Дом на кручы. Як у адно імгненне водная стыхія змяніла лёс жыхароў вёскі Красная Горка.

Нездарма кажуць, што наша жыццё напамінае раку: то плаўна цячэ, то ўздымецца хваляй ці зробіць нечаканы паварот. Для насельнікаў вёсачкі ў Жлобінскім раёне гэта не алегорыя — магутны Днепр раптоўна знішчыў тое, што здавалася непарушным.Гэты ліст быў з тых, што проста крычаць аб дапамозе. Зрэшты, мяркуйце самі. “У вёсцы, дзе засталася адна хата, жывуць 86-гадовая пенсіянерка Аляксандра Мікалаеўна Новікава з сынам Аляксандрам. Хата стаіць на абрывістым беразе Дняпра. Вышыня ў гэтым месцы метраў сем. Які краявід адкрываецца з вокнаў — можна толькі марыць. Але ў астатнім ім не пазайздросціш. Паводка падмыла бераг, і амаль палова дома абвалілася ў раку. Цяпер састарэлая жанчына і яе сын жывуць у нечалавечых умовах”, — гаворыцца ў лісце ў рэдакцыю.Няўжо людзей пакінулі сам-насам з бядой? Каб высветліць гэта, наш карэспандэнт накіраваўся ў Жлобін.

Нездарма кажуць, што наша жыццё напамінае раку: то плаўна цячэ, то ўздымецца хваляй ці зробіць нечаканы паварот. Для насельнікаў вёсачкі ў Жлобінскім раёне гэта не алегорыя — магутны Днепр раптоўна знішчыў тое, што здавалася непарушным.
Гэты ліст быў з тых, што проста крычаць аб дапамозе. Зрэшты, мяркуйце самі. “У вёсцы, дзе засталася адна хата, жывуць 86-гадовая пенсіянерка Аляксандра Мікалаеўна Новікава з сынам Аляксандрам. Хата стаіць на абрывістым беразе Дняпра. Вышыня ў гэтым месцы метраў сем. Які краявід адкрываецца з вокнаў — можна толькі марыць. Але ў астатнім ім не пазайздросціш. Паводка падмыла бераг, і амаль палова дома абвалілася ў раку. Цяпер састарэлая жанчына і яе сын жывуць у нечалавечых умовах”, — гаворыцца ў лісце ў рэдакцыю.
Няўжо людзей пакінулі сам-насам з бядой? Каб высветліць гэта, наш карэспандэнт накіраваўся ў Жлобін.

З Лясной на... Лясную

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Сакалоў, праблему Новікавых ён ведае. Дом гэты быў пабудаваны ў пасляваенны час. Раней да берага было метраў сто, але апошнім часам Днепр пачаў мяняць рэчышча. На даху, сценах з’явіліся трэшчыны. Па словах начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Міхаіла Вабішчэвіча, камісіі выязджалі на месца здарэння неаднойчы. Шматлікія візіцёры на свае вочы бачылі жыллёвыя ўмовы гэтых людзей. Ложак, печ ды стол, а за зачыненымі дзвярамі ў другім пакоі гуляе вецер. Толькі Аляксандра не вельмі хвалюе такое становішча спраў. Маці ж на зіму перабіраецца да дачкі ў Мінск.
27 ліпеня мінулага года райвыканкам прыняў рашэнне аб выдзяленні Новікавым ва ўласнасць кватэры ў Жлобіне і зносе дома. У дакуменце за подпісам старшыні раённага выканаўчага камітэта Леаніда Апанасюка дакладна акрэслена, як павінна вырашацца гэта пытанне, і вызначаны канкрэтныя адказныя за выкананне кожнага пункта. Справа засталася за малым — атрымаць згоду насельнікаў аварыйнага дома. На вуліцу Лясную, 1 адправілі машыну. Але людзі, што збіраліся дапамагчы з пераездам, пачулі катэгарычнае “не”.
— У прапанаванай кватэры кухня маленькая, адзін пакой “сляпы” — без акна. Ванны няма, балкона. І ўвогуле там усё страшнае, — абураецца Марыя Сяргееўна, мінская дачка Аляксандры Мікалаеўны. — І за такое жыллё плаціць 160 тысяч рублёў у месяц? Не, лепш ужо жыць у хлеўчуку!

Не той варыянт...

“Скажыце, чым мы пагаршаем умовы гэтай сям’і? — у недаўменні кажа Аляксандр Віктаравіч. — Кватэра на вуліцы Чырвонай у нармальным стане, былы гаспадар зрабіў там касметычны рамонт. Дом знаходзіцца ў ціхім раёне, сцены ў ім цагляныя, тоўстыя, таму ў кватэры цёпла. Вада, халодная і гарачая, у памяшканні, дровы нарыхтоўваць не  трэба. А што тычыцца ванны, дык нармальны гаспадар можа абсталяваць яе там ці паставіць душавы паддон, кабінку. Усе жыхары так зрабілі”.
Тым не менш прэтэнзіі “перасяленцаў” не пакінулі без увагі. Быў знойдзены абмен у пасёлку Новыя Лукі. На пераезд пагадзіўся мясцовы ўрач. Сям’ю з маленькім дзіцем задаволіў жлобінскі варыянт. Новікавым жа прапанавалі аднапакаёвую кватэру ў Новых Луках, крыху меншую за двухпакаёўку, затое з ваннай. Зноў адмова... “Канапу, шафу паставіш і давядзецца хадзіць адзін цераз аднаго”, — такі вердыкт Аляксандра.
Начальнік ЖЭУ-6 Ларыса Маёрава, якая паказвала нам з намеснікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімірам Лелякевічам кватэру на вуліцы Чырвонай, таксама не разумее патэнцыяльных гаспадароў:  “Яе можна аформіць ва ўласнасць і прадаць за 20—25 тысяч долараў. У прыгарадзе за гэтыя грошы трохпакаёвую купіш”.
Думка слушная, але хто гэтым будзе займацца? У састарэлай гаспадыні няма сіл. Аляксандр стаіць на пазіцыі: мне нічога не трэба.  Яго былая жонка і сястра Ніна (яны жывуць у пасёлку) ужо махнулі на ўсё рукой. А кватэра тым часам пустуе. Ужо каторы месяц.
Але так не можа працягвацца. Не выключана, што райвыканкам адменіць сваё рашэнне і пераразмяркуе кватэру...
Варта адзначыць, што жлобінская кватэра не першая з прапанаваных сям’і Новікавых. Як сказаў старшыня Лукскага сельсавета Пётр Альхоўскі, некалькі гадоў таму ім давалі двухпакаёвую ў пасёлку. Маці і сын ад жылля адмовіліся. Бо прыбіральня на вуліцы...

Родныя прасторы

— А  ў якую кватэру вы адразу згадзіліся б пайсці? — пацікавілася я ў Аляксандры Мікалаеўны.
— Я думаю, дачушка, што заслужыла нармальнае жыллё. Вайну бачыла, гаравала, больш за сорак гадоў стажу маю, семярых дзетак нарадзіла. Многа ж не просім, каб памыцца можна было, бялізну высушыць і не ся-дзець у цеснаце.
Бабулю, безумоўна, можна зразумець, усім жа хочацца жыць у нармальных умовах. Але размовы “на кухні” нічога не даюць. Пра кватэру сваёй мары трэба гаварыць мясцовым уладам. Інакш кансэнсусу не знайсці.
Хаця ці задаволіць Новікавых гарадское жыллё — яшчэ пытанне. Яны вельмі адданыя сваёй малой радзіме. Сёння ў Красную Горку можна дабрацца хіба на ўсюдыходзе, дык гаспадыня дома гатова бегчы па беразе Дняпра да сваіх пенатаў. А Аляксандр абсталяваў ацалелы пакой, трымае гаспадарку, ловіць рыбу і не збіраецца пераязджаць. Хіба толькі недалёка... Дарэчы, непадалёк ад аварыйнага дома стаіць хата, у ёй трэба падрамантаваць дах, падлогу, уставіць вокны. Можа, гэты варыянт усіх задаволіў бы?
У Аляксандра Сакалова свае аргументы: “Гадоў дваццаць зрубу са шпалаў. Сёння яго практычна трэба будаваць занава. Але сітуацыя змянілася, і па закону ў водаахоўнай зоне будаўніцтва забаронена. Ды і які ў тым сэнс? Гадоў праз дзесяць Днепр можа падысці да гэтага дома, і  раён зноў будзе мець такую ж праблему”.
Закон, затраты вялікія — усё зразумела. Калі б жыхары дома своечасова аформілі страхоўку, то на стыхійным бедстве яны б няблага “зарабілі” і змаглі б палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Але што сплыло, тое сплыло!
Сітуацыя з домам над абрывам у нечым унікальная, а ў нечым звычайная. Канечне, можна сабе ўявіць настрой людзей, у якіх усё жыццё прайшло тут, ля крутога берага. Які ні ёсць, але гэта іх дом, да якога яны прыкіпелі, зрасліся з якім за доўгія гады жыцця. Ужо, здаецца, трэба пакідаць яго, але цяжка зрабіць першы крок. І зразумець гэтых людзей можна. Справа ж не толькі ў тым, што іх не задавальняюць прапанаваныя варыянты, ім псіхалагічна цяжка рашыцца на пераезд. Калі абрушыцца ўвесь дом і не будзе даху над галавой, тады любая кватэра і нават хацінка здадуцца раем. Так што ў гэтай жыццёвай праблемы ёсць і іншы зрэз. Мы прывыклі, што дзяржава павінна ўсё зрабіць, вырашыць па вышэйшым разрадзе, але ж і людзі самі павінны прыкладаць намаганні, а не толькі чакаць ля мора, у дадзеным выпадку ля ракі, пагоды. Залатая рыбка не прыплыве і не выканае ўсе жаданні. У раённых улад вялікія, але ўсё ж абмежаваныя магчымасці, у іх няма вялікага запасу свабодных кватэр, ды і тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, на Жлобіншчыне не менш,
чым у іншых рэгіёнах. І прапановы, якія ідуць ад райвыканкама, гэта тое, што рэальна ёсць. Тым больш падказваецца, як можна далей распарадзіцца гэтым жыллём: прадаць яго, абмя-няць і г.д.
Так, магчыма, ёсць і іншыя варыянты. Але для пошуку іх трэба, каб два бакі аб’ядналі намаганні і чулі адзін аднаго.
Несумненна, у дняпроўскай гісторыі раней ці пазней будзе пастаўлена кропка. Калі я перадала гаспадыні дома і яе дачцэ словы намесніка старшыні райвыканкама “хай напішуць адмову ад кватэры, і мы будзем шукаць іншыя варыянты”, жанчыны сказалі: будзем думаць. Значыць, у іх узнікла жаданне весці дыялог. А калі намецілася ўзаемаразуменне,  то можна знайсці і рашэнне, якое ўсіх задаволіць. Берагі не сыходзяцца, а людзі заўсёды знойдуць агульную мову. Калі яны гэтага сапраўды хочуць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter