Двайныя гастролі

На  пяць  красавіцкіх  дзён  Купалаўскі  і  Коласаўскі  тэатры  саступяць  адзін  аднаму  свае  сцэнічныя  пляцоўкі

На  пяць  красавіцкіх  дзён  Купалаўскі  і  Коласаўскі  тэатры  саступяць  адзін  аднаму  свае  сцэнічныя  пляцоўкі

З 1 красавіка Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа пакажа ў Мінску сем лепшых спектакляў у пастаноўцы свайго галоўнага рэжысёра заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталя Баркоўскага. Гастролі коласаўцаў распачнуцца меладрамай «Чорная нявеста» па драматычнай паэме Аляксея Дударава «Чорная панна Нясвіжа», прызнанай лепшай пастаноўкай у тэатрах Беларусі за 1999 год. Дарэчы, у сталічных гледачоў будзе выдатная магчымасць параўнаць гэты спектакль з містычнай легендай аб любові, што ідзе на сцэне тэатра імя Янкі Купалы. 

Разам з тым у гастрольнай афішы коласаўцаў зарубежная драматургія — Урс Відмер «Тузы», Аўгуст Стрындберг «Бацька»,  «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» па матывах п’есы Тэнесі Уільямса «Стары квартал», а таксама трагікамедыі «Мадам Боншанс» Уладзіміра Драздова, «І смех, і слёзы, і Любоў» па п’есе Уладзіміра Набокава, варыяцыі па творах Янкі Купалы «Сон на кургане». 

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з 2 красавіка прапануе віцебскім гледачам пяць сваіх самых лепшых і папулярных прэм’ер апошніх сезонаў. У ліку іх спектаклі “Чычыкаў”,  “Чорная панна Нясвіжа” і “Вечар” у пастаноўцы народнага артыста Беларусі мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Раеўскага, “Маэстра” рэжысёра Аляксандра Гарцуева па п’есе Марыі Ладо і “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа Мікалая Пінігіна.  

У Мінску і Віцебску тэатралаў чакаюць сустрэчы з сапраўдным сузор’ем выдатных акцёраў — Святланай Акружной, Тадэвушам Кокштысам, Валянцінай Петрачковай, Генадзем Аўсяннікавым, Генадзем Гарбукам, Аўгустам Мілаванавым, Мікалаем Кірычэнка, Віктарам Манаевым і многімі іншымі майстрамі беларускай сцэны. 

Нагадаем, што абменныя гастролі двух вядучых творчых калектываў краіны адбудуцца ў рамках сёлетняга святкавання 125-годдзя з дня нараджэння класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter