Минск
+4 oC
USD: 2.05
EUR: 2.27

В Пинске продолжается реконструкция единственного моста через Пину

Два бакi адной ракi

Для 140-тысячнага Пінска мост цераз Піну — не толькі адзін з сімвалаў горада, а своеасаблівая дарога жыцця. Мост звязвае Піншчыну з суседнім Столінскім раёнам. У мінулым годзе яго абследавалі спецыялісты Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута (БелдарНДІ) і прыйшлі да высновы: аб’ект патрабуе сур’ёзнага рамонту. Улічваючы значнасць 217-метровага моста, яго ўключылі ў Дзяржаўную праграму па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог. Зараз на рэканструкцыі задзейнічаны некалькі арганізацый і больш за 70 чалавек. Будаўнікі робяць усё магчымае, каб мост як мага хутчэй пачаў выконваць свае функцыі.

На будаўнічай пляцоўцы працуе тэхніка, шчыруюць людзі.

Лепшы вiд на гэты горад

З левага боку над ракой навісае велічны калегіум езуітаў, пабудаваны ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Справа — доўгая стужка набярэжнай і адзін з найпрыгажэйшых храмаў краіны, касцёл францысканцаў… Пінчукі ведаюць, што лепшы від на горад — прыкладна з сярэдзіны моста.

Зараз праход і праезд цераз мост закрыты. Адсутнічаюць некалькі пралётаў. З аднаго берага Піны на другі мы пераязджаем па пантоннай пераправе. Яе ўзвялі мінулай вясной. Некалькі разоў на тыдзень сярод ночы пераправу закрываюць і адводзяць убок, каб па рацэ маглі прайсці судны. Са сваімі абавязкамі гэты часовы мост спраўляецца няблага. Чэргаў з аўтамабіляў перад ім мы не ўбачылі. Кіроўцы з паразуменнем ставяцца да часовых нязручнасцей:

— Гэты мост пабудавалі ў канцы 1970-х. Хто ў той час мог падумаць, што транспарту стане так многа? — задаў рытарычнае пытанне жыхар Пінска Віталь Сідарук. — Да таго ж у той час максімальная вага велікагруза наўрад ці перавышала 20 тон. А зараз паглядзі, як многа фур. І важаць яны і 35, і 60 тон. Плюс легкавыя аўтамабілі, аўтобусы… Чытаў, што за суткі па гэтым мосце праязджае больш за тысячу адзінак транспарту. Для таго каб пазбавіць Пінск ад транзіту, які ідзе ў бок Століна і Украіны, трэба будаваць яшчэ адзін мост у раёне порта. Такія планы ёсць. Але, думаю, гэта няблізкая перспектыва.

«Гэты мост пабудавалі ў канцы 1970-х. Хто ў той час мог падумаць, што транспарту стане так многа?»

Два пралёты над рэчышчам

Справа ад аварыйнага моста — будаўнічы гарадок. Некалькі вагончыкаў абнесены плотам. У штабе ідзе рабочая нарада. Кіраўнік мостабудаўнічага ўпраўлення № 3 ААТ «Мастабуд» Аляксандр Гурда расказвае: 

— Стараемся працаваць максі­мальна аператыўна. Фактычна будоўля ідзе адначасова з праектаваннем. Гаварыць штосьці канкрэтнае пра срокі сёння цяжка. У нас ёсць дакладная дата, да якой работы павінны быць скончаны, — 31 снежня 2020 года. Зразумела, што цягнуць да наступнай зімы ніхто не будзе, але і агучваць пэўныя срокі не стану. Магу сказаць адно: з фінансаваннем аб’екта праблем няма. 

На дарожным насыпе будаўнікі збіраюць агромністую канструкцыю — металічнае пралётнае збудаванне. Яго даўжыня — 84 метры. Гэта два пралёты над рэчышчам Піны. Па ім пройдзе чатырохпалосная дарога. Аляксандр Гурда расказвае, што хутка збудаванне зойме сваё месца над ракой. Прычым манціраваць яго будуць так, як гэтага раней яшчэ не рабілі:

— Звычайна такія металічныя канструкцыі насоўваюць на апоры. А мы будзем нацягваць з дапамогай лябёдак. Наколькі я ведаю, такі метад у нашай краіне яшчэ ніхто не выкарыстоўваў. Неабходнасць яго прымянення звязана з тым, што астатнія пралёты моста цераз Піну будуць не металічнымі, а жалезабетоннымі. 

Геадэзіст філіяла МБУ-3 ААТ «Мастабуд» Аляксей ЛАРЧАНКА працуе старанна.

Дырэктар філіяла «Мостатрад-58» Алег Белы распавёў, што мост цераз Піну нарабіў будаўнікам нечаканага клопату: 

— Першапачаткова мы думалі, што можна будзе выкарыстоўваць старыя апоры, аднак іх прыйшлося ўмацоўваць. Разлікі паказалі, што яны проста не вытрымаюць сучасных нагрузак. Таму давялося папрацаваць і з фундаментамі апор, і з іх «целамі».

Фундаментальныя апоры

На будаўнічай пляцоўцы працуе тэхніка, шчыруюць людзі. Амаль палова русла ракі перакрыта насыпам. Разам з Аляксандрам Гурдой падыходзім да адной з апор. Кіраўнік упраўлення распавядае, што ўжо зроблена і над чым працуюць зараз: 

— Старыя рыгелі зрэзалі і ўтылізавалі. Паглядзіце, наверсе апоры зрабілі каркас пад апалубку. Яе зараз апрацоўваюць спецыяльным саставам, каб бетон не прыставаў. Паралельна ідзе арміраванне «цела» апоры нумар чатыры. У ім трэба зрабіць 240 адтулін глыбінёй 60 сантыметраў. У кожную з іх умацоўваюць кручкі, якія будуць трымаць арміраваную сетку. 

Будаўнікі збіраюць агромністую канструкцыю — металічнае пралётнае збудаванне. 

Умацаванне фундамента апоры — звыклая, але няпростая працэдура. Перш за ўсё трэба атрымаць да яго доступ. Для гэтага неабходна адсекчы ваду, абнесці кожную апору 12-метровымі шпунтамі. Калі работы будуць скончаны і шпунты і штучны насып прыбяруць. Піна зойме звыклае месца ў сваіх прыродных берагах. 

— Да пачатку рэканструкцыі побач з мостам знаходзіліся старыя апоры, якія былі пабудаваны, здаецца, у 1927 годзе, — распавядае Аляксандр Гурда. — Пінскія мастакі ператварылі іх у арт-аб’ект. Але нам прыйшлося гэтыя апоры знішчыць. Інакш мы б не змаглі атрымаць доступ да фундаментаў. Многія пінчукі за гэта на нас пакрыўдзіліся, але другога варыянта сапраўды не было. Думаю, што і новы мост можа стаць выдатнай пляцоўкай для мастакоў і адной з гарадскіх славутасцей. Мы гэтаму будзем толькі рады.

losich@sb.by

Фота БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
4.5
Загрузка...