Душа хаты.

Якое значэнне мае выраз “скакаць ад печы”?

Гэты выраз як нельга лепш апісвае месца печы ў хаце і жыцці чалавека. Печ — цэнтр хаты, ачаг, вакол якога ў халодную пару года канцэнтруецца жыццё ў хаце, на якім рыхтуецца ежа.

  • Да печы заўсёды ставіліся з вялікай павагай і ўвагай: на печы адпачывалі, яна сагравала і лячыла, на ёй зараджалася новае жыццё, на ёй чакалі свайго скону...
  • За печчу жыў ахоўнік сямейнага дабрабыту — дамавік. 
  • Печ — захавальніца полымя, той жыццёвай энергіі, якая сімвалізуе жыццё ў хаце і дабрабыт. У будзённым жыцці полымя ў печы не гасілі: усю ноч захоўвалі вугельчыкі, якія раніцай распальвалі, і печ ажывала наноў. Перад тым як закрыць, “засланіць” печ ад сонца (адсюль і за-слон-ка), гаспадыня павінна была засыпаць у невялікае паглыбленне вугельчыкі і прысыпаць іх попелам. Загадкі сталі таму яскравым сведчаннем: “Поўны засечак красных яечак”, “Поўна карыта золатам наліта”.
  • Вопытныя гаспадыні ведалі: каб захаваць прыбытак і дабрабыт у сям’і, нельга аддаваць вугельчыкі са сваёй печы, а перад тым, як пераехаць у новую хату, трэба было абавязкова забраць іх і перанесці ў новую.
  • Печ “за-мір-ала”, калі ў хаце нехта па-мір-аў. У такім выпадку агонь у печы забаранялася распальваць на працягу трох дзён.
  • Полымя ў печы маглі пагасіць у час эпідэміі. Тады ва ўсім паселішчы ў хатах печы “астывалі”. А затым ад хаты да хаты насілі “жывое полымя”, распаленае з дапамогай трэння.
  • Толькі адзін раз на год полымя ў печы гасілі спецыяльна — у дзень вясновага раўнадзенства (21 сакавіка), калі яго на ўсё лета выносілі на двор. У дзень восеньскага раўнадзенства (21 верасня) яго зноў распальвалі ў печы ад грамнічнай свечкі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter