Другі Спас — усяму час

Яблычны Спас У абрадавай практыцы славян ушанаванне яблыкаў знайшло адлюстраванне ў адным з галоўных свят, якое заканчвала цыкл летніх сельскагаспадарчых работ. Старадаўнія паданні сведчаць, што ў дзень яблычнага Спаса Гасподзь адорвае душы ўсіх памерлых дзяцей райскімі яблыкамі — першымі пладамі новага ўраджаю.

Зместу падання цалкам адпавядае сэнсавая напоўненасць важнейшага прынцыпу народнай этнакультурнай традыцыі: “перш чым сабе — продкам”. Усім, што б ты ні зрабіў, усім, што б ты ні сабраў з новага ўраджаю, падзяліся з памерлымі роднымі, падзякуй ім за падтрымку і дапамогу. Узгадайце: апошнія каласы жытнёвага поля нахілялі да зямлі, ахвяруючы духу поля, зямлі, а першы сноп (ці апошні) ставілі ў чырвоным куце хаты і захоўвалі цэлы год.
* Распаўсюджванне закона абавязковага ўшанавання продкаў было асновай узнікнення рэгламентуючага правіла ў жыцці жанчын, у якіх памерлі дзеці. Ім забаранялася есці яблыкі новага ўраджаю да яблычнага Спаса з той мэтай, каб спачатку “на тым свеце” Гасподзь пачаставаў дзетак райскімі яблычкамі, і толькі пасля гэтага жанчыны маглі есці яблыкі самі. Таму жанчыны, якія страцілі дзяцей, раніцай 19 жніўня павінны былі сарваць некалькі яблыкаў, аднесці іх у храм, асвяціць, занесці на могілкі і пакласці на магілы памерлых дзяцей і толькі пасля гэтага маглі есці іх самі. У тым выпадку, калі магіла дзіцяці далёка ці нават невядома, дзе яна знаходзіцца, неабходна было асвечаны яблык пакласці на любую дзіцячую магілу ці пакінуць іх у храме.
* У гэты дзень асвечаныя яблыкі неслі на могілкі і клалі на магілы ўсім памерлым продкам.
* У гэты дзень у царкве асвячалі плады і фрукты новага ўраджаю, мёд, жытнёвыя каласы: “Спас — усяму час”. І сёння ад старых людзей можна пачуць: да другога, яблычнага Спаса нельга есці ніякіх пладоў, акрамя агуркоў. І толькі пасля асвячэння ў храме дазвалялася ўжываць у ежу яблыкі, грушы, слівы і інш. Каласы і насенне пасля асвячэння захоўвалі да наступных засевак.
* На яблычны Спас запякалі яблыкі, пяклі пірагі, бліны з яблыкамі, грыбамі і ягадамі — з усім, чым адорвае нас агарод, сад, лес. Пірагі да гэтых свят пяклі заўсёды з поснага цеста.
Са святам звязана многа прыкмет на надвор’е.
Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Ілля — апала два, прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас.
Калі буслы не адлятаюць да Спаса, то зіма будзе мяккая і цёплая.
Прыйшоў Іспас — бяры рукаўкі ў запас.
Які другі Спас, такі і студзень.
Які дзень на другі Спас, такія і Пакровы (14.10).
Пасля другога Спаса дождж — хлебагной.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter