Дом з гiсторыяй

Шчыра сказаць, працяглы ўжо час гэты белы трохпавярховы дом па вуліцы Гандлёвай, 27 (той, што стаіць на беразе Свіслачы побач са Свята-Духавым кафедральным саборам і выходзіць тарцом на Траецкае прадмесце) вока мінчан і гасцей горада наўрад ці радаваў.

Шчыра сказаць, працяглы ўжо час гэты белы трохпавярховы дом па вуліцы Гандлёвай, 27 (той, што стаіць на беразе Свіслачы побач са Свята-Духавым кафедральным саборам і выходзіць тарцом на Траецкае прадмесце) вока мінчан і гасцей горада наўрад ці радаваў. Даўно апусцелы, са «сляпымі», густа забеленымі аканіцамі, выглядаў ён не надта прэзентабельна. Між тым знаходзіцца гэты дом у гістарычнай частцы беларускай сталіцы – Верхнім горадзе, з’яўляецца помнікам архітэктуры канца XIX – пачатку XX стагоддзя і адным з нямногіх ацалелых астраўкоў старога Мінска.
Сёння дом па Гандлёвай, 27 стаіць без даху. Побач – будаўнічы кран. А гараджане, праходзячы і праязджаючы міма, задаюцца пытаннем: помнік архітэктуры ідзе пад знос?
У адказ на яго намеснік начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі адразу ўдакладняе: не пад знос, будынак будзе разабраны, каб быць пасля цалкам адноўленым у поўнай адпаведнасці з арыгіналам у лепшыя яго часы.
Рашэнне аб разборцы дома было прынята пасля дэталёвага аналізу, праведзенага Навукова-даследчым і праектна-тэхналагічным інстытутам будіндустрыі НДПТІБ — спецыялізаванай установай, якая з’яўляецца адной з галаўных у справе вывучэння канструктыўных асаблівасцей будынкаў, іх падмуркаў і г.д.  
У ходзе даследаванняў спецыялістаў выявілася, што становішча дома па Гандлёвай, 27 дастаткова складанае. У сувязі з тым, што доўгі час адбывалася вымыванне грунта, асабліва ў тыльнай частцы будынка, ён практычна “падвіс” у паветры. Паводле слоў Ігара Чарняўскага, спроба ўмацаваць будынак металічнымі цяжамі, якая была зроблена яшчэ ў 90-х гадах, сёння сітуацыю ўжо не выратоўвае. Не вытрымліваючы прасадкі будынка, цяжы проста лопаліся, і цяпер для далейшага існавання яму неабходны нармальны, трывалы падмурак. Дарэчы, як адзначае Ігар Мяфодзьевіч, праблема з падмуркамі характэрна для многіх дамоў гістарычнага цэнтра горада, асабліва тых, што размяшчаюцца на ўзбярэжжы Свіслачы, дзе грунты балоцістыя. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя тагачасныя будаўнікі не кожны раз дакопваліся да цвёрдых нясучых мацерыковых грунтоў.
З мэтазгоднасцю разборкі дома пагадзіліся і прадстаўнікі навукова-метадычнай рады, якая дзейнічае пры  упраўленні. Але пагадзіліся з умовай, што ў працэсе аднаўлення  будуць прымяняцца матэрыялы, якія адпавядаюць па сваіх метрычных характарыстыках аўтэнтычным, захаваюцца ўсе дэкаратыўныя асаблівасці і элементы будынка і г.д. Карацей, каб усё было прадугледжана і зроблена дзеля аднаўлення будынка ў яго першапачатковым гістарычным выглядзе.
— Памеры цяперашняга будынка яшчэ раз удакладнены і зафіксаваны. Трэба, каб кожная цагліна лягла на сваё месца. Наша задача – захаваць гэтую забудову як дакумент гісторыі, — сцвярджае Ігар Чарняўскі.
— Але няўжо немагчыма было пазбегнуць разборкі дома-помніка? – пытаюся ў  чыноўніка.
— Магчыма, — шчыра прызнае ён у адказ. – Але для гэтага спатрэбіліся б мільярды рублёў. Такіх аб’ёмаў сродкаў сёння няма...
Дарэчы, пра грошы. Сродкі на правядзенне работ па аднаўленні  будынка па Гандлёвай, 27 выдаткоўваюцца ад Беларускага экзархата, ва ўласнасці якога ён зараз знаходзіцца. Як паведаміў рэферэнт Мінскага епархіяльнага ўпраўлення па пытаннях будаўніцтва Генадзь Шукан, створаны папячыцельскі савет, праз які прыцягваюцца дабрачынныя сродкі. Плануецца, што затраты на аднаўленне будынка складуць 1 мільярд 350 мільёнаў рублёў. У перспектыве ж ён стане адным з аб’ектаў Духоўна-адукацыйнага цэнтра беларускай праваслаўнай царквы горада Мінска, які мяркуецца стварыць побач з галоўным праваслаўным храмам краіны. У гэты комплекс пераедзе з Жыровічаў Мінская духоўная акадэмія, у ім размесцяцца два вучэбныя корпусы, інтэрнат, трапезная, бібліятэка, дамавая царква, актавая зала. Менавіта ў адноўленым доме плануецца размясціць рэктарат.
Як паведаміў Генадзь Шукан, у адпаведнасці з планам будаўнічых работ да зімы дом па Гандлёвай, 27 будзе разабраны. Яго аднаўленне пачнецца ў наступным годзе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter