Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Напісаннем дыктоўкі адзначылі Дзень роднай мовы супляменнікі ў Клайпедзе

Душэўныя ўрокі беларускасці

Зноў апынуцца за партай вырашылі сябры беларускай суполкі “Крыніца” з Клайпеды. І хоць многія з іх вучыліся ў школе 40-50 гадоў таму, у Дзень роднай мовы крынічане пераўтварыліся ў вучняў. Тэкст пра жыццё Вінцэнта  Дуніна-Марцінкевіча, 210-я ўгодкі якога адзначаюцца сёлета, падрыхтавалі настаўнікі Беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны ў Вільнюсе. Яго ж пісалі, дарэчы, і супрацоўнікі беларускай Амбасады ў Літве, і выкладчыкі гімназіі. А ў Клайпедзе дыктавала  яго мінская мастачка й вынаходніца, кандыдат філасофскіх навук Ала Губарэвіч. Яна ж прывезла ў Клайпеду сваю выставу “Еўрапейскія шляхі Францыска Скарыны”, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Карціны Ала вырабляе з тэкстылю: нітак, стужак, кавалкаў тканіны, пражы. І ў кожнай з прац — вобраз асветніка. Да таго ж экспазіцыя ў храналагічным парадку расказвае пра жыццё першадрукара ў Полацку, Вільні, Кракаве, Празе, Вітэнберзе ды іншых гарадах. Арыгінальна прадставіла мастачка і кнігі Скарыны.

Дыктоўку ў Клайпедзе праводзіць Ала Губарэвіч 

Выстава месціцца ва ўтульнай зале Цэнтра нацыянальных культур Клайпеды, там жа знайшлі “клас” для напісання дыктоўкі. Атмасферу цеплыні стваралі любімыя многімі песні “Мой родны кут,” “Спадчына”, якія акапэльна выконвалі Валянціна Снігур ды Ірына Сімачова.

Пяты ўжо раз адзначалі Дзень роднай мовы супляменнікі ў Клайпедзе. Раней такія сустрэчы крынічан прысвячаліся юбілеям Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Рабілі неяк інсцэноўку, сыгралі па ролях частку паэмы “Тарас на Парнасе”. Сёлетнія ж аркушы з дыктоўкай яе ўдзельнікі забралі дадому, як напамін: трэба любіць і шанаваць родную мову. 

Наталля Лаяўскене (Карнілава), сяброўка суполкі “Крыніца”, г. Клайпеда, Літва

Голас Радзімы № 10 (3562), чацвер, 15 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter