Дружбе межы не патрэбныя

Часопіс “Вясёлка” разам з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” распачаў кніжны праект “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”. У прасторы бібліятэкі выдаецца серыя “Нашы замежныя сябры”.
Часопіс “Вясёлка” разам з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” распачаў кніжны праект “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”. У прасторы бібліятэкі выдаецца серыя “Нашы замежныя сябры”.

Першай кніжкай-ластаўкай згаданай серыі стаў зборнік вершаў і казак літоўскага паэта Вітаўтаса Бараўскаса “Зіхаціць на небе сонца”. Пра тое, як нарадзілася ідэя выдаць менавіта гэтую кнігу, расказвае галоўны рэдактар “Вясёлкі” Уладзімір Ліпскі: “Мы з Вітаўтасам Бараўскасам даўнія сябры. У асобе дзіцячага пісьменніка, шматгадовага галоўнага рэдактара часопіса для дзяцей Літвы і я, і калектыў “Вясёлкі” маем добрага, сапраўднага сябра. І сяброўству нашаму ніякія межы не перашкода. Вітаўтас — з шматдзетнай сям’і. Яго браты Альбертас і Стасіс пачыналі партызанскую біяграфію поруч з беларускімі ляснымі мсціўцамі, ваявалі рука аб руку з Пятром Машэравым. Стасіс загінуў, а другі брат, Альбертас, стаў вядомым партызанскім камандзірам. Вітаўтас піша песні для дарослых і дзяцей. Аб’ехаў ці не ўвесь свет, мае сяброў у розных краінах. Акрамя напісання кніг для дзяцей, запісвае і выдае афарызмы. Адзін з іх гучыць так: “Любоў нараджаецца ў сэрцы — і загінуць можа толькі разам з сэрцам”.
Пераклалі вершы і казкі Вітаўтаса Бараўскаса на беларускую мову Васіль Вітка (тыя пераклады друкаваліся шмат гадоў таму ў часопісе “Вясёлка”), Алесь Гібок-Гібкоўскі, Анатоль Грачанікаў, Павел Марціновіч, Мікола Маляўка, Мікола Чарняўскі.
Серыя “Нашы замежныя сябры”, несумненна, будзе мець працяг. Бо і ў часопісе “Вясёлка”, і ў іншых дзіцячых перыядычных выданнях Беларусі друкуецца нямала твораў паэтаў і празаікаў іншых краін.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter