Дождж — повязь зямлі і неба

У народнай культуры дождж атаясамліваўся з апладняльнымі сіламі, сімва-лізаваў пладаноснасць, быў ўвасабленнем жыватворнай повязі Зямлі і Неба. У паданнях дождж часта станавіўся здабыткам злоснага змея. Выратаваць яго з палону можна было толькі праз ахвяраванне змею самай прыгожай дзяўчыны з вёскі. У хрысціянскай культуры дождж параўноўвалі з жыццёвай сілай душы, якая прымушае цела рухацца, змагацца, жыць. Лічылася, што дождж — гэта Божы дар, які сыходзіць з Неба ў выглядзе кропель. Таму адсутнасць дажджу ці, наадварот, працяглыя дажджы ўспрымаліся як пакаранне за людскія грахі. Напрыклад, існавала перакананасць: калі не прытрымлівацца Пятроўскага посту, будзе ліць дождж “аж усе тры наступныя тыдні”.
Дождж стаў сімвалам дабра і зла ў жыцці чалавека. З аднаго боку, існавала павер’е: калі ў час вяселля пойдзе дождж, сям’я будзе жыць з пастаянным прыбыткам. Дождж у пачатку любой справы (напрыклад, на пачатку будаўніцтва хаты, капання калодзежа і г. д.) ці шляху сімвалізаваў поспех, добры вынік працы. З другога боку, калі ў час пахавання нябожчыка ідзе дождж і кроплі падаюць у магілу, гэта прадказвала новае няшчасце, новыя “слёзы”. У той жа час дождж падчас галашэння па памерлым успрымаўся як знак зверху: “добры чалавек памёр, неба па ім слёзы лье”. У час моцнага дажджу ўвогуле непажадана было хаваць чалавека, каб не “закапаць” дождж і не наклікаць новую бяду.
Да дажджу, які ідзе пры сонцы, заўсёды былі станоўчыя адносіны. Такі дождж звалі спрыяльным, грыбным, людзі былі перакананы, што дзеці, якія трапілі пад такі дождж, будуць лепш расці. Сярод славян было распаўсюджана меркаванне, што вясёлка адным канцом сваім п’е ваду з мора, а другім палівае зямлю дажджом.
У народнай метэаралогіі існавалі наступныя прадказанні: калі дождж ідзе ў пятніцу, то будзе ісці ўвесь наступны тыдзень; калі з раніцы дождж — да апоўдня то ж; калі на лужынах у час дажджу з’яўляюцца пузыры, трэба чакаць яшчэ больш моцнага дажджу; жабы  моцна крычаць — быць дажджу; калі кветкі, травы з раніцы моцна пахнуць, будзе дождж.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter