Хлопец з дыягназам ДЦП атрымаў у школе залаты медаль, скончыў тэхнікум і складае свае камп’ютарныя праграмы

ДЦП — не прыгавор

Чалавек, якому было наканавана змрочнае жыццё калекі, атрымаў у школе залаты медаль, скончыў тэхнікум і складае свае камп’ютарныя праграмы
Няшчасце ў сям’ю Льва і Глафіры Кіргетаў, жыхароў рабочага пасёлка Альберцін Слонімскага раёна, прыйшло нечакана. Вядома, усе маладажоны чакаюць здаровае папаўненне ў сям’і. А іх сын з’явіўся на белы свет калекам. Як гэта магло здарыцца? Кіргеты вялі здаровы лад жыцця. Ды і ва ўсёй іх вялікай радні не было такого надзвычайнага здарэння. А дактары паставілі немаўляці Міхасю страшны дыягназ — дзіцячы цэрэбральны параліч.


Міхась Кіргет са сваёй маці Глафірай Канстанцінаўнай — 
яны вучыліся перамагаць цяжкасці разам.

Cпачатку Глафіра Канстанцінаўна не магла супакоіцца: “За што такое божае пакаранне?” Але ж Леў Канстанцінавіч сказаў жонцы: “Цяпер галоўнае для нас — не апускаць рукі. Дарогі назад няма, застаецца адно — змагацца разам за сына. Вось толькі як?..”

Перш за ўсё маці — інжынер-тэхнолаг па дыпломе — пакінула працу на папярова-кардонным камбінаце, бо трэба было даглядаць сына і рэгулярна прагульваць яго ў калясцы. За пад’ездам Кіргетаў адразу пачынаецца лес. І падчас прагулак маці заўважала, як яе дзіцё цягнецца да кожнага грыбочка ці кветачкі. Значыць, разумее прыгажосць прыроды.

Школу Міхасёк наведваць не мог, але педагогі мясцовай адзінаццацігодкі прапанавалі надомнае навучанне. Першай настаўніцай хлопчыка была Соф’я Пятроўна Янушка. Яна навучыла маленькага пісаць і чытаць. Вядома, гэта давалася яму нялёгка, ён з цяжкасцю вымаўляў кожнае слова. Настаўніца бачыла, з якой настойлівасцю і ўпартасцю, быццам кволая раслінка да сонейка, Міхась цягнецца да ведаў.

Выкладчыцу рускай мовы і літаратуры Веру Антонаўну Чэрнік таксама зацікавілі здольнасці Міхася — вершаваныя радкі ён запамінаў злёту. Дарэчы, зараз у Кіргетаў багатая бібліятэка, дзе няма ніводнай кніжкі, якую б ні прачытаў Міхась. Ён ведае прозвішчы і біяграфіі ўсіх вядомых спартсменаў. Маці кажа: каб не хвароба, сын меў бы вялікія спартыўныя дасягненні альбо стаў выдатным трэнерам.

І настаўніца матэматыкі Ніна Паўлаўна Побат радавалася поспехам сціплага хлапчука ў асвойванні дакладных навук. Высока ацэньвалі яго здольнасці тры выкладчыкі матэматыкі з педагагічнай сям’і Сідаровічаў...

Выпускнік сярэдняй школы Міхаіл Кіргет быў не па ўзросце эрудыраваны. Ён хутка і без усялякіх дапаможнікаў разгадваў рэбусы і красворды, разважаў як дарослы аб розных падзеях.

— Пасля педсавета па выніках экзаменаў за курс сярэдняй школы педагогі аднагалосна пастанавілі: узнагародзіць Міхаіла Кіргета залатым медалём, — узгадвае былы дырэктар (цяпер пенсіянерка) Альберцінскай сярэдняй школы Надзея Андрэеўна Сяркевіч.

Але ж паводле існуючага заканадаўства такая ўзнагарода вучням-надомнікам выдавалася толькі ў выключных выпадках — з дазволу Міністэрства адукацыі.

— Дарэмныя клопаты, Надзея Андрэеўна, — казалі ў Слонімскім аддзеле адукацыі.

І мясцовыя скептыкі не раілі займацца марнай справай. Аднак дырэктар паехала ў Мінск, прыхапіўшы водгукі ўсіх настаўнікаў. Ды і па складзе характару яна аптымістка. Сама са шматдзетнай сям’і вясковага інваліда Вялікай Айчыннай вайны. Рана засталася без маці, якая памерла, пакінуўшы траіх малалетак. Зведала цяжкае пасляваеннае дзяцінства, калі замест адпачынку ў піянерскім лагеры школьныя канікулы праводзіла разам з дарослымі на неабсяжным ільняным полі. Скончыўшы 8 класаў мясцовай школы, працягвала вучобу ў Альберцінскай адзінаццацігодцы, якую пазней і ўзначаліла. Зімой жыла ў прышкольным інтэрнаце, а вясной праз лес бегала ў Харашэвічы дапамагаць па гаспадарцы Веры Пятроўне, якая замяніла ёй родную маці. Завочна скончыла матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Днём выкладала ў школе матэматыку, а вечарам сама бралася за падручнікі.

...З Мінска Надзея Андрэеўна вярнулася з дазволам уручыць Міхасю залаты медаль. Як жа свяціліся яго вочы! Ён зазначыў, што гэта заслуга ўсёй сям’і і настаўнікаў — каб не яны, так і застаўся б звычайным інвалідам.

Міхаіл вырашыў працягваць вучобу і выбраў завочнае аддзяленне Навагрудскага гандлёва-эканамічнага тэхнікума, які быў бліжэй да дому. Здаваць сесіі ездзіў разам з маці. Кіраўніцтва навучальнай установы загадзя клапацілася, каб Кіргеты пасяліліся ў інтэрнаце.

Атрымаўшы дыплом, Міхась адчыніў дзверы ў новае жыццё. Чалавек, якому лёсам было наканавана поўзаць, сімвалічна ўстаў на свае ногі і зрабіў заяву, што ДЦП для яго — не прысуд. Ён перамог страшную хваробу, бо побач з ім былі чулыя бацькі і настаўнікі, а яшчэ шматлікія сябры па інтэрнэце. Увогуле гэта ўрок для ўсіх, хто ў цяжкіх абставінах вучыцца жыць і перамагаць.

Цяпер Міхасёў дзень спланаваны так шчыльна, што няма ніводнай вольнай хвілінкі. Кажуць, ён пайшоў у свайго непаседлівага дзеда, былога дырэктара школы. Міхаіл складае свае камп’ютарныя праграмы, мае шмат сяброў па ўсім свеце. Нават адна дзяўчына прыязджала да яго, каб пазнаёміцца з такім цікавым чалавекам.

У кватэры Кіргетаў шмат хатніх кветак. Глафіра Канстанцінаўна кажа, што яны сімвалізуюць квітнеючае жыццё сына...

Кастусь Станкевіч

infong@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter