Новыя звесткі пра тэксты да паланэза “Развітанне з Радзімай” і пра Леанарда Ходзьку, сакратара Міхала Клеафаса Агінскага, ёсць у выданнях, якія падрыхтавала Таццяна Кляшчонак

Духоўная спадчына Залесся

Новыя звесткі пра тэксты да паланэза “Развітанне з Радзімай” і пра Леанарда Ходзьку, сакратара Міхала Клеафаса Агінскага, ёсць у выданнях, якія падрыхтавала Таццяна Кляшчонак

У сувенірным кіёску вёскі Залессе не меншым поспехам, чым рускамоўны “Календарь-биография Михала Клеофаса Огинского” на 2015 год (яго мы аглядалі ў папярэднім нумары газеты) карыстаецца і макрабрашура “Так спяваюць “Паланез Агінскага” ў Беларусі, Літве, Польшчы…”.  Побач з нотамі знакамітага паланеза там змешчаны сем вершаваных да яго тэкстаў.

Помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму ў Маладзечне (2001). Скульптар Валяр’ян Янушкевіч

У беларускай і польскай прадмовах да брашуры аўтарка, “даследчыца жыцця і творчасці М. -К. Агінскага” (так характарызуе сябе ў подпісе сама Таццяна Кляшчонак), сцвярджае: музычную спадчыну Міхала Клеафаса складаюць “каля 20 рамансаў і 29 твораў для фартэпіяна (яго патрыятычныя песні, напісаныя для паўстанцаў, большай часткай прапалі або засталіся безыменнымі, а оперу “Банапарт у Каіры”, напісаную з палітычнай нагоды, сам кампазітар лічыў слабай). Сярод іх — вальсы, маршы, 3 мазуркі, менуэт, галоп і 24 паланэзы”.

Легендарную славу ва ўсёй Еўропе, працягвае аўтар прадмовы, Агінскаму прынёс паланэз ля-мінор, якому пазней надалі назву “Развітанне з Радзімай”. У розны час і ў розных краінах ды на розных мовах з’явіліся да яго вершаваныя тэксты. Жыхары вёскі Залессе, ля якой знаходзіўся маёнтак Агінскага, “маюць уласны тэкст, складзены невядомым мясцовым паэтам” (звернем увагу на апошнія словы!).
Ансамбль “Песняры” спявае “Паланэз Агінскага” па-руску і па-польску на словы кіраўніка Вячаслава Шарапава. “Беларускі варыянт песні на словы Сяргея Сокалава-Воюша ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя прымаў удзел у конкурсе на ролю беларускага дзяржаўнага гімна, заняўшы ў выніку 5-е месца”. З калекцыі, сабранай аўтаркай  і дырэктаркай Сядзібы-музея Агінскага ў Залессі Людмілай Градзіцкай, у выданне ўключаны “Гузаўскі варыянт “Паланэза Агінскага” на польскія словы Г. Шымульскай, а таксама “Рэтаўскі варыянт” на літоўскія і рускія “народныя словы”, дасланыя з Літвы ў Залессе (1998) краязнаўцам Элеанорай Равіцкене.

Дык які ж з варыянтаў варта выконваць перад турыстамі ў прывабнай залескай зале, якая віднеецца ў макрабрашуры на адным са здымкаў? Заахвочаны словамі Таццяны Кляшчонак: “Збіранне працягваецца, запрашаем паважаных аматараў “Паланеза Агінскага” таксама далучыцца да яго”, я прапаную тут адметны падыход. Па-мойму, Гузаўскі варыянт выключаецца адразу: у тэксце не ўлічана тая акалічнасць, што Агінскі хоць нарадзіўся ў Польшчы, але пісаўся паланэз у тагачаснай “Літве”, а цяперашняй Беларусі. Таму Г. Шымульская і сцвярджае: “Polski kraj, rodzinny kraj, / Ojczystej ziemi słyszę śpiew / Mazurskich strzech, kujawskich starych chat…” Лепш такое спяваць “на Мазурах” ці “на Куявах”, каля Варшавы, а не на Смаргоншчыне. Адпадаюць і два тэксты Рэтаўскага варыянта, бо двухпавярховы палац у Рэтаве (ён відаць на здымку ў Брашуры), у адрозненне ад аднапавярховага ў Залессі, дзе пісаўся паланэз ля-мінор, належаў не самому Міхалу Клеафасу, а яго сыну Ірэнэушу і ўнуку Багдану. Значыць, “gimtas kraśtas” і “край родной” яшчэ могуць падыходзіць да этнічна літоўскіх зямель, але не да беларускіх. А тэксты Вячаслава Шарапава не вартыя выкарыстання, на мой погляд, па іншых, мастацкіх вартасцях.

Адноўленая сядзіба князёў Агінскіх у Залессі

Які ж выхад у такой сітуацыі? Падаецца мне, у аднаўленні па рукапісе “народнага” тэксту “невядомага мясцовага паэта”. Па ўсім відаць, гэта крыху скажоны тэкст… Уладзіміра Караткевіча. Памятаецца, жывучы ў 70-х гадах па суседстве са мной, ён не раз прыходзіў да нас параіцца: якім павінен быць слоўны змест для паланэза, заказанага яму смаргонскімі самадзейнікамі. З таго часу засталіся ў маёй памяці радкі сённяшняга класіка, якраз змешчаныя і ў брашуры: “Загарацца ў небе зоры” ці “У дубровы прыляці ты, / Што збраталіся з Вяллёю”. Праўда, у надрукаваным тэксце сустракаюцца і недарэчныя па рытміцы паўторы тыпу “Не сумуй такой, такой парою” ці іншыя ляпсусы… Таму, здаецца мне, даследчыцам трэба з Залесся паехаць у Смаргонь і зрабіць там усё, каб адшукаць і дакладна ўзнавіць караткевічаўскі арыгінал.

Не абыду ўвагай і трэцюю сувенірную макрабрашуру Таццяны Кляшчонак “Залескі сакратар Леанард Ходзька”. Мне гэтае выданне здалося мініманаграфіяй, прысвечанай віднаму мастаку, вучню славутага віленчука Яна Рустэма, і актыўнаму беларускаму і французкаму грамадскаму дзеячу. Аналіз яго жыццёвага і творчага шляху аўтарка распачынае з выказвання, узятага з прадмовы Леанарда Ходзькі да польскай паэмы Аляксандра Ходзькі “Залессе”. Цытата ж узята з першага тома рэдагаванага Л. Ходзькам французкага альманаха “La Pologne historique, litteraire, monumentale et pittoresque” (Парыж, 1836): “З васьмі гадоў (1819 — 1826), якія правёў я побач з Агінскім, тры былі пражыты ў Залессі. Гэтыя ўспаміны — як мелодыі, якія мы чулі ў дзяцінстве, на якіх з задавальненнем спыняюцца, якія ўспамінаюць з асалодаю. Як сакратар Агінскага я суправаджаў яго ва ўсіх апошніх паездках. Пазней нас раз’ядналі палітычныя абставіны, нашы меркаванні, карацей кажучы — нашы погляды на вырашэнне польскага пытання. Але мая юнацкая прыязнь назаўсёды пакінула яго ў маім юнацкім сэрцы”. І далей ідзе аргументаванае разважанне, што ў часы Агінскага і Ходзькі словы “Літва” і “Польшча” азначалі тэрытарыяльна зусім іншую геаграфічную прастору, чым цяпер. Яны абодва тады выкарыстоўваліся і ў дачыненні да тэрыторый, населеных беларусамі.

Навацыі макрабрашуры Таццяны Кляшчонак заключаюцца ў тым, што яна ўпершыню ў беларускім друку грунтоўна, абапіраючыся на старыя энцыклапедычныя і новыя краязнаўчыя крыніцы, разгледзела разгалінаванае генеалагічнае дрэва Ходзькаў герба “Касцеша”.

Таксама чытайце: Нашчадак роду Глушонкаў

Сам Леанард нарадзіўся ў 1800 годзе каля Маладзечна, у неіснуючым сёння Аборку. Калі хлопчыку споўнілася 10 гадоў, яго аддалі на вучобу у Барунскі базыльянскі калегіум, што ў Ашмянскім павеце. Па ўзроўні навучання ён пераўзыходзіў тагачасныя свецкія ўстановы. Штогод там вучылася да 200 юнакоў са шляхецкай эліты. Выяўленыя ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта штомесячныя рапарты гувернёраў Барунскай школы дазволілі Т. Кляшчонак назваць прозвішчы яе выдатных выпускнікоў. Побач з вядомымі раней постацямі польскага празаіка Ігнація Ходзькі, паэта і дыпламата Аляксандра Ходзькі, паэта Антонія Эдварда Адынца і перакладчыка Юльяна Корсака ўзніклі з забыцця новыя прозвішчы і асобы нашых суайчыннікаў: “Гэта і Антоні Вырвіч, прафесар матэматыкі Віленскага ўніверсітэта, Антон Камінскі, аўтар прац па асновах геаграфіі і матэматыкі, Вінцэнт Карчэўскі, ад’юнкт прафесара астраноміі Віленскага ўніверсітэта, губернатар польскіх гарадоў Плоцка і Любліна Станіслаў Мацкевіч і іншыя”. Кожны год 29 чэрвеня, пасля публічнага экзамена, у Барунах адбывалася тэатральнае прадстаўленне, для якога вучні звычайна выбіралі “біблейскія або класічныя тэмы”.

Пасля Барунаў Л. Ходзька вучыўся ў Маладзечне, дзе пазнаёміўся з Тамашом Занам, а ў 1816-17 гадах — на юрфаку Віленскага ўніверсітэта, дзе разам з Адамам Міцкевічам увайшоў у напаўлегальнае таварыства філарэтаў. Стаўшы сакратаром Агінскага, ён прыводзіў у парадак яго “аб’ёмісты архіў з дзённікамі і карэспандэнцыяй”, рыхтаваў да друку яго “палітычныя мемуары”. А праз некалькі гадоў, апынуўшыся “пасля чатырохгадовага прабывання ў Прусіі, Італіі, Бельгіі, Галандыі, Англіі, ён з 1826 года стала пасяліўся ў Парыжы і распачаў выдавецкую і літаратурную дзейнасць”. Сярод першых яго выданняў былі якраз французкамоўныя “Мемуары” Агінскага. Дзякуючы Ходзьку выйшлі творы Адама Міцкевіча (1828) ды Ігнація Красіцкага (1830).

І яшчэ дзве мясціны ў даследаванні Т. Кляшчонак прыцягнулі ўвагу. Аказваецца, у часопісе “Grand dictionnaire universel” (“Вялікі ўніверсальны слоўнік”) Л. Ходзька апублікаваў звыш 300 (!) артыкулаў пра сваіх заслужаных землякоў. Вось дзе можна знайсці багаты матэрыял для новых энцыклапедычных даведнікаў! А яшчэ — у польскіх музеі і архіве ў швейцарскім горадзе Раперсвіль, куды Алімпія з Маляшэўскіх, удава Л. Ходзькі, перадала рукапісы і памятныя рэчы пасля яго смерці. То трэба шукаць!

Усё сказанае вышэй дае падставы, каб уключыць асобу Леанарда Ходзькі ў энцыклапедычны даведнік “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў краінах далёкага замежжа”, які рыхтуецца да друку Цэнтрам камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа, створаным летась у Беларускім дзяржархіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛІМ).

Асноўныя ўрачыстасці з нагоды 250-годдзя адбудуцца ў Беларусі і свеце бліжэй да лета і восені: Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года.

Партрэт Міхала  Клеафаса Агінскага на вокладцы часопіса “Маладосць”. Мастак Антон ІльінЯшчэ адна важная вестка, звязаная з юнескаўскім юбілеем: выйшаў першы сёлетні нумар часопіса “Маладосць”, цалкам прысвечаны Міхалу Клеафасу Агінскаму. Таццяна Кляшчонак публікуе там свой пераклад паэмы Аляксандра Ходзькі “Залессе”, іншыя матэрыялы. Пры пасрэдніцтве Адама Мальдзіса там упершыню друкуецца і знойдзены ў Вільнюсе вялікі ліст кампазітара да яго сына Ірэнэуша з нагоды паступлення таго на вучобу ў адзін з універсітэтаў Італіі. Гэта — страсны заклік вучыцца і адначасова заставацца высокамаральным чалавекам.

Варта яшчэ дадаць, што выдавецтва “Чатыры чвэрці” сёлета яшчэ плануе выдаць чатыры кнігі “Мемуараў” Агінскага ў рускім і, магчыма, беларускім перакладах. Другі з іх належыць пяру Таццяны Кляшчонак.


Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter