Драйвова, шчыра, пад добры гук!

УПЕРШЫНЮ на Піншчыне прайшоў вялікі музычны фэст ZялёнY. Вечарыну ў сядзібна-паркавым комплексе вёскі Дубае прапанаваў мясцовы праект «Большой праздник». Ідэю падтрымаў Пінскі райвыканкам. Каля тысячы гасцей сабралася ў гістарычным месцы, дзе ў свой час адпачывалі каралі ды князі.

У самабытным пінскім сяле Дубае адпачылі з паляшуцкім размахам.

УПЕРШЫНЮ на Піншчыне прайшоў вялікі музычны фэст ZялёнY. Вечарыну ў сядзібна-паркавым комплексе вёскі Дубае прапанаваў мясцовы праект «Большой праздник». Ідэю падтрымаў Пінскі райвыканкам. Каля тысячы гасцей сабралася ў гістарычным месцы, дзе ў свой час адпачывалі каралі ды князі.

Ад горада да Дубае — каля дваццаці кіламетраў, але ж не было праблемы, як дабрацца на свята. Назва фэсту нікога не здзівіла, бо дзе, як не ў Дубае — на паляне побач з векавымі дрэвамі, — праводзіць ZялёнY? Да таго ж тут як раз ёсць вясковая вулачка з такой назвай — Зялёная. Размешчана і аграэкатурыстычная сядзіба «Дубае над Пінай».

…Калісьці гэтыя мясціны былі ўладаннем магната Альбрэхта Радзівіла, які потым падарыў Дубае пінскім езуітам пад летнюю рэзідэнцыю. У канцы XVIII стагоддзя маёнтак перайшоў да памешчыкаў Кужанецкіх, а праз прыкладна сто гадоў яго выкупіў Карл Іленкер. Перад 1939 годам сядзіба стала сельскагаспадарчай школай. Дарэчы, тут прайшлі дзіцячыя гады вядомага паэта Адама Нарушэвіча. На жаль, пасля Другой сусветнай вайны захаваліся толькі сядзібны парк і капліца. Але былы выгляд гэтага шляхетнага месца дайшоў да нас дзякуючы акварэлі Напалеона Орды. А вось у ХХ стагоддзі рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін здымаў тут фільм па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

— У райвыканкаме мы доўга разважалі, перш чым ладзіць музычны фестываль у Дубае. Бо вопыту ў правядзенні менавіта такіх мерапрыемстваў пакуль што не было, — паведаміў «БН» загадчык аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Палхоўскі. — Але ўсё ж такі ініцыятыву падтрымалі. І няхай гэта будзе не апошняя такая сустрэча…

— Дзякуй тым сталым людзям, якія падзяляюць інтарэсы нашай моладзі! — ужо са сцэны аб’явіў арганізатар і вядучы фэсту Юрый Грамовіч.

Музычная праграма фестывалю складалася з дзвюх частак. Падчас першай выступілі пінскія кавер-бэнд «Чыкага» і рок-гурт «Бона», а таксама вядомы сталічны гурт Drum ecstasy. Элегантныя музыкі «Чыкага» выканалі сусветныя хіты і любімыя песні савецкага мінулага — як заўсёды, драйвова, шчыра і з крыху «хуліганістым» настроем.

…А між тым руплівыя «гаспадынькі» з мясцовага райпо прапанавалі гасцям шашлычок ды іншыя прысмакі (адзначу, што спіртное не прадавалася). З бацькамі весялілася дзятва, а часам можна было пабачыць тую ці іншую задуменную бабульку. Некаторыя прыгажуні рызыкоўна танцавалі на высокіх абцасах, але ж абышлося без траўм.

…Некалі ў Дубае маліліся і балявалі, будавалі і руйнавалі, пісалі карціны і здымалі кіно. Здаецца, цяпер шматвяковы парк быў зноўку ў развагах: што чалавек прыдумаў на гэты раз?

— Мы вырашылі ладзіць гэты фэст, каб ніхто не сказаў, што пінскай моладзі няма куды пайсці, няма дзе добра адпачыць, — зазначыў, падсумоўваючы вынікі фестывалю, Юрый Грамовіч. — Спадзяюся, што дзея стане традыцыйнай… Ужо зараз з намі адпачываюць госці-замежнікі, таму на будучыню плануем зрабіць ZялёнY міжнародным.

Яно і добра: калі запытаюцца ва ўдзельнікаў, дзе быў фэст, тыя раскажуць, між іншым, і пра самабытную палескую вёску Дубае. А як вядома, станоўчыя водгукі сарафаннага радыё — тая яшчэ рэклама для развіцця турыстычнага патэнцыялу! Напэўна, пасля вечарыны камусьці захочацца вярнуцца ў адметныя палескія мясціны іншым разам: надыхацца чысцюткім паветрам, наслухацца птушыных спеваў і дазнацца падрабязней пра тутэйшыя легенды.

...А потым, канешне, наведаць чарговую вечарыну. Бо, мусіць, хай лепш будуць фестывалі, хай віруе жыццё мясцовай аграсядзібы, хай едуць турысты паглядзець на самабытны палескі край! Чым будзе ў заняпадзе стаяць неахайны, недагледжаны парк, адно што на паперы — «велічны і знакаміты».

НА ЗДЫМКАХ: амаль з кожным дрэвам у старадаўнім парку звязаны легенды і незвычайныя гісторыі; капліца, пабудаваная ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, вабіць турыстаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter