Новые возможности на своей земле

Драўляная падлога як паласа для ўзлёту

Па падлозе сельскай хаты паўзе робат. Ведаеце, такі блін сантыметраў на сем, качаецца ўвесь дзень па пакоях. Калі трэба, сам едзе на базу і дабірае энергію. У некаторых і каты катаюцца на такім памочніку. Фотаздымак з ленты маёй аднакурсніцы ў сацыяльнай сетцы здзівіў і навёў на развагі. Пытанне пастаўлена цікавае: а ці думаў гаспадар, што паставіў гэту хату пад Вілейкай больш за век таму, што па яго падлозе паедзе аўтаномны «мозг»?


Ды што той робат — дзеці самі паехалі. Арцём Чаўлытка з вёсцы Слабада Мя­дзельскага раёна ўжо пабываў у Тайландзе і Венгрыі. І таксама праз новыя тэхналогіі — як удзельнік міжнародных алімпіяд па робататэхніцы. Разумныя машыны хлопчык збірае сам з пятага класа. Ён — наступны з тых айцішнікаў, што зрабілі «Свет танкаў», Viber і шмат-шмат іншага, па якіх і малыя вёскі нашай краіны будуць пазнаваць у любым кутку зямного шара.

І неабавязкова ў наш час быць вундэркіндам, каб убачыць іншую далёкую краіну. Зараз шмат кажуць пра пазычанне сістэмы перапрацоўкі пластыкавых бутэлек па прыкладзе такіх краін, як Швецыя ці Данія. Адкуль ідэя? Нашы там пабылі і ўбачылі на свае вочы. Самы танны авіябілет, скажам, з суседняй Літвы ў Капенгаген каштуе ўсяго 5 еўра. Беларусы карыстаюцца магчымасцямі, каб паглядзець, што лепей атрымліваецца ў суседа, і вяртаюцца прымяняць на сваёй глебе.

Яшчэ прыклад перамен — цягнікі. Напрыканцы мінулага года мы сказалі «бывай» кругасветцы з Брэста ў Касцюковічы за 17 гадзін. Выцясніў самы доўгі маршрут новы поезд бізнес-класа паміж Мінскам і Віцебскам. У родны Полацк я з дзецьмі зараз імчу на падобным цягніку ўсяго за 3,5 гадзіны замест сямі. Інвестар, які прыйшоў у нашу краіну з адкрытым сэрцам і вялікімі грашыма, зрабіў такія візіты не толькі больш хуткімі, але і зручнымі. Часцей сталі выбірацца ў родныя мясціны. І, вядома, я таксама сфатаграфавала сына на парозе бацькоўскага дома. Бо робаты, сучасныя цягнікі і самалёты вызваляюць нам час, каб заняцца самым галоўным. Паклапаціцца пра сваю сям’ю, бацькоў і не забыць пра парадак у родным кутку.

Крыху прыкладаў аб тым, што зроблена, каб нам зручна было жыць не толькі на мінскім асфальце, але па ўсёй краіне. Дык вось, толькі за мінулы год добраўпарадкавана тэрыторыя каля трох тысяч дамоў, ля іх паставілі новыя пляцоўкі для дзяцей. Там, дзе былі ямы і выбоіны, — 4000 квадратных метраў новай і адрамантаванай вулічна-дарожнай сеткі. Мы не Англія, але на вуліцах і плошчах маем амаль 500 гектараў газонаў. І за горадам стала прыемней: у 1310 зонах и мясцінах адпачынку каля вадаёмаў зрабілі і адрамантавалі пляцоўкі, 123 — на прыродных тэрыторыях, што асабліва ахоўваюцца, як падлічылі ў Мінпрыроды.

Перамены ідуць, і гэта не толькі дзякуючы кампаніям кшталту Года малой радзімы, на што выдаткоўваюцца немалыя дзяржаўныя грошы. Мне здаецца, што ў моладзі зараз модна быць «зялёнымі». У маім асяроддзі маладыя бацькі актыўна абмяркоўваюць, напрыклад, хто ўжо карыстаецца шматразовымі пялёнкамі і памперсамі. Купляеш звычайныя? Як можна, гэта ж шкодна для прыроды! Паменшыць колькасць бруду — справа кожнага, і павінна ісці ад сэрца. Скажам, аднакурсніца, пра дом якой я напісала напачатку артыкула, некалькі гадоў жыла з мужам за мяжой. Але яны вярнуліся — і не ў Мінск, а менавіта на малую радзіму. Каб чыстая і адрамантаваная векавая падлога сельскай хаты заставалася ўзлётнай паласой для нашых дзяцей у наступныя гады XXI стагоддзя. А не згніла ў занядбанасці.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter