Роздум пісьменніка

Два найвышэйшыя званні

У  Салігорску, горадзе беларускіх шахцёраў, жыве і працуе паэт і празаік Хведар Гурыновіч. Піша для дарослых і дзяцей на дзвюх нашых мовах. Чытаюць яго паўсюль, нават за межамі краіны. Калі кажу, дзе жыве творца, дык раблю акцэнт на наступнае. А менавіта: так ужо склалася ў апошнія дзесяцігоддзі, што пэўная колькасць літаратараў, і даволі вядомых, жывуць не ў сталіцы, абласных цэнтрах, а ў раённых гарадах, гарадках, пасёлках, вёсках. Яны працуюць у мясцовых СМІ, школах, дзіцячых садках, занятыя ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы і, безумоўна, бачаць жыццё такім, якое яно ёсць. Удзельнічаюць у ім, як і ўсе мясцовыя жыхары, і займаюцца літаратурай. Нярэдка іх творы заснаваныя на тамашняй гісторыі, сучаснага жыцця свайго горада, пасёлка, вёскі. Часта і галоўныя героі такіх пісьменнікаў — людзі працы, тыя, каго яны асабіста ведаюць, — неабыякавыя да ўсяго, што адбываецца з народам і краінай. І нават калі памкненні такіх творцаў і іх герояў знешне быццам бы не вельмі адметныя, але на справе вызначаюцца высакароднасцю: усё не толькі для сябе, але і для людзей, Айчыны. І тут, несумненна, важна, калі літаратары дзейнічаюць у цеснай сувязі з працоўнымі калектывамі, грамадствам, мясцовымі ўладамі. А яны такіх творцаў падтрымліваюць: маўляў, нашы... Прадпрыемствы па магчымасці дапамагаюць выдаваць кнігі, вядома, калі рукапісы гэтага вартыя. Потым тыя ж прадпрыемствы з карысцю для ўсіх запрашаюць аўтараў да ўдзелу ў культурным жыцці рэгіёна і, што асабліва радуе, у выхаванні юных грамадзян. Менавіта так у Салігорску, менавіта з пісьменнікам Хведарам Гурыновічам.

Ён аўтар многіх кніг паэзіі і прозы для дарослага і юнага чытача. Добра ведае жыццё. Знаўца роднай прыроды. У сваіх паэтычных творах піша і пра яе, і пра дарагіх яму салігорцаў, пра людзей нялёгкай шахцёрскай прафесіі, ды і наогул пра чалавека працы. Пры гэтым сцвярджае, што ніхто не можа быць па-за справамі краіны, што ўся дзейнасць асобы павінна быць накіравана на дабрыню з усім добрым светам. І такое разуменне творцу, безумоўна, далі людзі яго зямлі, сярод якіх жыве і піша. Той зямлі, на якой нарадзіўся, рос. А пайшоўшы, як кажуць, у вялікае жыццё, застаўся тут назаўжды. (Яшчэ на пачатку творчага шляху Гурыновіча запрашалі ў сталіцу, а ён: «Дзякуй, застаюся дома, сярод людзей сваіх».)

Нарадзіўся Х. Х. Гурыновіч у 1950 годзе ў вёсцы Крывічы Салігорскага раёна. Школа. Войска. Універсітэт завочна — і праца ў газеце «Калійшчык Салігорска». Карэспандэнт, адказны сакратар, рэдактар. Спускаўся ў шахты. Пісаў пра гарнякоў (і наогул пра людзей працы). Часам займаўся іх справай, быў рабочы. Сапраўды жыццё вучыў не па падручніках. І хоць Хведар Хведаравіч ужо даўно на пенсіі, але па-ранейшаму плённа працуе ў літаратуры. Вось і нядаўна выдаў кнігу для юных чытачоў «Наши друзья от А и до Я: стихи, рассказы». Пра родную прыроду, яе жывёльны і раслінны свет — флору і фаўну. Іх паэт называе роднымі сёстрамі, якім наканавана заўсёды быць у згодзе. І калі парушаецца раслінны свет, парушаецца і жывёльны. Хведар Гурыновіч даходліва расказвае пра гэта юным. Спачатку ў вершы, затым у празаічным абразке: што за расліна, птушка, жывёла, якія яны і ў прыродзе, і з людзьмі. І так ад аера да яшчаркі. Але, вядома ж, і ўсе поры года. І з’явы прыроды. І травы, і дрэвы. І, безумоўна ж , «река», «родник», «рожь», якія даюць усяму жыццё і якія разам з усім, што нас акружае: «Родина», Радзіма, «Отечество», Айчына. І клопат пра гэта не толькі дарослых, але і юных…

Выдаць кнігу аўтару дапамаглі ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Трэст Шахтаспецбуд». Больш таго, прадпрыемствы дораць яе вучням салігорскіх школ, дзецям сваіх працаўнікоў. Паэт — часты госць у юных чытачоў. Дарэчы, бібліятэк і працоўных калектываў у горадзе і вёсках. Ён па-ранейшаму з тымі, без каго не ўяўляе сваё жыццё і творчасць, пра каго пісаў і піша. У Салігорску, на Салігоршчыне… усё яму сваё, усе свае: роднае — родныя, з усім у яго роднасць. У Хведара Гурыновіча нават ёсць паэма «Роднасць». Твор ахоплівае жыццё аўтара, яго родных, аднавяскоўцаў — увогуле людзей, сярод якіх жыў, жыве і працуе, з маленства да пары чалавечай сталасці. Стваральнае жыццё. А яно не простае. Там і змены ў прыродзе па віне чалавека і бяздумныя. Але людзі самі іх і выпраўляюць, зразумеўшы гэта. Там і трывога за свет наогул, і заклік да цвярозага роздуму пра сэнс існавання чалавека. Твор паэтычны, але з неабходнай у наш час публіцыстычнай накіраванасцю: адказнасць чалавека за ўсё на зямлі. Да паэмы арганічна стасуецца верш «Нашчадкам» — зварот да тых, хто прыйдзе пасля нас. І гэты зварот да іх не толькі і не столькі паэта, колькі яго землякоў, якія стваралі горад, прадпрыемствы, школы, дзіцячыя садкі — увогуле ўсё, чым жылі і жывуць салігорцы. А паэт толькі запісаў пажаданні сваіх сучаснікаў. Салігорцы ў 2018-м на 60-годдзе горада змясцілі верш у капсулу на цэнтральнай гарадской пло­шчы як пасланне нашчадкам. (Мяркуюць, што тыя праз чвэрць тысячагоддзя адкрыюць яе.) У звароце заклік шанаваць, скарыстоўваць «…ашчадна // Усё, што на планеце Бог стварыў». І далей: «Жывіце чэсна і не пагубляйце // Таго, што ў поце здабылі бацькі». Ды аб тым, каб былі «…больш шчырымі, больш добрымі, чым мы».

Безумоўна, гэтага хочуць і ад нас бацькі нашы. А ўвогуле, між людзьмі так павінна быць заўсёды: берагчы і памнажаць створанае папярэднікамі. І ёсць. Гэта і дазваляе народу, што б ні было ў яго гісторыі, заставацца народам, а людзям — людзьмі. Дык жа: «Жывіце ў згодзе, дружбе і каханні. // Хай добры след і ваш пакіне век. // І ведайце: няма вышэйшых званняў // І ўзнагарод, чым званне — Чалавек».

Як часам няпроста атрымаць гэта званне ў людзей! А атрымаўшы — не страціць. Кожнаму, незалежна ад прафесіі, пасады. І пісьменнікам — таксама. Успамінаецца, як пра гэта пісаў Янка Брыль: «Два найвышэйшыя званні — пісьменнік і чалавек. Адно мне вельмі хочацца набыць, другое — яшчэ больш — не страціць».

Дык сапраўды, ці заўсёды і ўсе жывём так, як трэба? Ці заўсёды даражым тым, чым трэба даражыць?.. Пра гэта задумваецца і паэт Хведар Гурыновіч у сваіх творах. І заклікае ўсё пачынаць з сябе, са сваёй любові да людзей, да жыцця, да ўсяго, што нас акружае. І калі людзі прызнаюць, што ты зрабіў нешта важнае для ўсіх, — перадай яго і свае жыццёвыя веды юным. Так зрабіў і ён, слынны паэт і празаік, у кнізе «Наши друзья от А и до Я». Зрабіў, даючы хлопчыкам і дзяўчынкам веды пра навакольны свет, паказваючы ўзаемасувязь у ім усяго жывога, адушаўлёнага і неадушаўлёнага. З клопатам пра свет сёння, заўтра, заўсёды. І знікне ён ці не — залежыць і ад вас, тых, каму бацькі давераць будучыню сваёй зямлі і ўсяго на ёй, створанага прыродай і імі самімі. Дык жа пачынайма з дабра! Хай і з самай маленькай яго праявы: не замуціў крынічку, не разбурыў гняздзечка, не зламаў дрэўца, а, наадварот, заступіўся, калі хтосьці пагражае ім, растлумачыў, чаму нельга… Як у гэтай кнізе. І калі Хведар Гурыновіч, лаўрэат Літаратурнай прэміі Янкі Маўра, заслужаны ветэран працы «Беларуськалія», ганаровы грамадзянін Салігорскага раёна, звяртаецца да нашчадкаў з заклікам берагчы ўсё, што напрацавалі і збераглі продкі, нашы сучаснікі, мы самі, дык з надзеяй на дабро: ведаем, разумеем, шануем, умацуем, не страцім, перададзім юным.

Мэта такая: каб яны ў свой час перадалі ўсё наша далей, захаваўшы дабрыню і павагу: «Да Маці, да Радзімы, да Зямлі».

Уладзімір Саламаха

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter