Два кадры з мінулага. Многія лісты, якія прыходзяць на адрас нашага пошукавага праекта, тэлефонныя звароты сведчаць пра тое, што ў кожнага на душы ёсць нешта такое, што не дае спакою.

Можа, для кагосьці гэта і дробязь, але ж часам за гэтай дробяззю стаяць сапсаваныя адносіны, цяжкія ўспаміны, нават пакалечаныя лёсы. І людзі хочуць патлумачыць свае ўчынкі, разабрацца ў той сітуацыі, папрасіць прабачэння.

Мінчанку Рыму Уладзі-міраўну, якая прасіла не называць сваё прозвішча, таксама хвалюе непаразуменне, што здарылася ў маладосці. Яна спадзяецца, што адгукнецца Уладзімір Сцяпанавіч ТКАЧОНАК, 1950—1955 года нараджэння.
— Некалькі месяцаў таму сярод студэнцкіх фотаздымкаў знайшла два, якія мне вельмі дарагія, — піша яна. — А гісторыя такая. У ліпені 1977 года я, студэнтка, была  на Нарачы ў доме адпачынку. Там пазнаёмілася з Уладзімірам. Выпадковы фатограф, які гуляў па беразе, зрабіў два кадры. Праз некалькі дзён Уладзімір  прынёс мне фатаграфіі. На адной напісаў: “У цяжкія хвіліны я заўсёды побач. 26 ліпеня 1977 года”. Больш мы з ім не бачыліся. Прайшло некалькі гадоў. Мне перадалі ад яго паштоўку-віншаванне з Новым, 1979 годам. Расказалі, што на працягу гэтага часу Уладзімір, студэнт медыцынскага інстытута, шукаў мяне праз знаёмых з філармоніі, прызначаў сустрэчы. Але дзяўчаты яму перадавалі, што я не жадаю яго бачыць. Пасля заканчэння вучобы адна з іх папрасіла перадаць мне паштоўку. Тады ў мяне ўжо была сям’я.
Мінула больш за 30 гадоў, выраслі дзеці, гадуюцца ўнукі. Але на душы цяжка, бо Уладзімір не ведае праўду пра мяне. Хочацца яго знайсці і расказаць усё.
Разам з аўтарам пісьма мы спадзяёмся, што Уладзімір Сцяпанавіч адгукнецца, і мы дапаможам зняць цяжар з душы, пэўна, абодвух герояў гэтай гісторыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter