На Гомельщине активно землю будили, чтобы она в новом году родила

Дотык да спрадвечнага, свайго, роднага

Адзін з адметных абрадаў — «Гуканне вясны» — правёў Гомельскі філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. Лакальныя спевы, пудзіла Зімы і абрадавае печыва — удзел у мерапрыемстве прынялі больш за сто чалавек.

Многія мужчыны і жанчыны прыйшлі ў традыцыйным строі, з тымі, хто быў у «цывільным», музейшчыкі падзяліліся хусткамі, каб трохі паглыбіць у атмасферу. Дзявочыя галасы завялі звонкае «Ой, вясна, ой, красна...», і ад будынка філіяла шумны натоўп накіраваўся на процілеглы берег ракі Сож. Па дарозе да яго далучаліся зацікаўленыя гамяльчане, і колькасць тых, каму надакучыў холад, паступова павялічвалася.




Загадчыца філіяла Наталля Кадзетава патлумачыла:

— Вясну гукалі на Беларусі пачынаючы са Стрэчання і аж да самага Вялікадня. У кожным рэгіёне былі свае асаблівасці па часе і нейкіх асобных традыцыях. Недзе залазілі высока на дрэва, каб іх лепш пачула сонейка, ці насаджвалі печыва ў выгля­дзе птушак на палкі і бегалі з імі, а ў іншых мясцінах да традыцыйных птушак усім дадавалі шматок сыру і масла.



Гомельскі варыянт гукання вырашылі таксама зрабіць з лакальным характарам. Тэксты песень, напрыклад, сабраныя навукоўцамі і аматарамі народнай культуры ад носьбітаў з усіх куткоў Гомельшчыны. «Ой, у лесі на орэсі цецера повісла» — радкі з вёскі Казлы Ельскага района, а гучнае «Вол бушуе, да вол бушуе — вясну чуе» запісалі ў вёсцы Мольча на Светлагоршчыне.

З гэтымі спрадвечнымі спевамі ўдзельнікі абраду дабраліся да паляны, пасярэдзіне якой расла маладзенькая бярозка. Яна і стала цэнтральным аб'ектам свята. Дрэва ўпрыгожылі птушкамі і кветкамі, а вакол яго вадзілі карагоды. Гэта абавязковая ўмова, адзначае Наталля Кадзетава:

— Танцы, карагоды, гульні, нашы тупаценні, вібрацыі дапамагаюць абудзіць зямлю. Каб яна прачнулася, каб добра радзіла ў новым годзе.




Гоману з вясеннім адценнем дадаюць народныя гульні. 15-гадовая Елізавета Данілкіна са Стаўбунскай школы з задавальненнем ператварылася ў перапёлачку, якая пасярэдзіне карагода паслухмяна ілюструе дзеяннямі то, што спяваюць вакол дзяўчаты: «ручкі баляць», «зубкі баляць». А вясёлыя танцы персанажа пачынаюцца толькі тады, калі ад карагода даносяцца радкі: «У перапёлкі малады чалавек!» Ліза кажа, што заўсёды з ахвотаю ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах:

— Мяне прывучыла маці, яна працуе ў сферы культуры. Гэта не першы абрад, часткай якога я станаўлюся, і кожны раз гэта дотык да чагосьці спрадвечнага, свайго, роднага.




Дарэчы, падлеткаў і дзяцей на гуканні было дастаткова, няхай самыя малыя і цікавіліся ў асноўным падвешанымі на дрэве арэлямі. Аднак гэта таксама не проста гойданне — так чалавек вышэй уздымаецца да неба. А маладзіцы, якія сядуць на арэлі, хутка зробяцца цяжарнымі і лягчэй наро­дзяць.

— Збіраем усё дрэннае і кладзём у Зіму! — раздаліся галасы над палянай.




Гэта яшчэ адзін абавязковы элемент — ачышчэнне ад перажытага, каб яно ў новым го­дзе не чаплялася за ногі. Удзельнікі абраду ў фігуру Зімы ўкладвалі запіскі і сімвалічныя рэчы, якія ўвасаблялі ўсё тое, што не хацелася б несці з сабою далей. Нядзіўна, што большасць прысутных пазбавілася ад медыцынскіх масак, праганяючы такім чынам каронавірус. Пудзіла Зімы з дрэннымі ўспамінамі спалілі на вогнішчы.




І з задавальненнем усе каштавалі абрадавую ежу: печыва ў выглядзе птушак, якое падкідвалі «ў палёт» на ручніках і посцілках, і прыгатаваную на агні яечню. Птушкі і яйкі — гэта яшчэ адзін сімвал аднаўлення жыцця, яго новага цыкла. Супадзенне ці не, але пад канец абрадавых дзеянняў праз хмары ўсё ж такі прабілася сонца.

valchenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter