З вышэйшай матэматыкай, мовамi i музыкай на ты: у Вiцебску жыве таленавiты хлопец-аўтыст

Душа, адкрытая ўнутр

У  невялічкай двухпакаёвай кватэры гучыць прыемная музыка. Кампазіцыя «Дождж ідзе» як нельга лепш перадае настрой юнага піяніста. Ён, невысокі хударлявы юнак з летуценнай усмешкай на вуснах, па-майстэрску перабірае клавішы. І мне здаецца, што гэты хлопчык цяпер дзесьці вельмі далёка, у іншым свеце. Можна сказаць, што так яно і ёсць. З «асаблівага» дзіцяці Мішы Трусава вырасла ўнікальная творчая асоба. Тым, хто побач, часам складана зразумець яго, а яму, упэўненая — іх. Знайсці агульныя межы сутыкнення са сваім дзіцем, на ўзроўні пачуццяў і думак наладзіць дыялог, прызнаецца мама Ала Міхайлаўна, было няпроста. Тады, больш за 20 гадоў назад, спецыялісты пераконвалі: дыягназ «аўтызм» — прысуд. Абмежаваная прастора, чатыры сцяны дома, за якія ён ніколі выйсці не зможа...

Гітара — адно з апошніх захапленняў Міхаіла

Фотапаляванне ў гарадскім асяроддзі


На ўсіх здымках незвычайнага фатографа абавязкова прысутнічае бяздоннае неба — яны як бы свецяцца знутры.

Але Міша дзякуючы бацькам, бабулі і дзядулю даказаў: гэта не так. Ён проста не такі, як усе, і бачыць свет па-іншаму. Горшы ці лепшы гэты свет у яго вачах? Наўрад ці нам, звычайным і «стандартным», наканавана гэта зразумець і ацаніць. Сёння Міхаіл Трусаў — першакурснік завочнага аддзялення Варонежскага эканамічнага ўніверсітэта. Вывучае менеджмент і маркетынг. Ён здзіўляе педагогаў незвычайнай глыбінёй сваіх ведаў і здольнасцю па дарозе да мэты знаходзіць унікальныя рашэнні. Любімы прадмет — вышэйшая матэматыка. Калі Міша рашае складаныя задачы і ўраўненні, яго твар становіцца такім натхнёным, як быццам рамантычны юнак складае вершы каханай. А яшчэ хлопец на раз разгадвае вельмі складаныя рэбусы, без памылак піша не толькі па-руску, па-беларуску, але і па-англійску. З камп’ютарам на ты. Захапляецца фатаграфіяй і нават арганізаваў уласную выставу ў гарадскім краязнаўчым музеі. Разам з мамай і татам Міша шмат падарожнічае. Залатое кальцо Расіі, Валаам, Кіжы, Крым, Санкт-Пецярбург, Швецыя, Фінляндыя, Прыбалтыка, Пскоў, Ноўгарад — геаграфія шырокая. Міша прывозіць з экскурсій мноства новых уражанняў і, вядома ж, здымкаў. Дома ён рыхтуецца да сесіі, ходзіць у басейн і ў нядзельную школу, сам робіць пакупкі ў краме, гатуе абеды. Адназначна вызначае тонкія межы дабра і зла. Любіць слухаць Булата Акуджаву і Уладзіміра Высоцкага, беражліва захоўвае іх старыя дыскі.

Мама Ала Міхайлаўна: любімая кніга Мішы — татаў падручнік па самалётабудаванні

Сшытак па вышэй шай матэматыцы — студэнт усе заданні выконвае самастойна.

Падручнікі заўсёды ляжаць пад рукой

Кнігі для душы

Пазнаёміўшыся з героем сённяшняга рэпартажу бліжэй, я зразумела: гэта ўсебакова таленавіты чалавек. Так, трошкі незвычайны. Для нас незразумелы. Але ці  ідэальныя мы самі і ў чым ён, гэты ідэал? Вось хлопец, летуценны і нясмелы, рашучы і адважны адначасова, бярэ новыя акорды, прымушаючы піяніна спяваць, плакаць, радавацца... Цудоўна! Узровень музычнай падрыхтоўкі, сцвярджаюць педагогі, — як на трэцім курсе музвучылішча. А яшчэ Міша грае на гітары і збіраецца вывучаць лагістыку ў Міжнародным інстытуце працоўных і сацыяльных адносін. Я ўпэўнена: усё ў яго атрымаецца. Проста «асаблівага» хлопца трэба своечасова падтрымаць. І гэтую падтрымку ён атрымлівае. Ад бацькоў, педагогаў, дактароў і псіхолагаў — усіх неабыякавых да яго лёсу людзей. Поспехаў табе, Міша! Няхай наш свет у тваіх вачах будзе добрым і яркім.

a_veresk@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter