Скоро начнется строительство ливневого коллектора «Юго-Запад»: угрожают ли этой осенью подтопления минским улицам?

Дождж вылятае ў трубу

Адкрыць люкі! Выветрыць падзямелле! Хай і не з такім пафасам слесары аварыйна-аднаўленчых работ ДП «Гаррамліўнясцёк» даюць паветру пракрасціся ў дажджавыя каналізацыйныя калектары, спускаюцца самі ўніз — часам на тры метры, часам — і на ўсе дваццаць, але выглядае ўсё вельмі жыва. У прадпрыемства на балансе знаходзяцца ачышчальныя збудаванні, якія не дазваляюць вадзе, у прыватнасці, з нафтапрадуктамі і пяском трапляць у рэкі, і 330 кіламетраў сеткі калектараў дыяметрам ад 1000 да 2950 міліметраў — за імі неабходна пастаянна назіраць. Карэспандэнт «Р» даведалася, ці гатовыя калектары да ападкаў і якім смеццем іх забіваюць.

Мінскія калектары маюць дыяметр ад 1000 да 2950 міліметраў.
Фота з архіва герояў матэрыялу

Вадзе — дарогу!

Каля станцыі метро «Грушаўка» брыгада слесараў выстаўляе агароджу каля люкаў. Брыгадзір Міхаіл Скасырскі робіць замер газааналізатарам пад зямлёй — кіслароду дастаткова для бяспечнага знаходжання спецыялістаў. Вады няма, таму час на яе адпампоўванне не марнуецца. Цяпер брыгадзір разам з калегам Алегам Пацёмкіным будзе назіраць, як слесары Аляксандр Мірончык і Арцём Казубоўскі спусцяцца, каб расчысціць дарогу дажджавой вадзе. Калі раптам пойдзе дождж, а такое часам здараецца летам, то работы неадкладна спыняць: вада ў калектары пры залівах імчыць, як вагон па тунэлі метрапалітэна.

Праводзяць спецыялісты два тыпы чысткі: гідрадынамічную — з дапамогай прамывачных машын, якія вадой са шлангаў пад высокім ціскам размываюць зляжалыя пясок і смецце, а затым адсмоктваюць іх з-пад зямлі, і ручным спосабам. Вось як цяпер. Двое зверху, двое спусціліся на тры метры ўніз у камеру калектара дыяметрам 2000 міліметраў. З сабой ліхтар, вядро, рыдлёўка. Загрузілі тое, што забівае калектар у вядро, прычапілі на крук лябёдкі і перадалі наверх — там утвараецца прыкметная горка адходаў. А журналіст — слабак палезці ўніз? Па тэхніцы бяспекі мне трэба прайсці не адзін урок, каб дапусцілі ў гушчу падзей, таму — не. 

Усё прапускаюць праз сябе

Работа, апісаная вышэй, вядзецца круглы год, таму што чысціня і праходнасць калектараў для горада гэтак жа неабходныя, як праходнасць труб у кватэрных ракавінах. А тут яшчэ і восень: могуць пайсці дажджы — трэба рыхтавацца. Праўда, супакойваюць, што ліўняў не прадбачыцца. Яны да нас «забягаюць» летам. Ды такія, што за гадзіну на квадратны метр можа выпасці пад тры вядры вады. 

Аляксей ФІЛЬЧАНКОЎ, галоўны інжынер ДП «Гаррамліўнясцёк»: «Зараз рыхтуем праект калектара для захаду Мінска, дзе знаходзяцца два раёны — Фрунзенскі і Маскоўскі».

— Калектары разлічаны прапускаць праз сябе працяглыя дажджы. Але і ў іх, вядома, ёсць свае межы. Вось чаму важна будаваць новыя — каб размяркоўваць нагрузку, — тлумачыць Аляксей Фільчанкоў, галоўны інжынер ДП «Гаррамліўнясцёк». Калектары будуюць там, дзе з'яўляюцца новыя дарожныя палотны. Разрастаецца мікрараён Лошыца — зараз там вядуцца работы па будаўніцтве калектараў. Забудоўваецца раён на тэрыторыі былога першага аэрапорта — і там кіпіць работа. Цяпер рыхтуюць праект калектара для захаду Мінска, дзе знаходзяцца два раёны — Фрунзенскі і Маскоўскі. Калектар «Паўднёвы Захад», да якога падлучаныя ЦЭЦ-4 і водаачышчальная станцыя КУП «Мінскводаканал», запоўнены водамі прадпрыемстваў практычна напалову. Дадайце ў тыя трубы ападкі і атрымаеце падтапленні на вуліцы Гарэцкага, праспекце Дзяржынскага. Аляксей Алегавіч анансуе:

— У нас у раёне вёскі Яркава ёсць каскады ачышчальных збудаванняў, якія былі спраектаваны з запасам, таму лепшым рашэннем бачым перавод водаў з прамзоны туды.

Усяго па Мінску працягласць дажджавой каналізацыі больш за 1700 кіламетраў. Кожны год яна павялічваецца на некалькі кіламетраў. За «малыя» калектары — да 1000 міліметраў у дыяметры — адказваюць раённыя «Рамаўтадоры». Гэта ўнутрыдваровыя сеткі і сеткі для адвядзення водаў з дарог і тратуараў. А за магістральныя калектары — ад 1000 міліметраў і вышэй — ДП «Гаррамліўнясцёк». Спецыялісты праводзяць унутранае абследаванне калектараў раз у год, адначасова абследуюць іх і падчас ачысткі ад пяску і глею. Плюс ёсць знешні абыход сетак — раз у два месяцы. 

Вытокі сцёкаў

Трубы круглага сячэння для калектараў робяць з жалезабетону, прымяняюцца гафрыраваны пластык, шклапластык і металічныя гафрыраваныя трубы. Раней калектары рабіліся з цэглы — той жа калектар «Няміга». І тыя і другія патрабуюць да сябе ўвагі. З часам абсыпаецца цэгла, агаляецца арматура, каразіруе... Вось яшчэ адна праблема, расказвае Аляксей Фільчанкоў:

— Дажджавая вада разам з сабой нясе з дарог і цвёрдыя рэчывы: жвір, грунт, гліну, пыл. Зімой дарогі таксама пасыпаюць соллю і пяском. Усё гэта прыбраць немагчыма — са сцёкамі трапляе ў калектар, з вялікай хуткасцю ідзе па латковай яго частцы, сціраючы бетонную паверхню.

Брыгада слесараў аварыйна-аднаўленчых работ складаецца мінімум з чатырох чалавек: двое працуюць зверху, двое знізу. 

Самае дзіўнае, што сустракаецца пад зямлёй у калектарах і смецце, якое людзі скідваюць з агародаў, нават разам з вёдрамі, каб не плаціць за вываз.

— Мы разумеем, што такое «прыплысці» не магло, — з сумам усміхаецца галоўны інжынер. — Яшчэ праблема: раней людзі хацелі, як дыгеры, пралезці ўнутр. Некаторых даводзілася даставаць падчас дажджоў разам з МНС. Іншыя пакідалі адкрытымі люкі, што было вельмі небяспечна, бо маглі б пацярпець мінакі. Зараз ёсць разуменне, што калектар — не рамантычная прагулка. 

У Мінску ёсць каля 130 месцаў, дзе магчымы падтапленні падчас самых непрыемных умоў надвор'я. Некаторыя з іх заліваліся ўсяго раз-два за дзесяць гадоў. 

— Раней ліўнёўкі не спраўляліся з плынню на вуліцы Няміга, але ўжо дзейнічае новы калектар ад вуліцы Клары Цэткін да вуліцы Маякоўскага, які разгрузіў Нямігу ад транзітных водаў, — нагадвае галоўны інжынер. — У цэлым ліўні не накрываюць увесь горад, а праходзяць паласой або лакальна па некалькіх раёнах. Як правіла, ліўні прыходзяць разам з парывамі ветру, якія зрываюць лістоту, траву. Яны ў сваю чаргу забіваюць водапрыёмнікі. Таму прыязджаюць трактары і шчоткамі расчышчаюць іх, каб праходзіла вада. 

Ці варта чаго-небудзь апасацца зімой? Толькі дзвюх сітуацый. Першая: калі снегаўборачныя машыны прыбіраюць снег да ліўнёвак і яго адтуль не паспяваюць хутка звезці. І другая сітуацыя: калі пры рэзкім пацяпленні снег, які растае, не можа ўвабраць у сябе змёрзлы грунт, а таксама, калі водапрыёмнікі зверху падмерзлі — тады могуць здарыцца назапашванні вады і невялікія падтапленні. Але і гэта, як заўсёды, будуць выпраўляць.

kasel@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter