выпрацоўку гармону стрэсу, які можа правакаваць з’яўленне залішняй вагі, захворванняў сэрца, бяссонніцы і ранняга старэння. Пры гэтым для станоўчага эфекту ў лесе трэба праводзіць не менш за паўгадзіны.

Чым сэрца супакоіць

Раслінны свет — велізарны арсенал біялагічна актыўных рэчываў, большасць якіх актыўна ўздзейнічае на сардэчна-сасудзістую сістэму. Амаль палову лекавых кампанентаў, якія выкарыстоўваюцца сучаснай медыцынай, атрымліваюць з раслін. Пры гэтым, па даных біёлага Барыса Токіна, больш за 80 працэнтаў лекаў, прызначаных для лячэння сардэчна-сасудзiстых захворванняў, таксама расліннага паходжання. Біялагічна актыўныя рэчывы, якімі насычаны пах герані, супакойваюць і нармалізуюць сон. Аналагічным эфектам валодаюць лаўр, мята, размарын і некаторыя іншыя расліны.

Кардыялагічным хворым трэба часцей знаходзіцца побач з ружамі, ландышамі, рэзедою, падснежнікамі, герберамі, канамі. З дрэваў ім варта аддаваць перавагу дубу і бярозе. Гэта спрыяльна адбіваецца на здароўі. Адзначаны заспакаяльны эфект у сардэчных хворых пры выкарыстанні лаванды, мацярдушкі, а сасударасшыральны — пры ўжыванні мяты, чабору.

Гаючае паветра

Адзін з магутных сродкаў аздараўлення — лясное паветра. Яно насычана азонам, максімальна ачышчана ад пылу і шкодных рэчываў, напоўнена водарам лісця, траў, ігліцы. Менавіта таму, як толькі мы трапляем у лес, адразу адчуваем лёгкасць дыхання, падымаецца настрой, з’яўляецца бадзёрасць. Лясное паветра багата фітанцыдамі.

Аналіз паказаў, што найбольш насычана фітанцыдамі паветра сасновага і любога іншага хвойнага лесу. Адзін гектар сасонніку за суткі “пастаўляе” ў атмасферу да 5 кілаграмаў фітанцыдаў. Такое паветра аказвае дабратворны ўплыў на цэнтральную нервовую сістэму чалавека, павялічваючы агульны тонус і імунітэт арганізма. Людзі, якія маюць праблемы з верхнімі дыхальнымі шляхамі і лёгкімі, лепш за ўсё будуць сябе адчуваць менавіта ў хвойным лесе, дзе паветра насычана фізіялагічна актыўнымі рэчывамі. Актыўна насычаюць паветра фітанцыдамі таксама кіпарыс, клён, каліна, магнолія, язмін, белая акацыя, алешына, бяроза, граб, вярба, таполя. Даказана, што ў дубовых лясах у гіпертонікаў зніжаецца артэрыяльны ціск, паляпшаецца сон, павялічваецца насычэнне кіслародам крыві.

Вывучаючы мікрафлору розных лясоў, даследчыкі прыйшлі да высновы, што паветра кедравага і сасновага лесу амаль стэрыльнае, яно знішчае многія патагенныя грыбкі і бактэрыі, здольнае прыгнятаць нават туберкулёзную палачку. А піхты вельмі баіцца залацісты стафілакок.

Максімальная канцэнтрацыя фітанцыдаў у лясным паветры — апоўдні, мінімальная — уначы. Іх колькасць залежыць і ад надвор’я: калі яно пахмурнае, карысных рэчываў менш, а ў цёплыя сонечныя дні, наадварот, больш. Акрамя таго, лес шчодра дзеліцца фітанцыдамі ў пачатку лета і значна менш зімой.


Уладзімір Бартноўскі, кандыдат медыцынскіх навук

infong@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter