Два карані — адна крона

Шлюб украінкі Таццяны Кабржыцкай з беларусам Вячаславам Рагойшам сярод іншых бласлаўляў Уладзімір Караткевіч. Сям’я атрымалася моцнай!Адны калегі па Беларускім дзяржаўным універсітэце называюць кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры славянскіх літаратур Таццяну Кабржыцкую ўкраінскай беларускай, другія ж — беларускай украінкай. Але і тыя, і другія маюць рацыю. Таццяна Вячаславаўна нарадзілася ў Кіеве, узрасла ў Львове, дзе закончыла філфак універсітэта, выкладала ўкраінскую мову і літаратуру ў сельскай школе, вучылася на тым жа факультэце ў аспірантуры. А потым, на канферэнцыі ў Адэсе, прысвечанай Якубу Коласу, пазнаёмілася з наканаваным ёй лёсам беларускім пісьменнікам і літаратуразнаўцам Вячаславам Рагойшам.
Шлюб украінкі Таццяны Кабржыцкай з беларусам Вячаславам Рагойшам сярод іншых бласлаўляў Уладзімір Караткевіч. Сям’я атрымалася моцнай!
Гаспадары Рагойшы з гасцямі ў Ракаўскай хаце-музеіАдны калегі па Беларускім дзяржаўным універсітэце называюць кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры славянскіх літаратур Таццяну Кабржыцкую ўкраінскай беларускай, другія ж — беларускай украінкай. Але і тыя, і другія маюць рацыю. Таццяна Вячаславаўна нарадзілася ў Кіеве, узрасла ў Львове, дзе закончыла філфак універсітэта, выкладала ўкраінскую мову і літаратуру ў сельскай школе, вучылася на тым жа факультэце ў аспірантуры. А потым, на канферэнцыі ў Адэсе, прысвечанай Якубу Коласу, пазнаёмілася з наканаваным ёй лёсам беларускім пісьменнікам і літаратуразнаўцам Вячаславам Рагойшам.
Беларуска-украінскае “вяселле веку”, як яго называлі прысутныя, згулялі ў Ракаве пад Мінскам, на радзіме маладога, восенню 1967 года. Украінскі бок прадстаўлялі бацькі нявесты — вядомая лекарка Клаўдзія Васільеўна і спявак-тэнар, заслужаны артыст, прафесар Львоўскай кансерваторыі Вячаслаў Апанасавіч Кабржыцкія. Рэй вялі дастойныя сваты з беларускага боку — дэкан філфака БДУ Міхась Ларчанка і дырэктар Ракаўскай школы, вядомы краязнавец Васіль Налецкі.
Уладзімір Караткевіч, які ўпершыню на тым вяселлі “паказаў свету” сваю выбранніцу сэрца Валянціну Ватковіч, прачытаў толькі што напісаную “Эпіталаму Таццяне і Славе”. Натуральна, спяваліся ўкраінскія і беларускія песні, спалучаліся вясельныя абрады абодвух народаў.
А потым Ракаў непрыкметна ператварыўся ў “беларуска-украінскае сталічнае мястэчка”. Там часта бывалі і падоўгу жылі госці са Львова і Кіева, сталі праводзіцца міжнародныя “Ракаўскія чытанні”, выходзіць друкаваная сямейная газета “Ракаўскі шлях” (выйшла 40 нумароў). Побач са школьным краязнаўчым музеем і мастацка-археалагічным музеем братоў Янушкевічаў з’явіўся трэці — у бацькоўскай хаце Рагойшаў, дзе побач з мясцовымі рарытэтамі дастойнае месца занялі экспанаты, звязаныя з сям’ёй Кабржыцкіх. На ракаўскіх могілках, пад супольным помнікам знайшлі вечнае супакаенне Клаўдзія Васільеўна і Вячаслаў Апанасавіч.
Што ж датычыцца самой Таццяны Кабржыцкай, то яе ракаўска-мінская акліматызацыя адбывалася лёгка і непрыкметна. Яна хутка загаварыла па-беларуску, прытым натуральна, без аніякага акцэнту, стала перакладаць з беларускай мовы на ўкраінскую і наадварот. Пачала чытаць лекцыі па ўкраінскай літаратуры ў БДУ. У Львове бліскуча абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму: “Украінска-беларускія літаратурныя сувязі пачатку ХХ стагоддзя”, у якой вялікая ўвага ўдзелена Максіму Багдановічу і Сяргею Палуяну. Той жа тэме была прысвечана манаграфія “Карані дружбы”, напісаная Таццянай Вячаславаўнай у сааўтарстве з Вячаславам Рагойшам. Услед выйшла кніга пра Сяргея Палуяна “Слядамі знічкі”.
Цяпер пара перайсці да трох падзей мінулага года ў жыцці Таццяны Кабржыцкай, падзей знакавых, юбілейных.
Першая з іх — выхад яе абагульняючай манаграфіі “Дзве Радзімы — Україна і Беларусь — пад міратворчымі крыламі буслоў: Нацыянальныя гісторыка-культурныя міфы,
ідэйна-эстэтычныя пошукі ўкраінскай і беларускай літаратур” (Мінск, 2011). Яе вялікая навуковая каштоўнасць пераканаўча даказваецца ў прадмовах такіх літаратуразнаўчых мэтраў, як Міхась Мушынскі і Алег Лойка, а таксама ў пасляслоўі Міколы Хмяльніцкага, сімвалічна азагалоўленым “Дзве палавінкі аднаго сэрца, або Слова на будучыню”. Ва ўступным слове аўтар дзеліцца сваім жыццёвым і літаратуразнаўчым крэда, падкрэслівае, што беларускі край стаў родным і для яе трох сыноў, якія таксама пайшлі, хоць і па-рознаму, служыць філалогіі. У манаграфіі прасочваецца ўся гісторыя ўкраінска-беларускіх культурных повязяў — ад “першасных вытокаў і каранёў славянскай супольнасці” да Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча.
Другая падзея — прысваенне Таццяне Кабржыцкай ганаровага звання “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта” ў сувязі з 90-годдзем гэтай навучальнай установы, дзе яна працуе з 1980 года. Дыплом падмацоўваецца каштоўным нагрудным знакам. Хочацца адзначыць, што гэтая ўзнагарода — не першая ў жыцці Таццяны Вячаславаўны: у 2000 годзе ёй, як і Вячаславу Рагойшу, была прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія імя Івана Франка, а ў 2008 годзе Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў за даследаванне ўкраінскай літаратуры і прапаганду яе ў Беларусі высокім ордэнам Княгіні Вольгі.
Урэшце, трэцяя падзея — сам юбілей. Ён шырока адзначаўся ў друку, святкаваўся ў памяшканні рэктарата БДУ (разумею: як апраўданае выключэнне з правіл). На ўрачыстасць прыйшлі, апрача прадстаўнікоў дэканата філалагічнага факультэта і сяброў, усе тры сыны са сваімі сем’ямі. Было сказана многа сардэчных слоў, чыталіся вершы.
Карыстаючыся аказіяй, я задаў юбілярцы некалькі пытанняў.
— Таццяна Вячаславаўна, сардэчна віншую вас з юбілеем! І адкажыце, калі ласка, на некалькі пытанняў “Голасу Радзімы”, які, ведаю, вы чытаеце. Першае: ці падтрымліваеце, жывучы ў Мінску і Ракаве, ранейшыя сувязі з Украінай?
— Трымаю сувязь з Львоўскім нацыянальным універсітэтам імя Івана Франка, Інстытутам літаратуры імя Тараса Шаўчэнкі НАН Украіны, Міжнароднай асацыяцыяй украіністаў, бо сама ўзначальваю Беларускае аддзяленне МАУ. Ва Украіне жывуць мае родныя, сябры, калегі. Сэрца маё, душа па-ранейшаму адкрыты і на Усход, і на Захад. Добрыя калегі ёсць у мяне не толькі ў Беларусі ці ва Украіне, але і ў Расіі, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША.
— А як вам так хутка ўдалося авалодаць беларускай мовай? Другія гадамі не могуць…
— Найперш быў маральны абавязак — ведаць мову той краіны, якая прыняла цябе як свайго грамадзяніна. Потым так мне падказала сумленне, бо гэта мова майго мужа, маіх сыноў. Таму і мая таксама.
— Якія ж прынцыпы пануюць у вашай сям’і, дазваляюць вам суісна-
ваць і тварыць у згодзе?
— Аснова нашых узаемаадносін — узаемапавага. Гэтым жа мы кіраваліся, апрача навуковай аб’ектыўнасці, і пры фарміраванні экспазіцыі Музея поліэтнічнай культуры заходнебеларускага мястэчка ў нашай роднай сядзібе ў Ракаве, дзе побач з беларускімі, рускімі польскімі, яўрэйскімі рэчамі шмат цікавых і арыгінальных экспанатаў, звязаных з украінскай культурай. У прыватнасці, там прадстаўлены матэрыялы пра дзейнасць выдатнага ўкраінскага і беларускага дырыжора Яраслава Вашчака.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter