Душа прасiлася да мора...

Вядомы   падарожнiк-мараплавец  Фёдар   Конюхаў   вучыўся  ў   бабруйскiм   мастацкiм   ГПТВ-15

Вядомы   падарожнiк-мараплавец  Фёдар   Конюхаў   вучыўся  ў   бабруйскiм   мастацкiм   ГПТВ-15 

Напэўна, сёння нiкому не трэба прадстаўляць Фёдара Конюхава, вядомага расiйскага мараплаўца, якi ажыццявiў каля 50 унiкальных экспедыцый, у тым лiку чатыры кругасветныя плаваннi. Ён выказвае сваё бачанне свету ў кнiгах, карцiнах. Фёдар Пiлiпавiч – член Саюза пiсьменнiкаў i мастакоў Расiйскай Федэрацыi, адзначаны яшчэ ў савецкi час ордэнам Дружбы народаў, шэрагам прэстыжных мiжнародных узнагарод. Ганаровы жыхар гарадоў Находка (Прыморскi край), Цернi (Iталiя), пасёлка Бяргiн (Калмыкiя). 

Але ж не ўсе ведаюць, што Конюхаў вучыўся ў бабруйскiм мастацкiм ГПТВ-15. Было гэта тры з паловай дзесяткi гадоў таму, але ў вучылiшчы яго памятаюць i цёпла адзываюцца. 

— У нашым каледжы (раней вучылiшча), — расказвае ягоны дырэктар Васiль Крычко, — вучылiся тыя, хто нават прыехаў з Уладзi-вастока i Калiнiнграда. Конюхаў прыехаў з Украiны. Яго, як iншагарод-няга, пасялiлi ў iнтэрнаце. Я таксама тут жыў, пакой амаль насупраць. Канешне, не маглi не пазнаёмiцца. Фёдар, памятаю, высокi, мускулiсты, пастаянна насiў модную па тым часе цяльняшку. Казаў, цяльняшка – не мода, а ягоная ўпадоба, прызванне, бо нарадзiўся на беразе Азоўскага мора. Як высветлiлася, яшчэ школьнiкам-старшакласнiкам пераплыў Азоў на вёсельнай лодцы. «Вось гэта ўчынак!» – дзiвiлiся мы. А ён спакойна ўсё ўспрымаў, нiякага ўзвышэння, ганарлiвасцi. Сцiплы па натуры. Такi i ў быце, i на занятках. Але было ў iм нешта такое, што прыцягвала. З iм хацелася блiжэй знаёмiцца, сябраваць. 

Былая навучэнка ГПТВ Марыя Пiлькевiч, як i Конюхаў, жыла ў iнтэрнаце. Нярэдка, расказвае, даводзiлася сустракацца. Запом-нiлiся яго, колеру марской хвалi, вочы, добрая ўсмешка. Да Фёдара заляцалiся дзяўчаты, i ён гатовы быў адказаць узаемнасцю, але... быў захоплены морам, якому не мог здрадзiць. 

Валерый Дзмiтрычэнка, якi працуе майстрам вытворчага навучання ў каледжы, вучыўся з Конюхавым у адной групе — № 11 рэзчыкаў-iнкрустатараў. У ёй было 35 чалавек. Фёдар запомнiўся сваёй упартасцю, настойлiвасцю, i гэта датычылася вучобы, адпачынку, удзелу ў розных мерапрыемствах. I пры ўсiм тым, што ў групе было шмат тых, хто прайшоў армiю, меў немалы жыццёвы вопыт. У iм ужо тады была нейкая магутнасць, сiла, якая, можа, i не кожнаму дадзена. 

Па тым часе многа праводзiлася паходаў выхаднога дня, i Фёдар з’яўляўся актыўным iх удзельнiкам. Майстар вытворчага навучання толькi азавецца, а ён: «Я гатовы!». Звычайна хадзiлi ўверх па Бярэзiне, да вёсак Шчаткава, Краснае, на Белы Бераг. Фёдар – у першых шэрагах. Як ён арыентаваўся ў абстаноўцы, як хутка мог насекчы дроў, цяпельца раскласцi — бы ўсё жыццё гэтаму навучаўся! А на рэчцы будзе сядзець, углядацца ў далячынь, аб нечым сваiм думаць. «Яго стыхiя, як я зразумеў, — зазначае Валерый Мiхайлавiч, — вада, мора. Я вось сваiм цяперашнiм навучэнцам, калi расказваю пра Конюхава, абавязкова падкрэслiваю, што ў кожнага, як i ў яго, павiнна быць свая «стыхiя», свой занятак, якi б i табе на карысць, i грамадству. 

Васiль Курсакоў у той час працаваў майстрам вытворчага навучання паралельнай групы, у якой навучаўся Конюхаў. Падтрымлiваў цесныя кантакты са сваiм калегам Георгiем Краўчуком. Той расказваў пра Фёдара: «Любiў iнкрустацыю, зычлiвы, таварыскi. Быў задаволены тым, што менавiта трапiў у групу iнкрустатараў, бо там майстар Краўчук скончыў ад-дзяленне жывапiсу тэатральна-мастацкага iнстытута. Адным словам,
нiякiх праблем!» 

Аднак правучыўся Конюхаў каля года, бо патэлефанаваў яму бацька, капiтан далёкага плавання, i запрасiў у падарожжа па Мiжземным моры, якое павiнна было доўжыцца месяц. Фёдар казаў Краўчуку: «Я павiнен ехаць, бо шмат страчу...» Запрашаў таго з сабой, але дырэктар вучылiшча не адпусцiў, бо давялося б прапускаць частку заняткаў. «I тады, вiдаць, Фёдар, — расказвае Васiль Сцяпанавiч, — прыняў самастойнае рашэнне: пакiнуць навучальную ўстанову. Яшчэ для нас з майстрам развiтальны стол арганiзаваў, падараваў мне сувенiр «Царыца мора», якi i да гэтага часу захоўваю. 

I мой успамiн пра Конюхава – ягоны партрэт у iнкрустацыi, якi я выканаў. Дарэчы, гэта работа была прадстаўлена на свяце славянскай пiсьменнасцi ў Шклове, яшчэ на шэрагу выстаў i цяпер заняла сваё пачэснае месца ў нашай навучальнай установе». 

...Сядзiм з дырэктарам каледжа Васiлём Крычко ў ягоным кабiнеце, гартаем кнiгу дзённiкавых запiсаў Конюхава «Фiласофiя падарожжаў» i раздумваем аб яго феномене: аўтар кнiгi i падказвае, бо ягоныя продкi – рыбакi-паморы з Архангельскай вобласцi. Бацька, як гаварылася вышэй, марскi капiтан. Аднак ён пайшоў далей. I зрабiў куды болей. Мэтанакiраваны, адважны, ён столькi аб’ездзiў, узы-ходзiў на горныя вяршынi, пераплываў акiяны! Да дробязей прадумвае кожную сваю экспедыцыю. I гэта дапамагае ў самых складаных сiтуацыях, як кажуць, сухiм выходзiць з вады. 

«Праз свае падарожжы, — чытаем мы ў вытрымках з кнiгi Конюхава, — я пазнаю свет i пазнаю самога сябе. Мяне не столькi цiкавяць фiзiчныя нагрузкi, колькi сiлы духоўныя, якiя атрымлiваю ў час падарожжаў. Пераадольваю спачатку шлях духам, а потым ужо целам. Таму, хто ставiць мэтай узысцi на вяршыню Эверэста цi дабрацца да Паўночнага полюса, або ўбачыць з паруснай яхты мыс Горн, хачу сказаць: у першую чаргу трэба пераадолець самога сябе. Толькi тады дарога, якая ляжыць наперадзе, ператворыцца ў сiмвал, iнструмент сувязi са знешнiм светам, пазнання мяжы чалавечых магчымасцей». 

На здымку: Фёдар Конюхаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter