Двенадцать спектаклей представят на театральном фестивале в Полоцке

Сёння у Полацку пачаўся трэці Фестываль пластычных спектакляў “ЎMOЎNO” з міжнародным удзелам. Сімвалічна, што адкрываць і закрываць фестываль плануюць менавіта полацкія артысты: народны тэатр гістарычнага строю “Полацкі зьвяз” і Заслужаны любіцельскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны тэатр «Пілігрым», паведаміла кіраўнік народнага тэатра гістарычнага строю "Полацкі Зьвяз" Яўгенія Кавалёва.


Першы фестываль быў арганізаваны ў 2019 годзе як першы ў Беларусі міжнародны фестываль монаспектакляў па ініцыятыве Народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» пры падтрымцы Полацкага райвыканкама, Полацкага гарадскога Палаца культуры. Удзел у ім прынялі тэатральныя калектывы з 5 краін.

У назву “ЎMOЎNO” арганізатары змясцілі адразу некалькі сэнсаў. У аснове ляжыць слова mono (ад старажытнагрэчаскага “адзін”): адзін акцёр на ўласным прыкладзе дэманструе мастацтва перадачы эмоцый, змены настрояў, паказвае эвалюцыю вобраза героя. З іншага боку, літара “ў” з’яўляецца ўнікальнай, адлюстроўвае адметнасць беларускай мовы - яе можна лічыць сімвалам выключнасці беларускай культуры. І, вядома, кажучы аб тэатры, нельга не разумець вызначаную ўмоўнасць дзеі на сцэне.


- Падчас пандэміі і звязаных з ёй абмежаванняў у тэатральным жыцці ўзнік пэўны вакуум- Мы чакалі сустрэчы з іншымі тэатрамі як подыху свежага паветра, бо першы фестываль адбыўся ў 2019 годзе, а другі праходзіў у 2021 годзе ў фармаце майстар-класаў, - працягвае яна. – Падчас фестывалю “ЎMOЎNO”-2022 запланавана паказаць дванаццаць спектакляў. Важна, каб у выніку прагляду тэатральных пастановак павысіўся ўзровень і гледачоў, і акцёраў. Мэта фестывалю - абмен вопытам у тэатральных эксперыментах і накірунках на шляху да тэатра будучыні.

Калі першы фестываль сабраў монаспектаклі, у гэтым была яго адметнасць, адлюстраваная ў назве, накірункі фестывалю гэтага года – пластычныя і драматычныя пастаноўкі. Дарэчы, своеасаблівасць творчасці народнага тэатра “Полацкі зьвяз” ў тым, што спектаклі і перфомансы абыходзяцца без словаў - пластычныя.

- Нам важна не толькі сустрэцца з калегамі, абмеркаваць спектаклі, але і пачуць меркаванні экспертаў пра выкарыстанне на сцэне розных тэатральных прыёмаў, - адзначыла Яўгенія Кавалёва. –Так, відэазапісы спектакляў мы накіруем у горад-пабрацім Полацка, кітайскі Муданьцьзян. Цікава, як успрымуць яго кітайскія тэатральныя дзеячы, а мы, у сваю чаргу, дакранемся да тэатральнай культуры горада-пабраціма, абмяняемся думкамі і ўражаннямі. Да ўвагі, ацэньваць абодва бакі будуць тэатральныя пастаноўкі на гістарычную тэматыку - Полацк пакажа "Пад крыламі роду" і "Радзівіл".




Фота аўтара і Кірыла Смалякова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter