Мэр Мінска нядаўна выказаў незадаволенасць камунальнікамі за неналежны стан прыдамавых тэрыторый

Двор вокнамi ў чысцiню

Мэр Мінска нядаўна выказаў незадаволенасць камунальнікамі за неналежны стан прыдамавых тэрыторый. У асноўным размова ішла пра прыватны сектар, але датычылася гэта і кварталаў са шматпавярховай забудовай.



Рабочыя ЖЭСаў больш увішна працуюць цяпер на давераных участках. Але ў гэтай сітуацыі ёсць адзін нюанс. Энергічна зграбаючы і падбіраючы смецце, яны не займаюцца яго сартаваннем. Тыя ж пластыкавая бутэлькі кідаюць у кантэйнер, прызначаны для агульных адходаў, хаця паўсюль ёсць спецыяльныя. Да прыкладу, у нашым двары (на вуліцы Русіянава, 13) можна назіраць такую карціну: нямала жыхароў бліжэйшых дамоў не абцяжарваюць сябе тым, каб аднесці бутэлькі з-пад піва, іншыя пластыкавыя ёмістасці ў жоўты кантэйнер. Але разам з тым усё больш лю-дзей пачынае дбаць пра акаляючае асяроддзе. Многія разумеюць, што пластык у зямлі распадаецца на складнікі праз дзесяцігоддзі, і таму не кідаюць такое смецце абы-дзе. Калі езджу да сяброўкі на Паўднёвы Захад, часам бачу гэткага нераўнадушнага чалавека. За сваю актыўную пазіцыю ён нават атрымаў мянушку «ПЭТ-дзівак». Пенсійнага ўзросту мужчына, можна сказаць, пайшоў у наступленне на ПЭТ-бутэлькі. Фёдаравіч, па-першае, сам пачаў збіраць пластыкавую тару і адносіць яе ў жоўты кантэйнер. Па-другое, размясціў ля кожнага пад’езда інфармацыю пра тое, чым шкодныя неўпарадкаваныя пластыкавыя вырабы і як на карысць нам іх можна перапрацаваць. І яшчэ ён, не баючыся, што можа «атрымаць на арэхі», робіць заўвагі хлопцам, якія кідаюць дзе заўгодна бутэлькі з-пад пеннага напою. І гэта дзейнічае: у двары стала чыста. Эх,  больш бы такіх нераўнадушных. Глядзіш, і суботнікі па навядзенні чысціні не спатрэбіліся б.

Але, паўтару, людзей, што хварэюць душой за стан навакольнага асяроддзя, яшчэ мала. Уявіць сабе, што на кухні ў нас стаяць нейкія ёмістасці, куды мы па-асобку кідаем паперу, шкло, бляшанкі і пластыкавыя ўпакоўкі, складана. Ці, як за мяжой, адвозім усё гэта на спецыяльныя прыёмныя пункты і праходзім там кантроль, ці чыста ўсё вымыта. Нам хоць бы навучыцца не ставіць старое шкло з балконнай рамы ля ліфта, бо хтосьці можа атрымаць траўму, не пакідаць ля лаўкі тое, што засталося пасля сяброўскай бяседы, і не выкідаць з акна непатрэбныя патэльні. Усе хочуць жыць у прыгажосці, чысціні, але дзеля гэтага і пальцам не варухнуць. Менталітэт, што скажаш.

Хоць госці Мінска і адзначаюць чысціню беларускай сталіцы, але не ўсё тут добра. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што некалькі год таму гарадскімі ўладамі разглядалася магчымасць увядзення штрафу за раскідванне смецця ў грамадскіх месцах, асабліва на прыдамавых тэрыторыях. Такім чынам збіраліся выхоўваць у людзей адказнасць і павагу да працы камунальнікаў і вопыт збіраліся пашырыць. Мера гэта дзейсная, што пацвярджае вопыт іншых. У Чэхіі, напрыклад, штраф за раскідванне смецця складае 50 еўра, Іспаніі — 90, а ў Швецыі, якая так славіцца сваёй чысцінёй, — 170 еўра.

На маю думку, караць рублём варта не толькі тых, хто за межамі сваіх дамоў і кватэр паводзіць сябе не па-людску, але і «прафесіянальных змагароў са смеццем». Яны павінны выконваць рашэнні, што прымаюцца, і паказваць прыклад іншым. 

Вольга ШЫПІЛАВА, Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter