Дружа Ісаак! Піша твой дружа Русак

Аўтару «Бывайце здаровы, жывіце багата» сёння было б 110

«Бывайце здаровы, жывіце багата» — гэта песня на словы Адама Русака знаёмая многім пакаленням, яе спявала ўся вялікая краіна, да гэтага часу многія лічаць яе народнай. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі і іншыя творы гэтага аўтара: «Не за вочы чорныя», «Толькі з табою», «Не шукай», «Ой, бярозы ды сосны»… Усяго ў яго творчым багажы каля 300 песень, практычна ўсе вершы Адама Русака пакладзены на музыку. У ліку сааўтараў — Ісаак Любан, Уладзімір Алоўнікаў, Юрый Семяняка, Дзмітрый Лукас, Ігар Лучанок. 24 мая спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння знакамітага паэта-песенніка. Пра жыццё і творчасць Адама Русака мы ўспамінаем з яго дачкой Людмілай.

— Як было прынята адзначаць дні нараджэння ў вашай сям’і?

— У гэтай справе галоўнай была, вядома, гаспадыня дома, мама. З дапамогай няхітрых бытавых дробязей яна ўмела ствараць атмасферу свята. З шафы вымала модныя тады белыя вязаныя кручком сурвэткі, мяняліся на светлыя шторы на вокнах. Незалежна ад таго, запрашаліся госці ці адзначалі па-сямейнаму, святочны стол накрываўся абавязкова — катлеты, галубцы, бульба, розныя салаты... Мама выдатна гатавала.

— Бацька любіў застольныя кампаніі?

— Тата быў негаваркі і вельмі сціплы. Нават у знаёмай кампаніі стараўся быць незаўважаным, садзіўся дзе-небудзь з краю, гаварыў: «Не хвалюйцеся, я тут, скрыечку, ціхенька». На сваю вядомасць увагі не звяртаў, не любіў гучных слоў. Для яго была вышэйшая ўзнагарода, калі гучалі яго песні. У свой час па радыё іх круцілі кожны дзень. Тата слухаў са слязамі на вачах. А вось мама была чалавекам актыўным, таварыскім. Па жыцці яна ва ўсім дапамагала бацьку, была яго літаратурным рэдактарам.

— Ці вядома гісторыя іх знаёмства?

— Жонку ў Мінск тата прывёз з Ленінграда, дзе пасля заканчэння кансерваторыі больш за 20 гадоў працаваў салістам-валтарністам у сімфанічным аркестры Малога опернага тэатра. Мама скончыла Ленінградскі літаратурны інстытут, але захаплялася і операй. Бацькі пазнаёміліся на адным з навагодніх вечароў у оперным тэатры. Як прыехалі ў Мінск, мама працавала настаўніцай рускай мовы ў школе, але вывучыла і беларускую, бо бацька гаварыў і пісаў толькі па- беларуску. Многія яго вершы — яе заслуга. Яна правіла, калі трэба, рукапісы, перадрукоўвала іх на машынцы, займалася публікацыямі. Дзякуючы менавіта яе намаганням убачыў свет адзіны зборнік паэзіі Адама Русака. А тата быў рамантык, далёкі ад рэчаіснасці, ён больш лунаў у аблоках. «Адчапіся» і «Не чапай» — вось два яго галоўных словы.

— Але, напэўна, было і тое, што захапляла?

— Родная Капыльшчына, Пясочнае, туды ён увесь час імкнуўся. Гэта найпрыгажэйшае месца, дзе зліваюцца рэчкі Лоша і Уса і прама перад вёскай пачынаецца Нёман. Тата вельмі любіў рыбалку. Але рыбы, як правіла, не прыносіў. Для яго важны быў сам працэс. Ён чэрпаў натхненне ад прыроды, ад яе бязмежнай прыгажосці. У родныя мясціны яго цягнула заўсёды. Нават у 70 гадоў, пасля вельмі цяжкай аперацыі, ён на аўтобусе, бо ў нас не было машыны, даязджаў да Пясочнага і пешшу, таму што далей транспарт не хадзіў, ішоў 5 кіламетраў праз поле ў сваю Малінаўку — хутар каля Пясочнага, дзе жыў апошнія гады.Там было яго любімае месца, і ніякіх іншых ён не прызнаваў. Ён жа, як член Саюза пісьменнікаў БССР і СССР, мог бясплатна раз у год адпачываць у знакамітым Доме творчасці пісьменнікаў у Кактэбелі, але не быў там ні разу. Пра тое, што такое права існуе, мама даведалася толькі праз 20 гадоў пасля таго, як ён уступіў ў Саюз пісьменнікаў.

— Прафесійны музыкант і выдатны паэт-песеннік — рэдкае спалучэнне.

— Я думаю, тут ёсць узаемасувязь. Да музыкі тату цягнулі сямейныя карані. Яго бацька, мой дзед Герасім, быў адораным музыкантам-самавучкам, рабіў скрыпкі. З дзяцінства на скрыпцы тата іграў у сямейным ансамблі, без якога ў вёсцы не абыходзілася ні адно свята. У сваёй аўтабіяграфіі ён піша, як аднойчы хлапчуком, даведаўшыся, што ў панскі маёнтак прыедуць з горада музыканты, цэлы дзень прасядзеў на дрэве — чакаў. А пасля канцэрта быў неверагодна ўзрушаны адкрытым для сябе светам музыкі.

Напэўна, дар паэта-песенніка, мелодыка і прастата бацькавых вершаў — ад народнай музыкі і песень, сярод якіх ён рос. Ён ніколі не мучыўся, каб нешта сачыніць. Вершы быццам прыходзілі аднекуль самі, ён толькі запісваў. А калі не было гэтага натхнення, нават не падыходзіў да стала.

— Найбольш плённым было супрацоўніцтва Адама Русака з кампазітарам Ісаакам Любанам?

— Так, гэта асаблівы творчы саюз. З Любанам яны разам вучыліся ў Мінскім музычным тэхнікуме, вельмі цёплыя, сяброўскія адносіны былі ў іх ўсё жыццё. Разбіраючы архіў, я знайшла адзін цікавы ліст: «Дарагі дружа Ісаак! Піша твой дружа Русак. Перш за ўсё перадай ты гэтаму самаму твайму Любану, каб ён наступным разам не мінаў нашай хаты». Спачатку я нічога не зразумела. Аказалася, у лісце тата з уласцівым яму мяккім гумарам звяртаецца да добрага Ісаака і скардзіцца яму на дрэннага Любана, бо той быў у Мінску і не зайшоў у госці. Тата не ўмеў сварыцца і крыўдзіцца на людзей. Ён шчыра і свята верыў у сумленнасць і справядлівасць. Пра яго іншы раз гаварылі: святы Адась.

— Усесаюзную славу Русаку і Любану прынесла песня «Бывайце здаровы», але «біяграфія» ў яе няпростая.

— Гэта доўгая гісторыя. Яна пачалася з чатырох чатырохрадкоўяў, дасланых калісьці татам у лісце з Ленінграда сваёй маці. Пазней да іх быў зроблены працяг. Так у 1936 годзе з’явіўся верш — тэкст будучай песні. Яго апублікавала капыльская раённая газета, дзе працаваў татаў сябра, таксама пісьменнік, Анатоль Астрэйка. Але замест імя аўтара падпісалі: «Са слоў Адама Русака». З гэтага і пачалася блытаніна. Чаму Астрэйка падпісаў менавіта так — загадка. З татам яны землякі, абодва з Пясочнага, усё жыццё сябравалі сем’ямі, у Мінску мы жылі ў адным доме. Я з дзяцінства памятаю, як мама не раз пыталася ў Астрэйкі, чаму так адбылося. Магчыма, былі нейкія тлумачэнні, але мне гэта невядома.

А тэкст далей трапляе ў кнігу «Творчасць народаў СССР», яго перакладае на рускую мову Міхаіл Ісакоўскі і піша на яго аснове верш «Пожелание». 1 студзеня 1937 года песня з гэтым тэкстам гучыць па Усесаюзным радыё ў выкананні Хору імя Пятніцкага і хутка разыходзіцца па ўсёй краіне. Тым часам аўтарства Русака афіцыйна пацвярджаецца, Саюз пісьменнікаў БССР лістом паведамляе пра гэта Ісакоўскаму і атрымлівае адказ. У ім вядомы паэт просіць прабачэння, піша, што пра аўтара не ведаў, і абяцае надалей не друкаваць верш пад сваім імем. Захаваўся арыгінал гэтага ліста 1940 года. Але абяцанне Ісакоўскі не стрымаў. У мяне ёсць брашура 1949 года з тэкстам і нотамі песні, выдадзеная ў Маскве. На ёй надрукавана: «Словы Міхаіла Ісакоўскага», а татавай рукой закрэслена і падпісана: «Пераклад Міхаіла Ісакоўскага, словы Адама Русака». З-за гэтай блытаніны ён вельмі перажываў, яна працягвалася не адзін год, ды і зараз яшчэ не скончылася.

— Шлягер «Бывайце здаровы» ўпрыгожваў рэпертуар знакамітых артыстаў — Ларысы Александроўскай, Леаніда Уцёсава, Іосіфа Кабзона, «Песняроў».

— З Уцёсавым я нават спрабавала сустрэцца. У 1974 го-дзе яшчэ студэнткай ехала ў Маскву да сястры, і мама даручыла мне перадаць кніжачку татавых вершаў артысту, знайшла яго адрас. Я прыйшла у гэты дом. Унізе — дзве вахцёршы пры тэлефонах. Мяне, канешне ж, не пусцілі, прынялі за чарговую паклонніцу. Але кніжку перадалі. І хутка Уцёсаў прыслаў бацьку пісьмо, дзякаваў за песню, якая мае велізарны поспех, а таксама адзначаў, што ў яго выкананні гучала яна і на фронце, «вызывая у бойцов добрую радостную улыбку и благодарность за безудержный оптимизм этой песни».

На здымку: прафесійны валтарніст Адам РУСАК усё жыццё не развітваўся са скрыпкай.

Фота: асабісты архіў Людмілы РУСАК.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter