Национальный язык - признак не только выдающегося, но и самостоятельного народа

Духоўны скарб

Кажуць, чым больш чалавек ведае моў, тым больш шырокая культурная прастора перад ім адкрываецца. Беларусам у нейкім сэнсе пашанцавала. Бо нам даступны ўсе культурныя каштоўнасці, увасобленыя і ў беларускай, і ў рускай мове. Аднак ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму ўзнікаюць і пэўныя праблемы. Відавочна, што руская мова сёння дамінуе над беларускай. Але сітуацыя змяняецца. Пра апошнія тэндэнцыі мы пагутарылі з дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігарам Капыловым напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які, дарэчы, адзначаецца менавіта сёння.


- Тэндэнцыі цікавыя. З аднаго боку, змяншаецца колькасць носьбітаў беларускай мовы ў сельскай мясцовасці. Прычына - вымірае сама вёска. З другога боку, беларуская мова актыўна пранікае ў новыя сферы. Да прыкладу, IT. Многія праграмісты імкнуцца размаўляць па-беларуску. Акрамя таго, яны праводзяць вялікую работу па захаванні і развіцці нацыянальнай мовы. У прыватнасці, дапамагаюць нам у стварэнні новага тлумачальнага слоўніка. Папулярызуюць беларускую мову і медыкі. Адносна нядаўна ў наш інстытут звярнуўся за кансультацыяй хірург-анколаг-практолаг, які падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю па-беларуску. Вялікі ўклад уносіць Каталіцкі касцёл, паступова пачынае выкарыстоўваць беларускую мову ў набажэнстве Праваслаўная царква. Прадстаўлена беларуская мова і ў інтэрнэт-прасторы. Летась давялося пабываць на канферэнцыі ЮНЕСКА ў Якуцку, прысвечанай захаванню моў і развіццю моўнай разнастайнасці ў кіберпрасторы. Сітуацыя з мовамі ў свеце не лепшая. Амаль палова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Эксперты ўпэўнены - выратаваць мову можа яе выкарыстанне ў інтэрнэт-прасторы. Таго патрабуе час. Нам у гэтым плане ёсць чым ганарыцца.

- Беларуская мова становіцца таксама мовай бізнесу. Ігар Лявонавіч, на ваш погляд, гэта трэнд, патрэба ці маркетынгавы ход?

- Адназначнага адказу на гэта пытанне няма. Для адных бізнесменаў выкарыстанне роднай мовы з’яўляецца святым абавязкам і ўнутранай патрэбай. Другія сапраўды выкарыстоўваюць беларускую мову як сродак папулярызацыі сваіх паслуг і тавараў, і даволі дзейсны. Кампаніі, якія выбралі такі шлях, сведчылі, што пасля пераходу на беларускую мову колькасць іх кліентаў значна павялічылася. І тут гаворка і пра трэнд, і пра маркетынгавы ход. Адзінае, хацелася б пажадаць такім бізнесменам, каб ужыванне беларускай мовы ў іх кампаніях не абмяжоўвалася толькі наборам ветлівых фраз.

- Каб мова жыла, важна, каб яна папаўнялася новымі словамі. З якіх крыніц сёння жывіцца беларуская мова?

- Іх вельмі шмат! Працэс узбагачэння лексікі беларускай мовы адбываўся на працягу ўсёй гісторыі, але асабліва інтэнсіўныя змены ў лексічнай сістэме адбыліся ў 1990-я гады, і гэты працэс працягваецца. Па-першае, папаўненне адбываецца за кошт запазычанняў. Гэта натуральны працэс. Разам з новымі рэаліямі і прадметамі ў наша жыццё праніклі такія словы, як “камп’ютар”, “ноўтбук”, “смайлік” і многія іншыя. Поруч з тэндэнцыяй да інтэрнацыяналізацыі назіраецца тэндэнцыя да нацыяналізацыі, калі мова папаўняецца за кошт унутраных рэсурсаў. Актывізаваліся словы, якія былі актуальныя ў 20-30 гады ХХ стагоддзя, калі ішла беларусізацыя і выдавалася вялікая колькасць слоўнікаў: “асадка”, “мапа”, “атрамант”. Таксама словы бяруцца з народных гаворак. Некаторыя належаць асобным аўтарам. Напрыклад, у свой час такія наватворы Уладзіміра Дубоўкі, як “адлюстроўваць”, “ажыццяўленне”, “дабрабыт”, “мілагучны”, “мэтазгодны” і іншыя, увайшлі ў літаратурную мову.

На сучасным этапе ў лексічнай сістэме беларускай мовы назіраецца варыянтнасць. Часам задумваемся, які з варыянтаў з’яўляецца лексічнай нормай і што выбраць - “адсоткі” ці “працэнты”, “наклад” ці “тыраж”, “вакацыі” ці “канікулы”, “амбасадар” ці “пасол” і гэтак далей. Такіх лексічных пар сотні. Развіваецца маладзёжны слэнг. Напрыклад, “жбаніць галаву” - уводзіць у падман, “гуртажытак” - студэнцкі інтэрнат, “дабранак” - развітанне пад раніцу тых, хто ўначы кантактаваў у інтэрнэце, “рушава” - шматлюднае мерапрыемства. Усё гэта з’яўляецца пацвярджэннем таго, што мова развіваецца.


«Святы абавязак кожнага з нас, жыхароў сённяшняй Беларусі, захаваць сваю нацыянальную мову. Каб нам не было сорамна ні перад нашымі продкамі, якія пранеслі мову праз стагоддзі, нягледзячы на ўсе перыпетыі гісторыі, ні перад нашчадкамі, якія могуць папракнуць у тым, што, здабыўшы незалежнасць краіны, мы не захавалі для іх гэты  скарб. Скарб, які дазваляе нам быць не толькі адметнай, але і самастойнай нацыяй».

- Але гэта варыянтнасць моцна блытае, асабліва тых, хто толькі пачынае размаўляць па-беларуску... Зараз у Інстытуце мовазнаўства ідзе распрацоўка новага тлумачальнага слоўніка. Ці дапаможа ён разабрацца, у якіх выпадках варта выкарыстоўваць тое ці іншае слова?

- Адносіны да новых слоў кардынальна супрацьлеглыя. Ёсць кансерватары, прадстаўнікі старэйшага пакалення, для якіх нейкія змены ў лексічнай сістэме мовы непрымальныя. І ёсць рэфарматары, якія вітаюць новыя словы, самі актыўна іх ужываюць. Задача нашага інстытута ў гэтым плане няпростая. З аднаго боку, мы павінны фіксаваць у слоўніках усё, што адбываецца ў мове. А з другога, не маем права расхістваць моўную сістэму, бо па нашых выданнях рыхтуюцца падручнікі, ідзе навучанне ў школе. Таму перш чым даць слова ў слоўніку, мы вывучаем кожную лексічную пару: ці было такое слова ў старажытнасці з XIV па XVII стагоддзе, калі старабеларуская мова выконвала функцыю дзяржаўнай у ВКЛ, ці ўжывалася яно ў перыяд беларусізацыі ў 20-30 гадах мінулага стагоддзя, ці сустракаецца ў народных гаворках. Стараемся прасачыць гісторыю кожнага слова. Акрамя гэтага, аналізуем статыстыку ўжывання дзякуючы рэсурсу “Беларускі N-корпус”. Калі колькасць ужываняў слова ідзе на тысячы, фіксуем яго ў слоўніках як паўнавартасную лексічную адзінку. Скажам, ніколі ў беларускай мове не было слоў “марозіва”, “заўзятар”, гэта ўкраінізмы, але сёння яны так распаўсюдзіліся, што мы былі вымушаны ўключыць іх у тлумачальны слоўнік. Калі слова знаходзіцца на шляху замацавання або характэрна толькі для пэўнай сферы выкарыстання, даём адпаведную памету: размоўнае, рэгіянальнае і падобнае. Пройдзе час, жыццё само ўнясе карэктывы, і застанецца той варыянт, які будзе больш прыдатны ў моўнай практыцы. У мове таксама адбываецца свой натуральны адбор.

- Ігар Лявонавіч, калі можам патрымаць доўгачаканы слоўнік у руках?

- Праца над тлумачальным слоўнікам вельмі складаная. Сербы працавалі над сваім 50 гадоў, літоўцы - 60… Мы не можам дазволіць сабе рабіць слоўнік так доўга. Але гэта праца не аднаго года. У нас ёсць канцэпцыя слоўніка, створана база, якая складае больш за 330 мільёнаў словаўжыванняў. На сённяшні дзень рэестр слоўніка налічвае 255 тысяч слоў. Для параўнання, аб’ём пяцітомнага тлумачальнага слоўніка, якім мы карыстаемся сёння, складае крыху больш за 97 тысяч. Да канца года плануем падрыхтаваць рукапіс першага тома. Усяго плануецца пятнаццаць тамоў. Паралельна вядзецца работа і над электроннай версіяй слоўніка, што дазволіць уносіць змены і дапаўненні, не чакаючы перавыдання папяровых варыянтаў. За электроннымі слоўнікамі будучыня. Нашы польскія калегі, напрыклад, адмовіліся ад папяровых акадэмічных выданняў і практычна завяршылі работу над вялікім тлумачальным слоўнікам польскай мовы.

- Сёння мы жывем у сітуацыі дзяржаўнага білінгвізму. Але ж гэта характэрна не толькі для нашай краіны. Ці вывучаецца вамі міжнародны вопыт?

- Для нас вельмі цікавы вопыт краін, дзе існуе не адна мова. Такіх краін у свеце не так і мала - Швейцарыя, Канада, Бельгія, Люксембург, Фінляндыя, Вялікабрытанія. Нядаўна наш інстытут правёў па ініцытыве пасольства Вялікабрытаніі і Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права канферэнцыю на тэму “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі”. У прыватнасці, на ёй выступіў прафесар Кембрыджскага і Кардыфскага ўніверсітэтаў Колін Уільямс, які расказаў пра статус карэнных моў у Паўночнай Ірландыі, Шатландыі і Уэльсе. Параўноўваць сітуацыю з валійскай мовай у Вялікабрытаніі і з беларускай мовай у Беларусі не зусім правільна. Гэльская мова - мова нацыянальнай меншасці, а беларуская мова - мова нацыянальнай большасці. Але праблемы ў нечым падобныя. Нам было цікава азнаёміцца са зместам стратэгіі Уэльса “Мільён носьбітаў валійскай мовы да 2050 года”. Даведаліся, што ва Уэльсе ёсць пасада моўнага камісара, які адказвае за забеспячэнне імплементацыі закона аб валійскай мове і моўных стандартаў, маніторынг іх выканання, вырашэнне моўных спрэчак. Мы падзяліліся ў сваю чаргу ўласным вопытам. У нас выдатнае заканадаўства, якое дазваляе гарманізаваць моўнае жыццё Беларусі. Проста палажэнні, замацаваныя ў заканадаўчай базе, трэба ўвасабляць у жыццё. А для гэта трэба, па-першае, каб кожны дзяржслужачы ў аднолькавай ступені валодаў абедзвюма дзяржаўнымі мовамі з мэтай забеспячэння пры неабходнасці моўных правоў грамадзян нашай краіны. Па-другое, у грамадстве павінна быць матывацыя да вывучэння беларускай мовы. Па-трэцяе, неабходна весці вялікую работу па павышэнні моўнай кампетэнцыі. А для гэтага неабходна сумеснымі намаганнямі падумаць аб прыняцці дзяржаўнай праграмы па захаванні і пашырэнні сферы выкарыстання нацыянальнай мовы.

- Традыцыйна ў Міжнародны дзень роднай мовы інстытут дзеліцца вынікамі працы за мінулы год. Чым можаце пахваліцца сёлета?

- Выдадзена кніга «Плытніцтва». Гэты занятак, некалі вельмі папулярны ў беларусаў, сёння фактычна адышоў у гісторыю. Нам удалося сабраць пад адной вокладкай усю лексіку, звязаную з плытніцтвам. Лічу, гэта вельмі вялікі ўклад у захаванне нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Акрамя таго, разам з выкладчыкамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта выдалі першы ў гісторыі лексікаграфіі “Французска-беларускі слоўнік прававой лексікі”. Пасля Вялікай размовы з Прэзідэнтам Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі разам з Інстытутам мовазнаўства пачаў вялікую работу па перакладзе заканадаўчых актаў на беларускую мову. Вынікі ёсць. На партале pravo.by апублікаваны Кодэкс аб сям’і і шлюбе, Выбарчы кодэкс, завяршаем пераклад Грамадзянскага кодэксу. Праца няпростая, але яна таксама ўзбагачае беларускую мову. Напрыклад, у Кодэксе аб сям’і і шлюбе зафікасаваны такія паняцці, як “сужэнцы” (“супруги”), “усынаўляльнік” (“усыновитель”), “успадкаваць” (“получить в наследство”) і многія іншыя. Калі створым базу беларускамоўных кодэксаў, неабходна будзе падумаць аб распрацоўцы механізму, які дазволіць парламентарыям прымаць законы адразу на дзвюх дзяржаўных мовах.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter