Дванаццаць крэслаў. Работы праслаўленага Ільфам і Пятровым майстра Гамбса можна заказаць у Бабруйску

“Мінулы век! — кажуць пра вырабы цэха заказной мэблі ЗАТ “Бабруйскмэбля” адмыслоўцы. — Не, нават пазамінулы!”
Начальнік цэха Андрэй Русецкі падобныя вызначэнні ўспрымае як найлепшыя кампліменты. Бо ягоны цэх — адзінае на Беларусі месца, дзе робіцца мэбля розных эпох і стыляў.

Напрыклад, вось гэтая светлая канапка хутка пераедзе ў адзін з холаў Мірскага замка. Для стварэння гістарычнага асяроддзя ў замку бабруйскія сталяры-чырванадрэўшчыкі ўжо вырабілі эксклюзіўнай мэблі мінулай эпохі больш чым на тры мільёны долараў. А крэслы, якія робіць столяр Міхаіл Ліс, у хуткім часе пабачаць наведвальнікі канферэнц-залы “Мінск-Арэны”.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі і палац Пацёмкіна ў Крычаве, Нацыянальны вялікі акадэмічны тэатр оперы і балета і Белавежская пушча, Нацыянальны мастацкі музей і дырэкцыя будаўніцтва першай беларускай АЭС — гэта толькі некалькі заказчыкаў бабруйчан. Іх крэслы, сталы і канапы можна сустрэць на ўсёй постсавецкай прасторы — у Крамлёўскім Палацы з’ездаў і Траццякоўскай галерэі, санаторыях Сочы, Ялты, Юрмалы...
— Заказаў на эксклюзіўную мэблю менш не стала, — кажа Андрэй Русецкі. — Як раней, спяшаемся зрабіць партыю мэблі хутчэй, бо чакае іншы, яшчэ больш цікавы заказ. Кожны са сталяроў цэха скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча — значыць, па вызначэнні з’яўляецца чалавекам творчым.
— У нас не толькі ўнікальныя майстры, але і сучасны тэхналагічны працэс, — расказвае першы намеснік генеральнага дырэктара “Бабруйскмэблі” Аляксандр Несцяронак. — Часам я жартую, што мы перепрацоўваем драўніну на 104 працэнты: апілкі, кара і шчэпкі спальваюцца ў кацельні, такім чынам мы забяспечваем свае патрэбы ў паліве. Звычайна такія прадпрыемствы, як наша, выкарыстоўваюць толькі дзелавую частку драўніны.
На “Бабруйскмэблі” сёння працуе каля 1400 чалавек, аб’ём таварнай прадукцыі — каля мільёна долараў штомесяц. Частка вырабаў ідзе ў краіны блізкага і далёкага замежжа — ад Расіі да Германіі і Францыі. Гледзячы на сучасную высокатэхналагічную і аўтаматызаваную вытворчасць, неяк забываешся, што мэблевая фабрыка — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў горада. 85 гадоў таму ў Бабруйску з’явілася невялікая майстэрня з трыма аддзяленнямі — сталярным, механічным і абойным. Тады ў ёй працавалі толькі 45 чалавек.
У фірменнай краме таварыства — гарнітуры і асобныя рэчы самых розных стыляў і колераў. Пакупнікоў, праўда, няшмат: людзі сталі лічыць грошы. Па назіраннях прадаўцоў, калі раней наведвальнікі цікавіліся гарнітурамі, то цяпер купляюць кожную рэч паасобку. Шмат хто карыстаецца магчымасцю аформіць крэдыт.
— Цікаўнасць да даўніны вяртаецца, — тлумачыць Аляксандр Несцяронак. — Вось гэты нібы паточаны шашалем дубовы стол з крэсламі ў нас заказалі французы. А гэты, у стылі сталінскіх часоў, гарнітур у гасціную мы паказалі на нядаўняй выставе-ярмарцы “Мэбля-2010”. Між іншым наш стэнд па выніках выставы прызнаны лепшым. І трэці год запар ЗАТ “Бабруйскмэбля” ўзнагароджваецца дыпломам за архітэктурна-мастацкі ўзровень мэблі і экспазіцыі...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter