Два дні нараджэння Івана Касалапава

КОЖНАМУ чалавеку, які прыходзіць у гэты свет, падрыхтаваны свой шлях. На жыццёвай дарозе нам даводзіцца сустракацца з рознымі перашкодамі. Іншым часам здаецца, што ўсё — гэта твой апошні прыпынак, аднак мы працягваем ісці, пакуль не выканаем і не ажыццявім прадвызначанае…

Крэда яго жыцця: «Для таго каб дасягнуць поспехаў, не бывае спрыяльнага або неспрыяльнага часу, проста трэба ставіць перад сабой высакародныя мэты»

КОЖНАМУ чалавеку, які прыходзіць у гэты свет, падрыхтаваны свой шлях. На жыццёвай дарозе нам даводзіцца сустракацца з рознымі перашкодамі. Іншым часам здаецца, што ўсё — гэта твой апошні прыпынак, аднак мы працягваем ісці, пакуль не выканаем і не ажыццявім прадвызначанае…

УРАДЖЭНЕЦ г. Новы Аскол Белгародскай вобласці, а зараз жыхар аграгарадка Жылічы Кіраўскага раёна Іван Касалапаў не аднойчы за сваё доўгае 90-гадовае жыццё быў за крок ад смерці, аднак выратоўваўся і працягваў рухацца наперад. Яго жыццёвы, ваенны і прафесійны шлях адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі «Знак Пашаны», ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За працоўную доблесць» і іншымі. Для самога Івана Ягоравіча найбольшую каштоўнасць мае ўдзячнасць людзей за створанае ім. 40 гадоў жыцця ён прысвяціў аднаўленню і развіццю сельскай гаспадаркі. У 50-х арганізоўваў і кіраваў машынна-трактарнай станцыяй на Дрыбіншчыне, у 60-х — саўгасам «Прагрэс» на Шклоўшчыне і гаспадаркай на Клічаўшчыне. У 1970 годзе Іван Касалапаў узначаліў у Жылічах калектыў тагачаснага саўгаса-тэхнікума, а праз 8 год стаў ля вытокаў адкрыцця і станаўлення Кіраўскага СПТВ-66 механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Кіраўскі ДПЛ № 15). Усюды, куды прыбываў Іван Касалапаў, думкі і дзеянні якога былі перапоўнены энергіяй, аптымізмам і верай у здольнасці людзей, наладжвалася стваральная праца, развівалася вытворчасць, будавалася жыллё, асфальтаваліся дарогі. Але ўсё гэта было пасля…

А ПАКУЛЬ 1933 год. У краіне — масавы голад. Ахвярамі недаядання, хвароб органаў стрававання, інфекцый становяцца сотні людзей… Ваню Касалапаву — 10 год. Ён жыве з бабуляй, бо маці моцна хворая, бацька стараецца хоць чымсьці зарабіць на жыццё, малодшы брацік ужо стаў ахвярай голаду. Калі Івану з бабуляй ужо зусім не было чаго есці, ён залез на гарышча хаты, прытуліўся да дымахода і пачаў чакаць… калі памрэ. Раптоўна рука на нешта наткнулася. Мышыная хованка! Збожжа, сушаныя яблыкі і грушы, грыбы, семачкі. Дзякуючы гэтай знаходцы Ваня выратаваў і сябе, і бабулю.

1941 год. Іван Касалапаў скончыў другі курс мясцовага тэхнікума механізацыі. Юнаку ідзе васямнадцаты год. Голад, перанесеныя пакуты і выпрабаванні — у мінулым. Наперадзе — заканчэнне вучобы, працаўладкаванне, жаніцьба, дзеці. Аднак чэрвеньская раніца перакрэсліла планы. Вайна. На другі дзень Вялікай Айчыннай у хату Касалапавых прыйшла павестка. Гаспадар Ягор Іванавіч сабраў паходную сумку і раніцай наступнага дня прыйшоў у ваенкамат. Ваня разам з ім — правесці бацьку. Аказалася, што паходная сумка збіралася менавіта для яго, бо Ягор Іванавіч з-за хвалявання няправільна прачытаў павестку — яна адрасавалася сыну, на вучобу ў аўтамабільна-матацыклетнае вучылішча Чырвонай Арміі на Браншчыне.

Восенню вучылішча перадыслацыравалі ў горад Мінусінск Краснаярскага краю. Там Іван Касалапаў атрымаў званне лейтэнанта, а затым быў накіраваны на вучобу ў легендарнае першае Харкаўскае танкавае вучылішча імя Сталіна. З яго сцен выйшаў не адзін выпуск камандзіраў-танкістаў, якія вылучаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны гераізмам і мужнасцю. Праявіць сябе выпала і на долю Івана Касалапава.

ДАТУ 24 ліпеня 1943 года Іван Ягоравіч лічыць сваім другім днём нараджэння. Гэтым летнім днём танк камандзіра ўзвода 16-га гвардзейскага асобнага танкавага палка гвардыі лейтэнанта Касалапава падчас баёў за Харкаў быў падбіты ворагам. Іван Ягоравіч успамінае: «Наш танк трапіў у яму ўжо ў тыле ворага. Немцы бачылі, што не ўвесь экіпаж забіты, аднак машыну і нас не знішчалі, каравулілі, пакуль самі вылезем. Падабраўшы момант, мы зрабілі падкоп, завялі танк і вырваліся наперад. Фашысты ўчынілі пагоню. Стрэлы. Выбухі. У адзін момант я кінуў гранату… Нам удалося прарвацца праз нямецкую перадавую. Савецкі салдат з чырвоным сігнальным флажком у руках здаўся нам нябесным анёлам. Нашы! Вырваліся! Даехалі!»

А затым для 20-гадовага Івана Касалапава пачаліся пакуты па ваенных палявых шпіталях. З палаючага танка ён вылез з агульнай кантузіяй і цяжкім раненнем. Слупняк прымусіў медыкаў вынесці яму страшны прыгавор: безнадзейны. Івана прывезлі дадому. Праз некаторы час родныя адправілі яго ў бліжэйшы горад — Стары Аскол, дзе фарміраваліся эшалоны хворых на адпраўку для лячэння ў Сібіры. Прабягаючы міма Касалапава, начальнік шпіталя, прафесар, глянуў на цяжкага юнака і палічыў яго цікавым для сябе экзэмплярам. Загадаў перавезці Касалапава ў Арэнбургскі ваенны шпіталь, дзе за два месяцы вылечыў і падняў на ногі.

Зіма 1944 года. Пасля шпіталя Іван два месяцы праходзіў рэабілітацыю дома, у Новым Асколе. А як толькі крыху акрыяў, набраўся сіл, зноў накіраваўся на фронт, быў залічаны ў 1440 самаходна-артылерыйскі полк. У яго саставе прымаў удзел у Ясска-Кішынёўскай аперацыі, баях за вызваленне Венгрыі.

Вялікую Перамогу Іван Касалапаў сустрэў у Аўстрыі. На памяць аб гэтай знамянальнай падзеі ён зрабіў свой фотапартрэт, на адваротным баку якога напісаў: «На памяць дарагой маме ад сына Івана Касалапава на 22-м годзе свайго жыцця пасля заканчэння вайны, г. Вена, гасцініца «Асторыя», 10 мая 1945 года».

Затым ячшэ некалькі год нёс службу ў Венгрыі, а ў 1948-м вярнуўся дадому.

МІРНАЕ жыццё пачалося для Івана Касалапава з вучобы: закончыў Нова-Аскольскі тэхнікум механізацыі. Наогул выраз «век жыві — век вучыся» — гэта пра Івана Ягоравіча. Каб кіраваць машынна-трактарнай станцыяй, ён скончыў курсы дырэктараў МТС; дзеля асвойвання сутнасці стварэння і дзейнасці саўгасаў вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Каб выкладаць механізацыю ў Жыліцкім саўгасе-тэхнікуме, у 52 гады стаў студэнтам Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі.

Зараз ветэран вайны і працы Іван Ягоравіч Касалапаў — жаданы госць у Жыліцкім сельгаскаледжы, Кіраўскім ліцэі № 15. Звяртаючыся да навучэнцаў, стараецца накіраваць іх думкі і будучыя планы на прадаўжэнне вучобы, павышэнне свайго адукацыйнага ўзроўню. Тое, што веды адкрываюць шляхі ў паспяховае будучае, ён пацвярджае асабістым прыкладам.

«Для таго каб дасягаць поспехаў у жыцці і працы, не бывае спрыяльнага альбо неспрыяльнага часу, — канстатуе Іван Ягоравіч. — Проста трэба ставіць перад сабой высакародныя мэты. Пры гэтым нельга быць эгаістам, варта думаць не толькі аб асабістым дабрабыце, але і аб іншых. Калі тым, хто побач з табой, будзе добра, то і ты будзеш шчаслівым».

Для жыхароў Кіраўшчыны Іван Ягоравіч — паважаны чалавек, жывы прыклад стваральніка з характарам, загартаваным у баях за незалежнасць Радзімы ў гады вайны, удасканаленым у стваральнай працы ў мірны час. А яго гонар, надзея і радасць — жонка, тры сыны, унукі і праўнукі — галоўны здабытак жыцця.

Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter