«Дубовае лісце з пасаджаных намі дрэў упадзе на далоні прапраўнукаў...»

НАПЯРЭДАДНІ святкаванняў карэспандэнт «БН» сустрэлася з лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» пісьменніцай Нінай ЗАГОРСКАЙ. Дарэчы, Ніна Сямёнаўна скончыла аддзяленне журналістыкі БДУ, працавала ў Міністэрстве культуры, Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў, на радыё, тэлебачанні, у газетах і часопісах. Яна — аўтар кніг «Явар», «Радар» і інш. Нагадаем — міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» штогод нясе Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга ў сталіцу Дня беларускага пісьменства. Да паломнікаў далучаюцца жыхары вёсак і гарадоў, гарадскіх пасёлкаў. Сёлетняя экспедыцыя дзевятнаццатая, дабярэцца да месца ў нядзелю, 2 верасня. Калі ў 1994 годзе задумвалася нацыянальнае свята пісьменства і друку, Ніна Загорская, на той час першы намеснік старшыні Беларускага фонду славянскага пісьменства і славянскіх культур, прапанавала ў свята ўключыць Непагасную Лампаду Духоўнасці, а сталіцу Дня пісьменства зрабіць перасоўнай і месцам яго правядзення выбіраць гарады, якія звязаны з гісторыяй пісьменства і друку.

Нязменны кіраўнік і арганізатар экспедыцыі «Дарога да cвятыняў», заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Ніна Загорская — пра традыцыі і добрыя справы асветніцкай і духоўнай місіі

НАПЯРЭДАДНІ святкаванняў карэспандэнт «БН» сустрэлася з лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» пісьменніцай Нінай ЗАГОРСКАЙ. Дарэчы, Ніна Сямёнаўна скончыла аддзяленне журналістыкі БДУ, працавала ў Міністэрстве культуры, Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў, на радыё, тэлебачанні, у газетах і часопісах. Яна — аўтар кніг «Явар», «Радар» і інш. Нагадаем — міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» штогод нясе Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга ў сталіцу Дня беларускага пісьменства. Да паломнікаў далучаюцца жыхары вёсак і гарадоў, гарадскіх пасёлкаў. Сёлетняя экспедыцыя дзевятнаццатая, дабярэцца да месца ў нядзелю, 2 верасня. Калі ў 1994 годзе задумвалася нацыянальнае свята пісьменства і друку, Ніна Загорская, на той час першы намеснік старшыні Беларускага фонду славянскага пісьменства і славянскіх культур, прапанавала ў свята ўключыць Непагасную Лампаду Духоўнасці, а сталіцу Дня пісьменства зрабіць перасоўнай і месцам яго правядзення выбіраць гарады, якія звязаны з гісторыяй пісьменства і друку.

— Ніна Сямёнаўна, экспедыцыя стартавала з Мінска і паставіць кропку ў сваім падарожжы ў Глыбокім. Якія мясціны трапілі сёлета ў яе маршрут? Якім чынам ён выбіраецца?

— Наша экспедыцыя пяцідзённая, а першая доўжылася аж дзевяць дзён. Тады ішлі ў славуты Полацк. Гэты год экспедыцыя адправілася са сталіцы — ад Свята-Духава кафедральнага сабора да Святога Поля, што каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна. Там мая радзіма. І месца яўлення вясной 1983 года цудатворнай «Загор’е-Сталавіцкай» іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы — Адзігітрыі (Шляхаводнай) экспедыцыі «Дарога да святыняў», праслаўленай Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2000 годзе. У маршруце — наведванне вёскі Лясная, дзе стаіць царква ў гонар Казанскай іконы Божай Маці, на месцы хаты, дзе 130 гадоў таму нарадзіўся Уладзіслаў Галубок. Затым Моўчадзь Баранавіцкага раёна. Адтуль мы адправіліся ў Талачын, затым у гарадскі пасёлак Багушэўск Сенненскага раёна, Лёзна, гарадскі пасёлак Езярышча Гарадоцкага раёна. Потым будуць Ула Бешанковіцкага, Асвея Верхнядзвінскага, вёска Празарокі Глыбоцкага раёнаў, дзе ў нас — навуковая канферэнцыя. І нарэшце ў Глыбокім адбудуцца ўрачыстая сустрэча-мітынг экспедыцыі, хрэсны ход да Кафедральнага сабора ў гонар нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

Увогуле, за дзевятнаццаць гадоў экспедыцыя праехала 23 тысячы кіламетраў, пешшу прайшла 545 кіламетраў, Благадатным агнём асвечана 519 храмаў, капліц, манастыроў, святыня пабывала ў больш чым 1000 населеных пунктаў Беларусі, у яе мерапрыемствах удзельнічала 4,3 мільёна чалавек. А ў гэты раз адолеем 1400 кіламетраў, пешшу пройдзем 16 кіламетраў. Экспедыцыя едзе, а хрэсны ход у кожнай кропцы маршрута ідзе да храма. Але ён не кароткі, бо хрэсны ход — гэта малітва, а ў малітве наша яднанне. Адзінствам і любоўю выратуемся…

Як выбіраем маршрут? Па-першае, ужо 15 год пасля Свята-Духава Сабора ў Мінску мы едзем на Святое Поле. Сам Уладыка Філарэт запальвае Непагасную Лампаду і запраўляе елеем, асвечаным на Гробе Гасподнім, і бласлаўляе нас у дарогу…

Сёлета мы ідзём па гарадскіх пасёлках. Мой намеснік Аляксандр Лапата-Загорскі прапанаваў: «Чаму мы ходзім толькі па райцэнтрах? Яны могуць стаць сталіцамі Дня беларускага пісьменства. А гарадскія пасёлкі для гэтага яшчэ не выбіралі…»

— Ведаю, што гісторыя іконы даволі незвычайная. І святыня зрабіла нямала цудаў.

— Экспедыцыя ж і пачалася з цудатворнай «Загор’е-Сталавіцкай» іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, якая прыйшла да мяне ў 1992 годзе. Яна — літая. Такія іконы дзесьці з XVII стагоддзя былі на харугвах палкоў царскіх расійскіх войскаў. Я думаю, што наш абраз мог быць у перасоўнай палкавой царкве.

Цудатворная «Загор’е-Сталавіцкая» ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы яўлена вясной 1983 года каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна, у першым каўшы экскаватара падчас земляных работ на месцы былых праваслаўных могілак, якія аддалі пад кар’ер. Увогуле, гэта была трагедыя для мясцовых жыхароў, што дарогу падсыпалі зямлёй з могілак. Тады будавалі трасу Брэст—Масква. А высыпалі ўвесь курган… Месца яўлення іконы — ля ракі Шчары, на Святым Полі. Тут, у падкове воднай артэрыі вакол вёскі Загор’е, загінулі тысячы воінаў падчас розных войнаў. Тут стаялі магільныя курганы Паўночнай вайны, Першай сусветнай.

А знаходку экскаватаршчыкі перадалі пляменніцы дырэктара Сталавіцкай школы, і яна была ў яе аж дзевяць гадоў. Жанчына дамовілася гэтую вельмі рэдкую ікону аддаць у экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея. Але ў яе ніяк не атрымлівалася паехаць у Мінск. Ёй былі розныя бачанні, а потым прыснілася, што трэба аддаць ікону жанчыне, якая займаецца папаратнікамі. А мы з ёй былі знаёмыя. І я ў той час была адной з тых, хто арганізоўваў усебеларускае Купалле…

Тая жанчына, якая перадала мне святыню, бачыла, што ікона незвычайная. Напрыклад, свячэнне было, калі прапаў васьмігадовы хлопчык, якога яна ўзяла на выхаванне.

Адзін з цудаў іконы — заснаванне свята Дня беларускага пісьменства і экспедыцыя «Дарога да святыняў». Яна зрабіла многа незвычайнага. І пажары тушыла. Па блаславенні гэтай іконай у Тарасаве дырэктара школы пад Мінскам аднавілі два храмы — Святога Велікамучаніка і Перамоганосцы Георгія і ў гонар нараджэння Прасвятой Багародзіцы, а таксама па благаславенні святыняй дзейнічае жаночы манастыр у імя Святой Блажэннай Ксеніі Пецярбургскай у Барані Барысаўскага раёна. Благаславіла ікона на аднаўленне Баркалабаўскага манастыра ў Быхаўскім раёне дырэктарку мясцовай школы. Калі я была там са святыняй, то кажу: «Чаму ў Свята-Нікольскім храме спартыўная зала? А зброя дробнакаліберная ў алтары?» А адна мясцовая жанчына падзялілася: «Калі я была вучаніцай, мне было жудасна: як толькі пабеляць памяшканне, фрэскі праяўляліся і глядзелі на нас такімі вачыма!..»

А ў 1990 годзе на Святым Полі ссунулі святы пагорак з падмуркам былой праваслаўнай Свята-Іаана-Прадцечанскай царквы і магільнымі пахаваннямі каля яе ў бок Шчары...

А на ўчастку Алімпійкі, дзе падсыпалі гравій, былі аварыі, і вадзіцелі гэты ўчастак дарогі — 2, 5 кіламетра — празвалі Чорнай далінай смерці. І баяліся там ехаць… Я тады на радыё вяла перадачу і гаварыла пра гэтую бяду…

— А як ікона прыйшла да вас?

— Выпадкова. Я паехала ў Жыровічы, хвалявалі ўсё вясковыя праблемы, надумалася, што трэба над усімі магіламі паставіць крыжы, што трэба зрабіць капліцу на месцы той, якую перанеслі. Хацела, каб была пастаянная манастырская малітва на Святым Полі, званы гучалі. Хацела знайсці ў Жыровічах нейкае блаславенне. Можа, думалася, сустрэнуся з Уладыкай Філарэтам. Але «высвеціўся» старац Мітрафан. У брамцы яго ўбачыла з німбам, крыжам. Пагутарыла з ім. Гаварылі дзве гадзіны… Старац Мітрафан сказаў: «Едзь у Баранавічы да благачыннага і прасі блаславення. Тое, што задумала, рабі паціху, і ўсё спраўдзіцца».

Дарэчы, сабраныя падчас экспедыцыі «Дарога да святыняў» сродкі ахвяруюцца на пабудову Свята-Пакроўскага храма на Святым Полі ў гонар «Загор’е-Сталавіцкай» іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, на добраўпарадкаванне святыняў Святога Поля…

А ікона была ў мяне пяць гадоў, а потым я падумала: «Няхай яна паляжыць у Сталавіцкай царкве». Але куды б я ні ішла, забірала яе і адчувала такую дапамогу! І прывозілі яе нам у экспедыцыю. І вось ікона ўжо сем гадоў у келлі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага,  Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

— Падчас экспедыцыі вырастае сад Малітвы — Вертаград. А першая яблынька пасаджана каля Пінска — у Купяцічах…

— Мы прыдумалі: «Чалавек жа спіць, а дрэва? Яно кругласутачна з зорамі, свяціламі, з Богам. Каб непарыўная малітва была, будзем прасіць Госпада праз дрэвы».

Ва ўсіх населеных пунктах, якія наведвае экспедыцыя, высаджваюцца сады Малітвы. Сёлета прапаноўваецца 19 дрэў — у памяць пра дзевятнаццатую экспедыцыю «Дарога да святыняў». Месца пасадкі і пароды дрэў, а яны могуць быць і пладовыя, і лясныя, вызначаюць мясцовыя ўлады, горад, сяло і свяшчэнства. Каб дрэвы не нішчылі, не ламалі, іх садзяць на храмавых дварах, у парках. Падчас урачыстых мітынгаў пры сустрэчы экспедыцыі «Дарога да святыняў» кіраўніцтва раёнаў прынародна перадае паломнікам капсулы асвечанай зямлі — для падсыпкі іх у садах Малітвы на маршруце і ў сталіцы Дня беларускага пісьменства, а таксама ў Райскім садзе на Святым Полі каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна.

Пад кожнае дрэўца ў вёсках, гарадах і гарадскіх пасёлках—  Лясная, Моўчадзь, Талачын, Лёзна, Езярышча, Асвея і іншых —  падсыпаецца зямля са Святога Поля і з Глыбокага. У Глыбокім пры пасадцы саду Малітвы пад кожнае дрэўца будзе падсыпана зямля з папярэдніх маршрутаў экспедыцыі, са Святога Поля і ўсіх мясцін, праз якія прайшла дзевятнаццатая экспедыцыя «Дарога да святыняў».

Якія дрэвы пасадзім сёлета? Змешаныя садовыя будуць у Глыбокім і Празароках. Раней садзілі туі, арабінкі, бярозкі. Помню, у Барысаве былі дубы. У Смаргоні, напрыклад, пасля нашай экспедыцыі растуць і клёны, і арабіны, і лістоўніцы. У Мазыры на замчышчы — лістоўніцы. Скажам, у Міры Уладыка Філарэт сам пасадзіў першае дрэўца сада Малітвы…

Вертаград — гэта райскі сад. Мы хочам, каб людзі помнілі пра экспедыцыю. Дубы растуць пяцьсот гадоў, ліпа — трыста. І ўявіце сабе, што дубовы лісток упадзе на далоню нашага прапрапрапраўнука. Гэта як бы наш поціск рукі таму, хто прыйдзе за намі і будзе гаспадаром.

— Экспедыцыя — гэта і сустрэчы з насельніцтвам. Штогод з вамі ў «Дарозе да святыняў» і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, і іншыя вядомыя людзі…

— У экспедыцыі прымаюць удзел святары, вучоныя, пісьменнікі, артысты, журналісты, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, ёсць бібліятэкары, сёстры міласэрнасці, настаўнікі. Падчас урачыстых сустрэч ладзяцца мітынгі. Удзельнікі экспедыцыі адказваюць на пытанні, расказваюць пра святыні, пра навукова-духоўна-асветніцкую работу экспедыцыі не толькі на дзевятнаццатым маршруце, але і на ўсіх яе мінулагодніх шляхах.

Экспедыцыя «Дарога да святыняў» наведвае храмы, капліцы, навучальныя ўстановы, дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. На маршруце экспедыцыі з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга асвячаюцца помнікі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Паўночнай, Грамадзянскай і Першай сусветнай войнаў. Мы наведваем інтэрнаты для пажылых людзей і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама бальніцы.

Такая ў нас місія — не толькі асветніцкая, але і духаўздымная.

— Дзякуй, Ніна Сямёнаўна, за цікавую размову! Да сустрэчы ў Глыбокім!

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter