Дзмітрый Шынкарэнка з уласцівым яму юнацкім максімалізмам напрасіўся на прапанову ўзначаліць гаспадарку, якая была ў заняпадзе

Дом вокнамі на «Светлую ніву»

Высокая сцяна кукурузы падступае да сціплага адміністрацыйнага будынка пухавіцкай гаспадаркі «Светлая ніва». У памяшканні ажыўлена. Тут размешчаны выбарчы ўчастак Кіраўніка дзяржавы.

З акна кабінета дырэктара па-над кукурузнай плантацыяй праглядаецца буслянка, што ўзвышаецца на воданапорнай вежы. Перахапіўшы мой позірк на цыбатых буслянятах, што размахвалі крыламі, малады гаспадар кабінета Дзмітрый Шынкарэнка ўсміхнуўся:

— Паўтарагадовая Злата чакае, што да адлёту ў вырай буслы прынясуць браціка. Перад родамі жонкі дачушку адправілі да бабулі і дзядулі ў палескую вёску Глінка. І я вырас на Палессі, непадалёку ад родных мясцін класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Са школьных гадоў запалі ў сэрца яго раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». У іх пісьменнік трапна адлюстраваў душу маіх землякоў. 

Маці Наталля Віктараўна прыехала ў Хойнікі з далёкага Данецка. Тут выйшла замуж. Бацька Аляксандр Мікалаевіч працаваў шафёрам у лясгасе. У мяне тры малодшыя сястры і брацік. Аўдавелая маці доіць кароў у хойніцкай гаспадарцы «Судкова». Як выдаецца вольны час, наведвае нас.


— Пэўна, ганарыцца, што сыну даверылі гаспадарку?

 — У 21 год з дыпломам вучонага заатэхніка прыехаў на працу ў пухавіцкі аграгарадок Дукора. Перад вучобай у Гродзенскім дзяржаграўніверсітэце закончыў дзяржагракаледж у Рэчыцы. На першым і другім курсах каледжа, калі праходзілі праграму сярэдняй школы, цяжкавата было. А на старэйшых курсах ад спецыяльных дысцыплін атрымліваў захапленне. Пасля каледжа за тры гады па ўскоранай праграме закончыў універсітэт. Запомнілася вытворчая практыка на жывёлагадоўчым комплексе вядомага гродзенскага сельгаспрадпрыемства «Прагрэс-Верцялішкі». З прыемнасцю даведаўся, што кіруе ім зямляк Герой Беларусі Васіль Равяка. Уразілі на верцялішскай ферме адмысловы парадак, высокая культура, аснашчанасць памяшканняў сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Карцела паказаць спецыялістам гэтай гаспадаркі свае веды. Усё ж за спіной было чатыры гады вучобы ў каледжы. Гарэў жаданнем самастойна працаваць.

— І такая магчымасць з’явілася пасля атрымання дыплома і накіравання на працу. 

— З першых дзён у Дукоры заўзята ўзяўся за справу. Дняваў і начаваў на фермах. Імкнуўся наладзіць работу жывёлаводаў па-новаму. Але мае прапановы чамусьці ў штыкі прымаў тагачасны кіраўнік. Марнымі былі памкненні. Мяне агарнуў юнацкі максімалізм. Рашуча адправіўся ў Мар’іну Горку. У райвыканкаме папрасіў пераразмеркаваць мяне. І нечакана атрымаў прапанову ўзначаліць гаспадарку «Светлая ніва». Раней гэта быў калгас «Камсамолец». Узначальваў яго вядомы ў рэспубліцы старшыня Герой Сацыялістычнай Працы Міхаіл Змачынскі.

— Даводзілася не раз сустракацца з Міхаілам Раманавічам. Мудры кіраўнік упэўнена вёў калектыў. Па ўраджайнасці збожжавых хлебаробы тагачаснага калгаса «Камсамолец» лідыравалі ў раёне. Паспяхова развівалася і жывёлагадоўля. А якой вы прынялі гаспадарку?

— Працяглы час тут не было кіраўніка. Абавязкі яго па чарзе выконвалі спецыялісты. Па памерах гаспадарка невялікая. Тры тысячы гектараў сельгасугоддзяў, дзве малочна-таварныя фермы. Мяне здзівіў незбалансаваны рацыён кармлення жывёлы. Акрамя грубых кармоў, дойным каровам выдавалі муку з перамолатага зерня. Адпаведныя былі і надоі. З-за слабай кармавой базы не ўвесь прыплод выжываў. 

Гаспадарка прыйшла ў заняпад. Вакантнымі заставаліся некаторыя пасады галоўных спецыялістаў. Заняўся пошукам кадраў. Тэлефанаваў сябрам па вучобе. Пасля службы ў арміі заатэхнічную службу ўзначаліў Мікалай Дашкевіч, з якім вучыліся ва ўніверсітэце. Па накіраванні прыехала працаваць ветфельчарам пасля заканчэння Смілавіцкага дзяржагракаледжа Дар’я Шаранкова. Яна атрымала дыплом з адзнакаю. Дзяўчына рыхтуецца завочна вучыцца ў Беларускай дзяржветакадэміі. Ветурачом працуе выпускніца Рэчыцкага дзярж­агракаледжа Вікторыя Сялюк. Завочна яна атрымлівае вышэйшую адукацыю. Галоўнага бухгалтара Валянціну Дудко, якая дасягнула пенсіённага ўзросту, замяніла малады спецыяліст Вікторыя Сідарава. Сямейнай парай сталі галоўныя спецыялісты Міхаіл і Наталля Сянько. 

— А як з жыллём для маладых сем’яў?

— Рэканструюем будынак дзіцячага садзіка на цэнтральнай сядзібе — у аграгарадку Энергія. Дзясятак маладых сямей атрымаюць двухпакаёвыя блокі з санвузлом і кухняй. У перспектыве плануем будаваць жыллё. Пакуль сродкі накіроўваем на абнаўленне машынна-трактарнага парка. Значную дапамогу аказвае інвестар — кіруючая кампанія холдынга ААТ «Мінскі маторны завод». Пятнаццаць гадоў таму гаспадарка стала філіялам гэтага прадпрыемства. Часта сустракаюся з намеснікамі дырэктара завода Андрэем Новікам і Генадзем Бакуновічам. Прадпрыемства дапамагло набыць новыя дыскаўдзер, шыроказахопны культыватар, энерганасычаны трактар, іншую тэхніку. З падтрымкай завадчан своечасова і якасна адрамантавалі глебаапрацоўчыя, пасяўныя агрэгаты, збожжаўборачныя камбайны. Аператыўна правялі веснавую сяўбу і зараз на другой палове плошчаў убіраем збажыну.

— Дзмітрый Аляксандравіч, хлебная ніва ў вас вялікая?

— Неабходна абмалаціць збожжавыя на 1214 гектарах. Хутка справіліся з уборкай рапсу на 250 гектарах. Кожны з іх даў па 20 цэнтнераў насення, што ў два разы больш, чым у папярэднія гады. 150 тон насення здалі дзяржаве. Астатні ўраджай рэалізавалі на абласны аграсэрвіс. Там закупачная цана большая. За выручаныя сродкі набылі неабходную колькасць мінеральных удабрэнняў пад сяўбу азімых.

На легкавіку адправіліся з Дзмітрыем Аляксандравічам да камбайнаў. За вёскай Вясёлая тры агрэгаты гомельскай вытворчасці малацілі азімы трыцікале. У былыя гады з-за недахопу механізатараў камбайнеры працавалі без памочнікаў. Сёлета ўсе экіпажы ўкамплектаваны механізатарамі. Грузавікі адзін за адным з поля адвозяць зерне на збожжаток, што побач з аграгарадком Энергія.

На раённых «Дажынках» летась гаспадарку прадстаўляў трактарыст Сяргей Савіч. На агрэгаце ПРФ-180 ён прэсаваў салому і сярод механізатараў раёна выйшаў у лідэры. Дырэктар Дзмітрый Шынкарэнка спадзяецца, што па выніках сёлетняга жніва сярод раённых прызёраў будуць і прадстаўнікі гаспадаркі. 

Накіроўваемся да зернесушылкі. У руках Дзмітрыя Аляксандравіча не змаўкае мабільны тэлефон. Ён тут жа прымае рашэнні, дае загады. На прахадной збожжатока грузавікі з ураджаем узважваюцца і прывезенае зерне папаўняе хлебныя горы. Кіраўніка хвалюе, каб зерне не сапрэла на пляцоўцы. Сушылка працуе кругласутачна, але яе магутнасць абмежавана. У планах набыццё больш магутнага агрэгата па дапрацоўцы збажыны. 

Побач са збожжатокам узвышаюцца карпусы новабудоўлі — закрытага акцыянернага таварыства «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя». У пасёлку Дружны для будучых працаўнікоў новай вытворчасці ўзводзіцца жыллё. Дзмітрый Аляксандравіч разумее, што складана будзе ўтрымаць кад­ры. Але рукі не апускае. 

— Імкнемся высокімі заробкамі і стварэннем адпаведных сацыяльных умоў утрымліваць людзей. За час кіраўніцтва гаспадаркай сярэднемесячны заробак амаль падвоіўся і дасягнуў 1000 рублёў. І надалей будзем імкнуцца руб­лём утрымліваць механізатараў, жывёлаводаў. Ёсць каму кіраваць тэхнікай, даглядаць жывёлу. Рабочых штораніцы забіраем па вёсках на тэрыторыі гаспадаркі. Два гады таму катастрафічна не хапала працоўных рук. Запрашалі людзей з суседніх гаспадарак. Дзякуючы росту заробкаў ліквідавалі гэту праблему.

— Для фонда зарплаты неабходны стабільныя фінансавыя паступленні. Адкуль плануеце іх чэрпаць?

— Асноўны прыбытак дае жывёлагадоўля. Стварылі трывалую кармавую базу, аднавілі селекцыйную работу на фермах, і адпаведна вырасла валавая вытворчасць малака. Пастаўляем яго на Слуцкі сыра­дзельны камбінат у асноўным сортам экстра. Стабільна атрымліваем грашовую выручку. У планах будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў на малочна-таварнай ферме «Вясёлая». Каркасны цялятнік ужо ўсталявалі. Там утрымліваем цялушак для папаўнення дойнага статка. 

Па асноўных эканамічных паказчыках за мінулыя два гады ўдалося выйсці з аўтсайдэраў раёна. А па некаторых сярод 16 пухавіцкіх сельгаспрадпрыемстваў набліжаемся да лідэраў.

Працоўная біяграфія маладога кіраўніка толькі пачынаецца. Тут, у гаспадарцы «Светлая ніва» Дзмітрый Аляксандравіч плануе сваю будучыню. У суседняй Дукоры, дзе пасля студэнцтва пачынаў галоўным заатэхнікам, бухгалтарам працуе жонка. Маладая сям’я ўзяла ў дзяржбанку пазыку. Купілі драўляны дом у суседняй вёсцы Нізаўка. Адрамантавалі яго. Давялі да ладу прысядзібны ўчастак. Настроены абнавіць стары сад. На пачатку восені Дзмітрый і Ганна Шынкарэнка чакаюць папаўнення. Поспехі на працы, лад у сям’і, пэўна, і ёсць сапраўднае шчасце маладога дырэктара Дзмітрыя Шынкарэнкі.

ДАВЕДКА «СГ»

Выпускнік Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Дзмітрый ШЫНКАРЭНКА ў 24 гады ўзначаліў сельгасфіліял «Светлая ніва» кіруючай кампаніі холдынга ААТ «Мінскі маторны завод». Спецыялізуецца гаспадарка на вытворчасці малака, вырошчванні збожжа, тэхнічных і кармавых культур. За няпоўныя два гады дырэктарства сельгаспрадпрыемства па асноўных эканамічных паказчыках дасягнула ўзровень раённых лідэраў: гадавы надой малака ад каровы перавысіў 5000 кілаграмаў, ураджайнасць збожжавых перасягнула 35 цэнтнераў з гектара.

У эфектыўным выкарыстанні сельгасугоддзяў малады кіраўнік адчуў магчымасць перспектывы развіцця гаспадаркі. Дзмітрый Аляксандравіч намераны ўмацоўваць сувязь з беларускімі вучонымі для ўкаранення сучасных тэхналогій у вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter