Украінскі перакладчык разгадвае таямніцы беларускіх словаў

Дух паэзіі збліжае...

Аляксей КананенкаУ Кіеве выйшла кніга “Таямніца пяра” — пераклады на ўкраінскую мову з паэзіі народаў свету. Пераўвасобіў здабыткі прыгожага пісьменства больш чым 60 паэтаў вядомы пісьменнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны Аляксей Кананенка. Пад адной вокладкай сабраны ўзоры азербайджанскай, армянскай, беларускай, грузінскай, казахскай, туркменскай, узбекскай, рускай паэзіі.

Аляксей Кананенка — добры сябар Беларусі, яго ў нас ведаюць як літаратара, кнігавыдаўца. Рэдкі год Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш абыходзіцца без яго ўдзелу. З просьбай пракаментаваць сам факт з’яўлення такой своеасаблівай анталогіі я патэлефанаваў у Кіеў самому перакладчыку.

—Аляксей Анатольевіч, побач у вашай кніжцы — пераклады класікаў і сучаснікаў. Чым кіраваліся,  выбіраючы паэтаў і іх вершы?

—Уласнымі сімпатыямі як паэта і як чытача, улюбёнага ў паэзію. Я шмат езджу па краінах СНД. І так склалася, што пераклаў сяброў, а з класікаў — тых, увагу на якіх мне дапамаглі звярнуць. Як, напрыклад, туркменскі раздзел адкрываецца перакладамі з Махтумкулі. А пасля ўжо ідуць вершы Бібі Араздурдыевай, Атамурада Атабаева, Агагельды Аланазарава…

— Іх добра ведаюць цяпер і ў Беларусі… У нас выйшла кніга Агагельды Аланазарава, друкаваліся яго вершы ў перыёдыцы, калектыўным зборніку. Перакладаюць і Атамурада Атабаева. Пабачыла свет вялікая кніга вершаў Махтумкулі на беларускай мове. Між іншым, ужо другая… Праглядаю беларускі раздзел, а класікаў не бачу…

— Над гэтым яшчэ працую. Пакуль што пераўвасобіў на ўкраінскую вершы Віктара Шніпа, Людмілы Рублеўскай, Алеся Бадака, Таццяны Сівец… Работа над перакладамі дапамагла ўбачыць, як цікава жыве беларуская паэзія. Дзякую Богу, што звёў мяне лёс з такімі яркімі асобамі. Дарэчы, Алеся Бадака, укладальніка анталогіі “Беларусь — Украіна: сугучча сэрцаў”, наш Нацыянальны саюз пісьменнікаў ушанаваў ганаровым знакам.

Сяргей Шычко
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter