Дранiкi з гарбатаю зробяць нас багатымi?

Калiсьцi ў дзяцiнстве яна ўпершыню трапiла ў Дзiсну. На дзяўчынку з Глыбоччыны вельмi моцнае ўражанне зрабiў iмклiвы бег дзвюх рэк -- Дзвiны i Дзiсны, якiя злучалiся тут у адну i далi жыццё i назву самому гораду. З мясцовым хлопчыкам, якому "даручылi" госцю, яны апынулiся ў паўразбуранай царкве, дзе замест купалаў i столi над галавой прасцiралася блакiтнае неба. Промнi сонца рабiлi чароўнымi i гэты храм, i гэты горад. З грудзей дзяўчынкi мiжволi вырвалася: "Божа, як я хачу жыць у гэтай Дзiсне!"
Тады Вольга Аляксандраўна Мароз яшчэ не ведала, што Дзiсна -- горад сапраўды дзiвосны i старажытны, што перажыў ён i "залаты" век у пару, калi меў Магдэбургскае права, i страшэнную трагедыю падчас Вялiкай Айчыннай вайны, пасля якой так i не змог падняцца i расквiтнець, як раней. Яна нават i ўявiць сабе не магла, што стане яго "гаспадыняй", i менавiта ёй, старшынi гарадскога Савета, прыйдзецца думаць i клапацiцца пра лёс яго жыхароў, гiстарычнай спадчыны, пра будучыню гэтай зямлi.
Дзiсна спрадвеку была цiкавая сваёй прыродай, рамёствамi. Тут пралягалi гандлёвыя шляхi, а значную частку насельнiцтва складалi яўрэi. Перад Вялiкай Айчыннай вайной тут было 11 тысяч, зараз -- 2600 жыхароў.. Толькi ў адной брацкай магiле пахавана 3800 чалавек яўрэйскай нацыянальнасцi. Тут адбылася буйная танкавая бiтва, горад практычна зраўнавалi з зямлёй. Ён быў настолькi разбураны, што прыйшлося разабраць брук на вулiцы i пахаваць воiнаў-вызвалiцеляў прама на праезджай частцы, таму зараз вулiца Першамайская ўпiраецца ў помнiк, а потым працягваецца далей.
Пасля вайны Дзiсна яшчэ некаторы час заставалася цэнтрам раёна, цяпер уваходзiць у склад Мiёрскага раёна Вiцебскай вобласцi. Працэс аднаўлення i развiцця значна замарудзiўся.
Асаблiва цяжка прыйшлося дзiсненцам падчас так званай "перабудовы". Маленькiя прадпрыемствы, якiя тут ёсць, прастойвалi, iншай работы амаль што не было. Зараз стабiльна працуюць фiлiял вiцебскага ВА "Вiцябчанка", камбiнат будаўнiчых матэрылаў, лясгас. Тым не менш праблема працаўладкавання, развiцця рэгiёна стаiць даволi востра.
З палону стэрэатыпаў
Вольга Мароз доўга думала, якiм чынам можна ўдыхнуць новае жыццё ў любiмы горад, даць магчымасць Дзiсне расправiць крылы i заняць дастойнае месца ў шэрагу лепшых.
Думала i пра турызм. Але спрацоўваў стэрэатып: для турыстаў патрэбны помнiкi архiтэктуры, нешта адметнае. Потым на адным з семiнараў пазнаёмiлася з каардынатарам праграмы ААН па ўстойлiваму развiццю А.В.Сiвагракавым. I з той пары пачаўся новы адлiк для горада, таму што Алег Уладзiмiравiч паказаў, як можна актывiзаваць насельнiцтва, згуртаваўшы спачатку вакол сябе зацiкаўленых асоб.
Пачалася работа па выпрацоўцы стратэгii ўстойлiвага развiцця рэгiёна, куды, акрамя Дзiсны, увайшлi тэрыторыi пяцi сель саветаў, аб`яднаных агульнай гiсторыяй i агульнымi iнтарэсамi. Прычым дзiсненскiя актывiсты не ведалi, што такая праграма распрацоўваецца i на ўзроўнi рэспублiкi. Але iнтуiтыўна "ўлавiлi" асноўныя моманты: развiццё турызму, iнфраструктуры, работа з насельнiцтвам. Пазней выйгралi конкурс i атрымалi магчымасць удзельнiчаць у адпаведным праекце ААН.
Расправiць крылы
У рамках навучальнай праграмы ААН пабывалi ў Эстонii, Латвii, Лiтве, Польшчы. Шмат што ўбачылi i чаму навучылiся. Галоўнае -- пераканалiся, што для развiцця турызму неабавязкова мець у раёне нешта неверагоднае. Ёсць аздараўленчы, спартыўны, нават кулiнарны турызм. А калi ўлiчыць, што ў наваколлi Дзiсны найпрыгажэйшыя мясцiны, чыстае паветра, гасцiнныя добразычлiвыя людзi, то адразу стаў зразумелым шлях, па якiм трэба iсцi далей. Менавiта на iм ляжаць так патрэбныя гораду грошы. Але, каб узяць iх, i зрабiць трэба нямала. Ужо адрамантавана i набыло прывабны выгляд мясцовае кафэ, у планах -- стварэнне невялiкай, але камфартабельнай гасцiнiцы з усiмi зручнасцямi ў будынку, дзе зараз размяшчаецца гарадскi Савет.
З`явiлiся i першыя турысты. Нядаўна тут правялi свой адпачынак iтальянец i шведка. Яны былi проста ў захапленнi ад таго, што пабачылi, як растуць журавiны i бруснiцы, ад чыстага паветра, ад яльнянскiх балотаў. Дарэчы, толькi тут водзiцца чорны акунь. Чым не нагода для рыбакоў наведаць унiкальныя мясцiны? Замежныя госцi смакавалi дранiкi i былi здзiўлены тым, што амаль у кожнай вёсцы iх гатуюць па-свойму: з мукой, цыбуляй, грыбамi, шкваркамi i г.д. А лазня!
-- Я па-добраму зайздрошчу суседзям з Расонскага раёна, -- кажа Вольга Аляксандраўна. -- Яны распачалi гэту работу значна раней i ўжо маюць адчувальныя набыткi. Там нядаўна пабывалi эксперты з Амерыкi, Швецыi, Польшчы, Англii, якiя дапамаглi распрацаваць пешыя, веласiпедныя, водныя маршруты, зрабiлi электронную прэзентацыю на рускай i англiйскай мовах. Iх будуць рэкламаваць па ўсёй Еўропе. Аднак яны i без таго даўно ўжо перакрылi тыя магчымасцi, якiя мы толькi шукаем. На "Славянскiм базары ў Вiцебску" мы сустракалiся з адной гаспадыняй -- Алай Корань. Дык у яе ўжо да лiстапада было ўсё распiсана. Дарэчы, у глыбiнцы на прыродзе жадаюць адпачыць не толькi iншаземцы, але i жыхары буйных гарадоў Беларусi: паесцi дранiкаў з сырадоем, пакатацца на лодцы, веласiпедзе, пасядзець пад дрэвамi, пахадзiць па лесе... Гэта так цудоўна i карысна, асаблiва для дзяцей!
Вольга Мароз лiчыць, што развiццё экатурызму павiнна спрыяць i адраджэнню народных промыслаў, традыцый. Калi адзiн будзе частаваць гасцей малаком цi самаробным сырам, другi можа прапанаваць вырабы з саломкi, керамiку, ручнiкi i г. д. Праўда, пакуль гэта толькi мары. Але мары, якiя маюць пад сабой рэальную аснову. У Дзiсне гэта ўжо зразумелi многiя, у iх з`явiлася надзея на яе адраджэнне, у тым лiку i духоўнае. Многiя жыхары пакiнулi горад у пошуках лепшага жыцця. Засталiся тыя, хто вельмi любiць сваю маленькую радзiму, жадае ёй дабрабыту. I хто ведае, можа, "залаты" век старажытнай пакутнiцы-Дзiсны не ў мiнулым, а ў будучым?
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter